• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Звязаная з сям’ёй Лукашэнкі кампанія зарабляе на радыё ў Беларусі

    У Беларусі з’явіцца сваё «Радыё Шансон». Яно плануе пачаць кругласуткавае вяшчанне з верасня гэтага года. Ліцэнзію на вяшчанне сёлета ў сакавіку атрымала прыватная фірма «Музычная частата».

    Кампанія зарэгістраваная ў канцы мая 2023 года і паспела ўжо запусціць дзве радыёстанцыі – «Супер FM» і «Душэўнае радыё». Летась «Музычная частата» зарабіла амаль 200 тысяч рублёў чыстага прыбытку (больш як 60 тысяч еўра).

    Хто ж стаіць за гэтай даволі паспяховай фірмай? 21% кампаніі знаходзіцца ва ўласнасці Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра Упраўлення справамі Лукашэнкі (канцэртная зала «Мінск»). Яшчэ 30% – у дзяржпрадпрыемства «Дом прэсы», якое належыць Міністэрству інфармацыі. І 49% валодае ТАА «Музычная медыякампанія».

    Раней расследавальнікі высветлілі, што пасаду намесніка дырэктара ў медыяхолдынгу «Музычная медыякампанія» займае Таццяна Кулакова. Гэта родная сястра Ганны Лукашэнкі, жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі. Ганна Лукашэнка піша тэксты песень артыстам медыяхолдынга пад псеўданімам Ганна Сялук. На яе рахунку ўжо 115 песень, у тым ліку гімн пракуратуры, кампазіцыі пра Мінскі маторны завод і Палац рэспублікі, а таксама бессмяротныя хіты, прысвечаныя свёкру: «Ах, Аляксандр» і «Цаніце сапраўднага мужчыну».

    «Музычная медыякампанія» належыць Палацу рэспублікі Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі (30%) і прыватнай кампаніі «АНСЛ прадакшн» (70%). Апошняя запісаная на Андрэя Урублеўскага (95%) – аднаго з падначаленых Дзмітрыя Лукашэнкі. Імаверна, Урублеўскі выконвае ў «АНСЛ прадакшн» функцыю намінальнага ўладальніка, каб схаваць удзел у кампаніі жонкі свайго патрона. Абрэвіятура АНСЛ вельмі нагадвае ініцыялы жонкі сярэдняга сына Лукашэнкі – АНна (па-руску) Сяргееўна Лукашэнка.

    Дарэчы, нядаўна Ганна Сялук (Ганна Лукашэнка) стала лаўрэатам расійскай прэміі «Шансон года – 2024». Заснавальнікам музычнай прэміі выступае расійская «Радыёстанцыя Шансон», якую ў 2015 годзе выкупіў расійскі алігарх і сябар Лукашэнкі Міхаіл «Міша» Гуцарыеў.

    Яшчэ адзін новы ўладальнік «АНСЛ прадакшн» — Дзмітрый Петрашко (5%). Поўны ягоны цёзка кіраваў фірмай «Еўрапластпраект», якая займалася вытворчасцю, продажам і ўстаноўкай вокнаў ПВХ.

    У 2022 годзе «АНСЛ прадакшн», мяркуючы па бухгалтарскай справаздачнасці, практычна не вяла ніякай дзейнасці – у яе не было выручкі. Існавала арганізацыя за кошт крэдыту ў памеры 40 тысяч рублёў і скончыла фінансавы год са стратамі ў 13 тысяч рублёў.

    Падобная сітуацыя склалася і ў 2023 годзе. Кампанія спрацавала з выручкай у 2 тысячы рублёў і стратамі ў 67 тысяч рублёў. Расходы кампаніі пакрываліся за кошт крэдыту ў 105 тысяч рублёў. Пры гэтым на балансе «АНСЛ прадакшн» пад канец фінансавага года аказалася больш за паўтара мільёна рублёў. Гэтая сума пазначаная бухгалтэрыяй як «даходы будучых перыядаў».

    «Музычная медыякампанія» – яшчэ больш прыбытковае прадпрыемства. У 2023 годзе выручка фірмы склала 6,5 мільёна рублёў, або крыху больш за 2 мільёна еўра, – гэта ў 33,5 разу больш, чым у 2022 годзе. Чысты прыбытак кампаніі ў 2023 годзе дасягнуў амаль 1,5 мільёна рублёў, або 450 тысяч еўра, супраць 100 тысяч рублёў прыбытку (больш як 36 тысяч еўра) за 2022 год.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці