«Зрабіць з яго баевіка не атрымаецца»: хто такі журналіст Дзяніс Івашын, якога КДБ затрымаў у Горадні
Увечары 12 сакавіка супрацоўнікі КДБ у Горадні затрымалі журналіста і валанцёра міжнароднай супольнасці «InformNapalm» Дзяніса Івашына. Падставаю для затрымання стала падазрэнне ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных справаў (арт. 365 КК). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўлення волі тэрмінам да 3 гадоў. Да позняй ночы ў кватэры журналіста сілавікі праводзілі ператрус. Таксама ў той вечар абшукалі жыллё Дзянісавай маці, а 15 сакавіка прыйшлі з ператрусам да ягонай 95-гадовай бабулі. Супрацоўнікі КДБ вымалі ўсё, што звязвае Дзяніса з Украінай. Журналіст застаецца за кратамі, піша «Белсат».
Дзяніс і Вольга Івашыны. Фота з сямейнага архіву
Напярэдадні Дзяніс зрабіў і апублікаваў на старонках выдання «Новы час» вялікае расследаванне аб былых супрацоўніках расфармаванага ва Украіне спецпадраздзялення «Беркут», якія пасля ўцёкаў з Украіны перайшлі на службу рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Перад затрыманнем, 11 сакавіка, ён даваў інтэрвʼю ў эфіры тэлеканалу «Настоящее время» пра трэцюю частку гэтага расследавання.
Заклікі спыніць палітычны пераслед Дзяніса Івашына ды іншых беларускіх журналістаў выказалі дыпламаты розных краін. Таксама да публічных заяваў з патрабаваннем вызваліць і спыніць палітычны пераслед журналіста і валанцёра «InformNapalm» Дзяніса Івашына далучыліся медыі з Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы ды іншых краінаў.
Хто такі Дзяніс Івашын
Дзянісу Івашыну 41 год, жыве ў Горадні, жанаты. Грамадзянін Беларусі са статусам замежнага ўкраінца. У 2014 годзе ён быў актыўным удзельнікам Памаранчавай рэвалюцыі ў Кіеве, а затым далучыўся да міжнароднай валанцёрскай супольнасці «InformNapalm» як OSINT-даследнік і перакладчык. Стаў галоўным рэдактарам беларускамоўнай версіі рэсурсу. З 2018 года — пазаштатны карэспандэнт газеты «Новы час». Дзяніс актыўна праводзіў уласныя расследаванні: напрыклад, пра ўплыў «руского мира» на Беларусь і Сірыю, пра скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.
Вольга Івашына: Мы настроеныя змагацца да перамогі — ягонага вызвалення
«Мы пазнаёміліся з Дзянісам у канцы 2014 года. Мяне неяк затрымалі за распаўсюд улётак супраць акупацыі Украіны. Дзяніс пра гэта прачытаў у СМІ і зацікавіўся, што гэта за дзяўчына, бо ў нас супалі светапогляды. Захацеў пазнаёміцца, знайшоў мяне праз «Фэйсбук», — распавядае «Белсату» гісторыю знаёмства жонка журналіста Вольга Івашына.
Дзяніс прысутнічаў на судзе супраць Вольгі, збіраў інфармацыю пра суддзю. Пасля гэтага яны яшчэ некалькі разоў сустракаліся на курсах «Мова нанова», а праз некаторы час завязаліся стасункі. Пара сустракалася 5 гадоў, увесь гэты час Дзяніс і Вольга разам удзельнічалі ў розных акцыях, напрыклад, святкавалі БНР-100, былі на пахаванні Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў у Вільні.
«У 2018 годзе мы паехалі разам у Вільню на сустрэчу з Папам Рымскім. Дзяніс павёў мяне на гару Трох Крыжоў, распавёў гісторыю гэтай гары і там зрабіў прапанову. У 2019 годзе мы пабраліся шлюбам», — узгадвае Вольга.
З ейных словаў, Дзяніс упарты, ён заўсёды мае сваю пазіцыю, з якой яго не зрушыш, калі толькі ён сам не захоча.
Дзяніс і Вольга Івашыны на пахаванні паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні. Фота з сямейнага архіву
«Я не ведаю больш спакойнага і ўпэўненага ў сабе чалавека, які ведае, што ёсць дабро ў гэтым свеце, і змагаецца за гэтае дабро ўсімі дасяжнымі сродкамі», — адзначае гарадзенка.
Дзяніс раней пісаў пра Расею, Крым, Данбас. Але пагроза затрымання паўстала тады, калі ён закрануў тэму ахоўнікаў улады Лукашэнкі. Вольга кажа, што яны ўсе разумелі: рана ці позна гэта можа адбыцца.
«Гэта першы наўпроставы кантакт КДБ з Дзянісам. Мы здагадваемся, што збор інфармацыі па суседзях у верасні таксама рабілі яны, хоць называліся Следчым камітэтам. Дарэчы, пакуначкі, у якія яны запакоўвалі рэчы, мелі надпіс акурат «Следчы камітэт». Трывога і страх за яго застаецца. Тое, што ён за кратамі, не паказчык таго, што ён хаця б ва ўмоўнай бяспецы. Ад самага пачатку, як ён пачаў пісаць сур’ёзныя артыкулы, на яго пачалі пісаць пасквілі, адбываліся дзіўныя правакацыі. Увесь час за яго хвалюешся. Але я разумею, што ён свядома выбраў гэты шлях – рабіць што трэба, і няхай будзе што будзе. Я пагаджаюся з гэтым выбарам», — распавядае дзяўчына.
Пакуль ёй ад Дзяніса прыйшоў толькі адзін ліст. Вельмі асабісты, цёплы і кранальны. Піша, што вельмі сумуе, просіць усіх пра малітву за яго і як мага больш актуальнай інфармацыі звонкі, бо за кратамі яму ствараюць інфармацыйны вакуум. Сам ён атрымаў усяго 12 лістоў з волі, некалькі з якіх — ад родных. Цяпер яшчэ перасталі прапускаць літаратуру (уключна з газетамі), паралельна выкінулі амаль усе цікавыя выданні з падпіскі. Дзянісу не прыносяць нават тых газетаў і часопісаў, на якія яго падпісалі («Новы час», «Наша слова» ды іншыя).
«Калі пабачыла ліст, вельмі абрадавалася. Гэта хоць штосьці, напісанае яго рукой, тое, у што ён уклаў душу. Мае лісты да яго не даходзяць. Пэўна, гэта робіцца для таго, каб псіхалагічна ўздзейнічаць на яго хаця б такім чынам. Але ён упэўнены ў сабе, і ведае, што за ім праўда. Таму што б ні рабілі, гэта ўсё бессэнсоўна і марна», — перакананая Вольга.
Дзяніс спачатку сядзеў у камеры-адзіночцы, цяпер ягоная «хата» амаль запоўненая. Суседства крымінальнае — «палітычных» да яго не падсаджваюць. За кратамі размаўляе з усімі на беларускай мове.
Мама Дзяніса Людміла моцна знерваваная, падтрымлівае сябе лекамі, але больш-менш трымаецца. Вольга кажа, у іх ёсць разуменне: што б ты ні адчуваў, ты цяпер не можаш ні на што паўплываць. Таму спрабуеш рабіць, што магчыма ў такіх умовах.
«Тое, што яго вырвалі з нашага жыцця, напэўна, самае цяпер складанае. Але мы былі гатовыя да такога развіцця падзей, таму будзем трываць далей. Мы настроеныя змагацца да перамогі — таго моманту, калі яго вызваляць», — кажа Вольга.
Яна і мама Дзяніса адчуваюць моцнае падтрыманне з розных куткоў свету: з Польшчы, Літвы, Вялікай Брытаніі, Ізраілю, Украіны — і шчыра дзякуюць за гэта.
Жанна Кромер: Дзяніс — гэта чалавек, які не з’едзе з краіны
«Мы разам вучыліся ў школе № 15 Горадні з паглыбленым вывучэннем нямецкай мовы. У старэйшых класах селі разам на заднюю парту», — пачынае свой аповед пра Дзяніса ягоная былая аднакласніца і сяброўка, а цяпер — незалежная журналістка Жанна Кромер.
Паводле яе, у пэўным узросце хлопцы і дзяўчаты трымаюцца паасобку, каб іхныя стасункі не палічылі рамантычнымі.
«У падлеткаў гэта не камільфо, сябраваць хлопцу з дзяўчынай, яны ж не хлопцы. Але мы сапраўды проста шчыра сябравалі. Нам было цікава разам. Мы абмяркоўвалі музыку, перапісвалі касеты адзін аднаму, размаўлялі пра фільмы. Адным словам — былі на адной хвалі. Яму было фіялетава, што яго падколвалі хлопцы. І мне таксама. Як высветлілася праз пэўны час, мы абодва пачалі размаўляць па-беларуску і сталі незалежнымі журналістамі», — кажа Жанна.
Жанна Кромер на акцыі салідарнасці з Дзянісам Івашыным у Берліне. Фота: з архіву Жанны Кромер
Яна згадвае, што Дзяніс заўсёды быў вельмі разумным хлопцам. У іх была гульня: час ад часу Жанна прыносіла атлас і «ганяла» Дзяніса па краінах, а ён мог назваць сталіцу любой самай маленькай дзяржавы і ні разу не памыліцца.
«Не памятаю, каб Дзяніс з кімсьці сварыўся і канфліктаваў. Ён заўсёды быў досыць спакойным, і пры гэтым ведаў сабе цану, заўсёды меў сваю думку, якую ўмеў абгрунтаваць. Дзяніс заўсёды быў ідэалістам. Ад яго можна было пачуць рэчы з патэтыкай, пры гэтым адчувалася, што ён шчыра верыць у тое, што кажа. Гэта чалавек, які не з’едзе з краіны і будзе рабіць нешта дзеля сваіх ідэалаў», — адзначае Жанна.
Цяпер Жанна жыве ў Берліне, дзе разам з сябрамі зладзіла акцыю салідарнасці з Дзянісам каля беларускай амбасады.
Акцыя салідарнасці з Дзянісам Івашыным у Берліне. Фота: Жанна Кромер
Калегі па «InformNapalm»: Дзяніс выконвае свой журналісцкі доўг
Пасля затрымання Дзяніса гучалі версіі пра тое, што ўлады будуць шукаць украінскі след у ягонай справе.
«Арышт Дзяніса — першы ў нашай практыцы выпадак падобнага пераследу нашых журналістаў і валанцёраў», — кажа ў размове з «Белсатам» заснавальнік, галоўны рэдактар сайту informnapalm.org і валанцёр супольнасці «InformNapalm», ваенны журналіст Раман Бурко.
Ён распавядае, што ў камандзе «InformNapalm» шмат хлопцаў з Крыму і Данбасу, якія выехалі, каб не трапіць пад рэпрэсіі расейцаў. З 2014 года ўгаворвалі і Дзяніса выехаць з Беларусі, бо яго журналісцкія расследаванні могуць стаць для ўладаў раздражняльным фактарам, які можа пацягнуць пераслед. Але Дзяніс не хацеў з’язджаць і кідаць свой дом.
«Думаю, што пасля масавых пратэстаў за апошнія паўгода рэжым Лукашэнкі стаў яшчэ больш агрэсіўна ставіцца да любых праяваў вальнадумства. Не думаю, што нейкім прарасейскім палітычным сілам ва Украіне зараз ёсць справа да былых супрацоўнікаў «Беркута», уцекачоў у Беларусь. Таму тут хутчэй асабістая помста АМАПу за расследаванне аб іх супрацоўніках», — каментуе Раман Бурко.
Яшчэ адзін калега Івашына з «InformNapalm» Антон адзначае, што Дзяніс часта пісаў пра Данбас, пра беларускіх баевікоў, якія ваявалі там і пасля Данбасу шукалі сябе ў Беларусі. Таксама Дзяніс пісаў пра расейскі інфармацыйны ўплыў на Беларусь, па сутнасці, расейцы выкарыстоўваюць тыя ж патэрны, як і ва Украіне.
«Агулам пра расейскую вайсковую ды інфармацыйную актыўнасць у беларускім кірунку ён пісаў дастаткова шмат, тым самым ён займае актыўную журналісцкую і грамадзянскую пазіцыю. На нашым сайце ягоныя артыкулы перакладаюцца на замежныя мовы, ён актыўна камунікуе з замежнымі журналістамі і вядомы як мінімум ва Усходняй Еўропе. Таму, мне падаецца, пераследаваць вядомага журналіста і актывіста за яго прафесійную дзейнасць як мінімум недальнабачна», — перакананы Антон.
Як падтрымаць Дзяніса і ягоную сям’ю
Каб падтрымаць Дзяніса Івашына, можна пісаць яму лісты (лепш заказныя з апавяшчэннем), а таксама зрабіць грашовы пералік у турму, каб ён мог набыць сабе неабходныя рэчы.
Вольга Івашына каля турмы ў Горадні. Фота: Белсат
Рэквізіты для грашовага пераліку:
Турма‑1, Горадня
УНП: 590003691
BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY81BAPB36429050005540000000
Адрас для лістоў: Кірава 1, 230023 Гродна, Турма № 1 Дзянісу Яўгенавічу Івашыну
Хто хоча фінансава падтрымаць сямʼю Дзяніса Івашына, можна адправіць пералік на банкаўскую карту:
БПС-СБЕРБАНК: 5435 5311 6677 1004
LIUDMILA IVASHINA-DOBINA
СП belsat.eu