Зоя Хруцкая: Не хочам, каб былі праблемы ў іншых ініцыятыў
Былыя супрацоўнікі “Рэгіянальнай газеты” 1 чэрвеня абвясцілі пра адкрыццё новага медыя пра рэгіёны Koska.
І праз назву адразу трапілі ў цэнтр дыскусій: журналістам нагадалі пра айчыннае выдавецтва дзіцячых кніг “Коска”, што існуе ўжо чатыры гады, і запыталі, ці не з’яўляецца такое супадзенне плагіятам.
Кіраўніца новага праекта Зоя Хруцкая распавяла БАЖ, што пры выбары назвы былыя супрацоўнікі “Рэгіянальнай» адштурхоўваліся ад папулярнасці выказвання пра «перагарнуць старонку».
— Сэнс нашай назвы быў у тым, што старонка не будзе перагорнутая і кропка не будзе пастаўленая. Абвінавачванні ў плагіяце недарэчныя, асабліва датычна лагатыпу, — сказала Хруцкая.
Тэстуючы слова, мы, вядома, бачылі выдавецтва. Але палічылі, што выдавецтва і медыя не будуць блытаць адно з адным.
— Гэта была ўдалая назва, якая стала для мяне роднай. Але мы вырашылі, што бяспека аднадумцаў у Беларусі важней. Мы не хочам, каб праз нашу дзейнасць былі праблемы ў любых ініцыятыў, якія дачынення да нас не маюць ніякага, — дадала кіраўніца праекта.
У выдавецтве “KOSKA» ад публічных каментароў адмовіліся. Аднак Зоя Хруцкая паведаміла, што інцэдент вырашаны.
Мы звярнуліся да выдавецтва і патлумачылі абставіны. Мы дамовіліся і атрымалі адказ, што канфлікт вычарпаны.
Новую назву для медыя плануюць абраць у бліжэйшы час. Дарэчы, прапанаваць свой варыянт можта ТУТ.
— Ужо атрымалі некалькі дзясяткаў прапаноў, рашэнне прымем на наступным тыдні. Мы вельмі ўдзячныя за меркаванні і падтрымку. Спадзяёмся, што нам і надалей будуць дапамагаць ствараць медыя пра рэгіёны Беларусі нашыя цудоўныя аднадумцы, — сказала суразмоўца.
Як распавёў БАЖ адзін з беларускіх юрыстаў на ўмовах ананімнасці, разглядаць канфлікт у рамках беларускага аўтарскага права можна было б, калі абедзве арганізацыі з’яўляліся суб’ектамі ў беларускім юрыдычным полі. Але відавочна, што гэта не так.
— Пры гэтым, пры рэгістрацыі юрыдычных асобаў, канешне ж робяцца захады, каб не было супадзенняў. Нават калі ў суб’ектаў розныя сферы дзейнасці, — паведаміў спецыяліст.
Адметна, што новае, цяпер пакуль безыменнае, медыя пра беларускія рэгіёны планавалі запусціць у лютым. Але ў дзень, калі патрэбна было “націснуць апошнія кнопкі”, пачалася вайна.
Выдавецтва “KOSKA» існуе ў Беларусі з 2018 года. Гэта “маленькае незалежнае выдавецтва, якое выдае шведскія кнігі для дзяцей па-беларуску”. Яно вядома выданнямі пра Пэтсана і Фіндуса, Маму Му ды іншымі кніжкамі і размалёўкамі. У мінулым годзе “KOSKA» да 110-годдзя беларускага пісьменніка Васіля Віткі выдала зборнік яго вершаў “Плыў па моры чамадан».
Koska.media ў першы ж дзень трапіла ў непрыемную сітуацыю і прапануе чытачам прыдумаць новую назву рэсурсу