• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Беларусацэнтрычных праектаў катастрафічна мала». Зоя Хруцкая расказала пра «Гістфак»

    У палку новых відэапраектаў прыбыло: на ютубе пачаў выходзіць гістарычны падкаст на беларускай мове «Гістфак». Падкаст з’яўляецца адным з прадуктаў PALATNO Media, а вядучыя ў ім — Дар’я Палынская і Алесь Кіркевіч. БАЖ пагутарыў пра праект з менеджаркай PALATNO Зояй Хруцкай.

    Зоя Хруцкая. Фота: з асабістага архіва

    «Нібыта  студэнты збіраюцца ў нязмушанай абстаноўцы і абмяркоўваюць займальныя рэчы»

    Першы выпуск новага праекта прысвечаны скарбам: а хто з нас хоць бы раз у жыцці не марыў знайсці скарб? Ці хаця б паслухаць, як гэта ўдавалася іншым.

    — Летась мы выпускалі «Гістфак» у выглядзе аўдыёпадкаста, даступнага на ўсіх нашых платформах. Усяго выйшла 23 выпускі. Па таймінгу і тэмах аўдыё- і відэаверсіі вельмі падобныя. Сёлета мы змаглі запусціць «Гістфак» у відэа, у якім тыя ж самыя вядучыя — Даша Палынская і Алесь Кіркевіч — расказваюць розныя цікавосткі на гістарычныя тэмы, асабліва факусіруючыся на беларускіх рэгіёнах. Вядоўцы акцэнтуюць увагу на дэталях, успамінах, дакументах, даследаваннях і робяць гісторыю Беларусі больш блізкай і зразумелай.

    — Ужо існуе досыць многа гістарычных падкастаў (можна згадаць «Трызуб і Пагоня» Кацярыны Ваданосавай ці ютуб-канал Алеся Краўцэвіча). Чым «Гістфак» будзе адрознівацца ад іншых гістарычных праектаў?

    — Насамрэч беларускамоўных, беларусацэнтрычных праектаў вельмі мала, іх трэба нашмат больш, каб яны ахоплівалі як мага большую аўдыторыю. Проста зараз прыгадаю недзе з дзясятак беларускіх гістарычных рэсурсаў, але, упэўнена, гэтага недастаткова. А ва ўмовах цяперашняй Беларусі катастрафічны недахоп. 

    Мова нашых падкастаў зусім не акадэмічная: гэта нібы двое студэнтаў пабылі на парах і дзеляцца паміж сабой цікавосткамі і атрыманымі ведамі. Я ўяўляю і нашых гледачоў у ролі студэнцкай кагорты. Таму праект называецца «Гістфак», бо нібыта  студэнты збіраюцца ў нязмушанай абстаноўцы і абмяркоўваюць цікавыя, займальныя гістарычныя рэчы.

    З Дашы і Алеся атрымаўся выдатны тандэм вядоўцаў, яны дапаўняюць адзін другога, класна рэагуюць, жартуюць і ствараюць нязмушаную атмасферу.

    Мне, раней слухаючы аўдыёпадкаст, а цяпер гледзячы відэа, пастаянна хочацца да іх далучыцца і ўставіць свае пяць капеек, напрыклад, падзяліцца сямейнай гісторыяй пра скарбы. Я хацела, каб глядачкі і глядачы адчувалі сябе ўдзельнікамі размовы, прыгадвалі, што самі ведаюць па тэму эпізода, якія гісторыі пра гэта ім расказвалі ў сям’і.

    «Нашы вядучыя маюць гістарычную адукацыю»

    — Значыць, «Гістфак» разлічаны на недасведчаную аўдыторыю?

    — Не зусім, знаўцы гісторыі таксама змогуць многае для сябе знайсці. Нашы вядучыя маюць гістарычную адукацыю, выдатна працуюць з крыніцамі і вельмі дасведчаныя ў стварэнні кантэнту на гістарычную тэматыку. Пры падрыхтоўцы эпізодаў шукаюць успаміны, выкарыстоўваюць не самыя вядомыя публікацыі.

    Хутчэй, нашы выпускі для тых, хто цікавіцца тэмай. Вядоўцы падаюць кожны эпізод так, што ён захоплівае кожнага і кожную, хто ў прынцыпе цікавіцца гісторыяй Беларусі.

    Вядучыя праекта Дар’я Палынская і Алесь Кіркевіч. Скрыншот відэа

    — Скарбы — тэма першага выпуску відэападкаста — безумоўна папулярная. Ці зацікавіў першы выпуск аўдыторыю?

    — Мы толькі-толькі пачынаем, у нас не было нейкіх звышчаканняў наконт аўдыторыі на старце.

    Спадзяемся, што цягам усяго сезона — а гэта 12 выпускаў — мы здолеем прыцягнуць аўдыторыю, якую запланавалі і якая так доўга чакала менавіта наш «Гістфак».

    Відэа мы выкладаем на ютуб-канале, таму вельмі просім пра падтрымку глядачоў і глядачак, калег і каляжанак, усіх, каму тэма гісторыі Беларусі важная і хто разумее, чаму неабходна, каб такія праграмы даляталі да як мага шырэйшага кола беларусаў і беларусак. Вашы каментары, падабайкі, расшары і словы падтрымкі ў асабістыя паведамленні надзвычай важныя для нас.

    Безумоўна, мы таксама распаўсюджваемся праз Tik-Tok і Insta­gram, дзе змяшчаем кавалачкі эпізодаў з каштоўнымі ведамі, якія даюць нашы вядучыя. Кожнае такое відэа, яго ўрывачкі, якія робім мы і нашы калегі ў іншых гістарычных беларусацэнтрычных праектах — унёсак у захаванне Беларусі, пераацаніць які немагчыма.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці