У Віцебскім абласным судзе зноў будзе разбіральніцтва па справе Вячаслава Лазарава і Таццяны Пыцько
У Віцебскім абласным судзе на 4 чэрвеня прызначанае слуханне, датычнае справы палітзняволенага відэааператара Вячаслава Лазарава і ягонай былой жонкі Таццяны Пыцько. Будуць разглядаць «іншыя пытанні, звязаныя з выкананнем прысуду, вызначэнні, пастановы ў выкананне». Пасяджэнне пройдзе ў закрытым рэжыме.
Разгляд будзе весці суддзя Яўген Буруноў — той самы, што 25 верасня 2023 года асудзіў сямейную пару за супрацу з тэлеканалам «Белсат», абвінаваціўшы ў садзеянні «экстрэмізму».
Вынесены суддзём Буруновым вердыкт быў абскарджаны ў Вярхоўным судзе. Вынікам разгляду апеляцыйнай скаргі стала змякчэнне прысуду. Першапачаткова Яўген Буруноў прыгаварыў Вячаслава Лазарава да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым паводле частак 2 і 1 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Суддзя Вярхоўнага суда Юрый Руткоўскі перакваліфікаваў абвінавачанне журналісту на частку 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). І прызначыў іншае пакаранне — 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Зараз Вячаслава Лазарава ўтрымліваюць у Магілёўскай калоніі № 15.
Што да Таццяны Пыцько, то Вярхоўны суд пастанавіў пакараць палітзняволеную тымі ж трыма гадамі пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Але з адтэрміноўкай выканання пакарання да таго часу, пакуль яе малодшай, агульнай з Вячаславам, дачцэ не споўніцца тры гады. Па выніках разгляду апеляцыйнай скаргі Таццяну Пыцько вызвалілі з‑пад варты.
Менавіта яе, на думку праваабаронцы Паўла Левінава, найхутчэй будзе тычыцца вяртанне да агульнай крымінальнай справы:
«Каб нешта тычылася Вячаслава Лазарава, то суд праходзіў бы там, дзе ён адбывае прысуд. Таму застаецца верагоднасць, што разбіральніцтва будзе прысвечанае лёсу Таццяны Пыцько, і ёй могуць змяніць меру стрымання. Да прыкладу, з яе могуць зняць абвінавачанні альбо вызваліць ад крымінільнай адказнасці. Ці наадварот — скасаваць адтэрміноўку выканання прысуду і накіраваць яе ў месцы пазбаўлення волі. Пэўную ролю можа адыграць і тое, што ў красавіку жанчыну судзілі па адміністрацыйным артыкуле за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Сёлета 9 красавіка суд Віцебскага раёна аштрафаў Таццяну Пыцько на 1000 рублёў. Суддзя Міхаіл Зубеня прызнаў яе вінаватай паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП. На старонцы жанчыны ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў Віцебскага раёна знайшлі інфармацыйную прадукцыю і лагатып двух інтэрнэт-рэсурсаў, унесеных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.