Знявагі і мова варожасці: Telegram-канал, блізкі да сілавікоў, цкуе журналіста Змітра Лупача
Днямі на Telegram-канале «Вишневая сгущенка» працытавалі артыкул з сайта baj.media «Глыбоцкія следчыя праз мясцовую газету паведамілі пра крымінальную справу на журналіста Змітра Лупача».
Ананімныя прапагандысты звярнулі ўвагу на фотаздымак да артыкула, адкаментаваўшы: «В руках у лупача камера Nikon D5300 Kit AF‑S DX NIKKOR 18–55mm. Но скоро он попадет в камеру ИВС Глубокского РОВД».
Выглядае, што прозвішча незалежнага журналіста знарок напісанае з малой літары. І гэты выпад — бадай што самае бяскрыўднае, што дазваляюць сабе аўтары канала на адрас Змітра Лупача.
Замацаванае ўверсе паведамленне, якое адразу трапляе пад увагу чытачоў, поўнае абразаў і мовы варожасці, пачынаючы з самага першага сказа:
«Беглый недокорреспондент экстремистской помойки ЛУПАЧ продолжает подставлять бывших соотечественников».
І ўвогуле добрая траціна ўсіх паведамленняў на Telegram-канале «Вишневая сгущенка» — гэта здзеклівыя паведамленні пра журналісцкую працу Змітра Лупача і абразлівыя закіды наконт яго прыватнага жыцця. А таксама згадкі ў негатыўным ключы пра ягоных калег і глыбоцкіх актывістаў, у прыватнасці, тых, хто быў вымушаны з’ехаць з Беларусі пад палітычным ціскам.
Вельмі часта стваральнікі кантэнту бралі фрагменты з сатырычных праграм журналіста і дадавалі свае каментары, у тым ліку з наўпростымі знявагамі і кпінамі з яго прафесійнай дзейнасці. Сцвярджалі, што Зміцер Лупач падтрымлівае нацызм і фашызм, папракалі кепскім выхаваннем дачкі Святланы, асуджанай за ўдзел у пратэстах 2020 года. І нават зрабілі відэаролік з «пахаваннем» журналіста.
Сам Зміцер ставіцца да высілкаў папсаваць яму настрой і жыццё з гумарам, і надзвычайную ўвагу да свае персоны лічыць добрай адзнакай сваёй працы.
Паводле ягоных назіранняў, Telegram-канал «Вишневая сгущенка» быў створаны яшчэ ў 2020 годзе, але пад назвай «Глыбоцкі змагар». Якраз неўзабаве пасля перайменавання ў 2023 годзе аўтары і пачалі праяўляць падвышаную цікаўнасць непасрэдна да Зміцера Лупача.
Ад пачатку 2024 года відэаролікі з «удзелам» журналіста з’яўляліся некалькі разоў на тыдзень. У апошнія месяцы «Вишневая сгущенка» ператварылася ў тыповы Telegram-канал, блізкі да сілавікоў, — такія цяпер дзейнічаюць практычна ў кожным рэгіёне. І паведамленні, якія там з’яўляюцца, таксама тыповыя: прагнозы надвор’я і здзекі з замежных палітыкаў, ухваленне працы беларускай міліцыі і крытыка палітычных уцекачоў.