Змітра Лупача выпісалі з рэанімацыі. У панядзелак яго зноў садзяць “на суткі”
Змітра Лупача выпісалі з рэанімацыйнага аддзялення Глыбоцкай раённай бальніцы. Ён трапіў туды пасля судовага працэсу, які адбыўся над ім 11 мая. У журналіста дыягнаставалі хваробу сэрца, тым не менш яго ў панядзелак адправяць адбываць арышт.
Паводле Змітра, у рэанімацыі лекары назіралі за станам яго здароўя, каб не здарыўся інфаркт. За гэты час зрабілі абследаванне і выявілі захворванне сэрца.
У адрозненне ад умоў у ізалятары часовага ўтрымання, дзе не было магчымасці нармальна высыпацца, у лякарні наадварот давялося толькі ляжаць, — кажа журналіст.
У медустанове супрацоўнікі міліцыі Змітра Лупача не ахоўвалі, толькі суправаджалі машыну хуткай дапамогі 11 траўня і былі з ім у прыёмным пакоі. Пасля выпіскі з лякарні журналіст свабодна з жонкай дайшоў дадому. А потым прыехаў маёр міліцыі Сяргей Цырбан і ўручыў судовую пастанову.
У дакуменце паведамляецца, што суд улічыў заяву, якую Лупач напісаў перад ад’ездам у лякарню з будынка суда, калі адчуў сябе дрэнна пасля судовага слухання. Зміцер прасіў у сувязі з пагаршэннем стану здароўя адтэрмінаваць выкананне пакарання.
Яму зрабілі адтэрміноўку, журналіст напісаў міліцыянтам распіску, што сам з’явіцца ў пастарунак у панядзелак 18 мая і адбудзе прызначанае яму пакаранне — 10 сутак арышту.
Открыт сбор средств для арестованных журналистов. Присоединяйтесь!
“Медыкі параілі знайсці спакайнейшую працу. Але, дзе яе ў Глыбокім знойдзеш, хіба што вартаўніком, і тое, невядома, ці спакойная гэта праца”, — сумна жартуе Зміцер.
Нагадаем, 11 мая суддзя Глыбоцкага раённага суда Дзмітрый Тарасевіч прызнаў Змітра Лупача вінаватым у парушэнні двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэкса. За сюжэт на тэлеканале “Белсат” пра дрэнны рамонт Глыбоцкага фізкультурна-аздараўленчага комплекса суддзя вынес штраф у памеры 45 базавых велічынь паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). А за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім журналіста абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пакаралі арыштам на 10 сутак.
У блогера Аляксандра Кабанава выяўлены COVID-19, яго калега Сяргей Пятрухін з ізалятара таксама трапіў у бальніцу
Журналісты Швецыі і Нарвегіі выказваюць салідарнасць з затрыманымі ў Беларусі калегамі