Змітра Лупача пакаралі штрафам за сюжэт пра карупцыйную справу былога старшыні Браслаўскага райвыканкама
4 верасня ў Браславе адбыўся суд над незалежным журналістам з Глыбокага Змітром Лупачам. Суддзя Браслаўскага райсуда Аляксандр Вязіцкі пакараў яго штрафам у памеры 36 базавых велічыняў. Журналіста зноў прыцягнулі да адказнасці па артыкуле 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
Гэтым разам Змітра ў суд запрасілі тэлефонным званком. Калі журналіст папрасіў, каб даслалі позву, яму адказалі, што дастаткова тэлефоннага званка, то бок ён апавешчаны належным чынам.
На судовае слуханне выклікалі яшчэ і сведкаў — жыхароў Браслава, якія сталі героямі апытанкі сюжэта незалежнага тэлеканала “Белсат”. 5 ліпеня на сайце beIsat.eu быў размешчаны матэрыял пад назвай “Настаўніцу садзяць за кветку, а карупцыянеры Лукашэнкі — на свабодзе”. Сюжэт датычыўся карупцыйнай справы былога старшыні Браслаўскага райвыканкама Уладзіміра Дранеўскага і яго жонкі. У ім браслаўчане выказвалі сваё меркаванне наконт гэтай справы.
Як выказаліся пасля судовага працэсу сведкі, яны нават і падумаць не маглі, што з‑за таго, што яны выступілі ў якасці рэспандэнтаў і выказалі сваё меркаванне, іх пацягнуць у суд. Па іх словах, яны зразумелі, што ніякай свабоды слова ў Беларусі няма. Але погляды іх падзяліліся, адныя сказалі, што зараз “закрыюць рот на замок”, а іншыя будуць і надалей старацца выказваць сваё меркаванне, бо іх такім чынам не запужалі.
У суд падтрымаць Змітра прыехалі яго калегі з Глыбокага і мясцовыя жыхары.
Як кажа адміністратар сайта braslaw.by Галляш Сялява, “такой рэзананснай, можна сказаць палітычнай, справы ў Браславе яшчэ не было”:
— Суд быў падобны на нейкі спектакль, быццам бы ўжо загадзя было зразумела, што журналіста аштрафуюць. Хаця даказаць, што ён вырабляў гэты ролік, было праблематычна. Вельмі сумна, што з кожным годам сітуацыя са свабодай слова ў Беларусі выглядае больш трагічна. Увогуле такія судовыя справы — гэта ганьба.
Паводле Змітра Лупача, былы кіраўнік Браслава Уладзімір Дранеўскі, які ўзгадваецца ў сюжэце, абвінавачваецца ў карупцыі. Яму інкрымінуецца хабар у 28 тысяч еўра. Журналіст нават хацеў зрабіць для суда майку з надпісам на гэтую тэму, але не хапіла часу.
— І вось чамусьці караюць не карупцыянераў, а журналістаў, якія пра гэта распавядаюць. Нават калі мяне зноў аштрафуюць дзесяць разоў, гэтыя штрафы не перакрыюць тыя страты, якія нанёс Дранеўскі, — гаворыць Лупач.
Па словах Галляша Сялявы, Браслаў ужо два месяцы без старшыні райвыканкама, але ў горадзе ўсё спакойна і ціха. Ніякай афіцыйнай інфармацыі па справе Дранеўскага пакуль не было, раённая газета ўвогуле пра гэта нічога не напісала. Ніхто не ведае, што будзе далей.
Як кажа Зміцер Лупач, у яго няма спадзяванняў на тое, што ў бліжэйшы час пераслед журналістаў-фрылансераў спыніцца:
— Зразумела, што адміністрацыйныя справы супраць журналістаў распачынаюцца не па ініцыятыве самой міліцыі. Вядома, якія органы даюць ім такія ўказанні. Мне нават было цікава чытаць у справе, што маёр міліцыі Вадзім Балтуноў, маніторачы сетку інтэрнэт, знайшоў на сайце beIsat.eu публікацыю. Няўжо нашай міліцыі няма чым заняцца і ў іх няма больш важных справаў, чым сядзець і маніторыць інтэрнэт? Думаю, што паступіла замова, а міліцыя і суды — гэта проста выканаўцы.
Нагадаем, Зміцер Лупач прыцягваецца да адказнасці па артыкуле 22.9 КаАП сёлета ўжо восьмы раз. Такім чынам улады ціснуць на яго за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат”. На гэты раз яго судзілі за сюжэт пад назвай “Настаўніцу садзяць за кветку, а карупцыянеры Лукашэнкі — на свабодзе”.