Змітра Лупача будуць судзіць за сюжэт пра вёску
Глыбоцкага журналіста-фрылансера Змітра Лупача 30 снежня наведалі міліцыянты з Паставаў і склалі пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП — за незаконны распаўсюд прадукцыі СМІ.
Змітра Лупача беларускія ўлады хочуць прыцягнуць да адказнасці за рэпартаж, паказаны ў праграме “Суб’ектыў” на тэлеканале “Белсат”. Ён тычыўся тэмы адраджэння вёскі па-беларуску, меў гумарыстычны падтэкст і быў зняты ў вёсцы Ярэва Пастаўскага раёна.
Паводле слоў міліцыянта Аляксандра Кішко, які складаў пратакол, 31 снежня ён збіраецца перадаваць справу ў Пастаўскі раённы суд — каб яе разлядалі адразу пасля святаў. Такім чынам Зміцер Лупач будзе першым з незалежных журналістаў, каго будуць судзіць на пачатку 2020 года. Вось такі падарунак прыпаднеслі беларускія ўлады Змітру Лупачу перад Новым годам.
Але, як кажа журналіст, ён у гэтай бядзе не адзіны, позвы атрымалі таксама некалькі яго калег з Брэста і Мінска.
Нагадаем, апошні раз Змітра Лупача судзілі ў Віцебску 12 снежня, суддзя Ганна Ігнаценка пакарала яго штрафам у памеры 42 базавыя велічыні.