Змітра Лупача аштрафавалі за сюжэт пра каранавірус
40 базавых велічынь штрафу вынес сёння раённы суд Шаркаўшчыны журналісту-фрылансеру з Глыбокага Змітру Лупачу. Суддзя Аксана Табола пакарала журналіста паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП за супрацу з тэлеканалам "Белсат".
Падставай для адміністрацыйнага пераследу стаў сюжэт пра каранавірус у Шаркаўшчыне.
Зміцер Лупач кажа, што рашэнне суда не было для яго нечаканым. Усё як звычайна. Толькі заставалася гадаць, які будзе штраф — 40, 45 ці 50 базавых велічынь. Суддзя агучыла 40 базавых — 1080 беларускіх рублёў.
Журналіст распавёў, што міліцыянты апыталі толькі аднаго чалавека, з тых, хто ўдзельнічаў у вулічным vox populi.
— Не ведаю, ці астатнія людзі не пагадзіліся з імі размаўляць, ці міліцыянты сталі лянівымі. Я не бачу нічога супрацьзаконнага ў тым, што я прыехаў і зрабіў апытанне людзей.
На судзе прысутнічаў сведка Сяргей Гарбачоў, які выказаў сваё меркаванне пра каранавірус журналісту на камеру. Ён сказаў у судзе, што не ведаў, што чалавек, які бярэ інтэрв’ю, можа быць злачынцам. Сяргей Гарбачоў заўважыў, што ў Беларусі — свабода слова, а тут суд.
Пасля апытання суддзя Аксана Табола прапанавала Гарбачову прысесці ў зале, каб далей прысутнічаць на працэсе. Але сведка адмовіўся і сказаў: «Калі тут прысядзеш, то можа здарыцца, што і самога пасадзяць». Пасля чаго хутка пакінуў залу суда.
Зміцер Лупач збіраецца раіцца з праваабаронцамі наконт таго, ці абскарджваць пастанову Шаркаўшчынскага раённага суда. Але асаблівага сэнсу ў гэтым не бачыць, бо, як паказвае практыка, скаргі Віцебскі абласны суд не задавальняе.