Жыхарку Эстоніі, якая працавала на «Россия сегодня», абвінавацілі ў дзяржздрадзе
Па меркаванні дзяржаўнай пракуратуры Эстоніі, грамадзянка гэтай краіны Святлана Бурцава апошнія сем гадоў пісала артыкулы для розных мясцовых інтэрнэт-выданняў, прымаючы ў сваіх тэкстах бок расійскай прапаганды. Як перадае сайт эстонскага нацыянальнага тэлерадыёвяшчання ERR, на папярэднім пасяджэнні прапагандыстку абвінавачваюць у парушэнні міжнародных санкцый і дзяржаўнай здрадзе.
Святлана Бурцава атрымала эстонскае грамадзянства ў 1994 годзе шляхам натуралізацыі. У 2017‑м яна прыйшла ў расійскую медыягрупу «Расія сёння».
«Нават пасля санкцый супраць Расіі, уведзеных Саветам Еўропы, Бурцава працягвала працаваць на карысць уладальніка і рэальнага бенефіцыяра МІА «Расія сёння» Дзмітрыя Кісялёва», — падкрэслівае дзяржпракурорка Энэлі Лаўрытс.
Эстонскі суд настойвае, што жанчына свядома парушыла міжнародныя санкцыі.
«Па выніках дасудовага расследавання Паліцыя бяспекі прыйшла да высновы, што Бурцаву нельга лічыць незалежным, аб’ектыўным і нейтральным журналістам. Па дадзеных паліцыі, сабраныя доказы паказваюць на тое, што Бурцава з’яўляецца прапагандысткай, якая працавала на парталах, якія служаць агрэсіўным мэтам Крамля. Расследаванне яе дзейнасці выявіла, апроч парушэння міжнародных санкцый, і злачынства супраць дзяржавы», — зазначае дзяржпракурорка.
Да таго пракуратуры стала вядома, што жанчына з 2019 па 2021 год вывучала ў магістратуры Севастопальскага дзяржаўнага ўніверсітэта праграму па інфармацыйных і гібрыдных канфліктах.
«Праграму курыраваў і ўзначальваў кіраўнік зарэгістраванай у Расіі прыватнай разведвальнай кампаніі і былы афіцэр контрвыведкі ФСБ. Мэтай двухгадовай магістарскай праграмы з’яўляецца падрыхтоўка міжнародных работнікаў СМІ і аналітыкаў, якія маглі б апынуцца на перадавой», — тлумачыць спадарыня Лаўрытс.
Вынікам гэтага навучання стала кніга «Гібрыдная вайна за мір», якую Бурцава апублікавала пад псеўданімам нібы ад імя эстонскага палітолага Л.Б. Света. У гэтым выданні апісана глабальная гібрыдная вайна, якую павінна выйграць Расія. Дзяржпракуратура настойвае, што змест кнігі накіраваны на раскол эстонскага грамадства і дыскрэдытацыю Эстонскай Рэспублікі і яе інстытутаў.
З 1 сакавіка прапагандыстка знаходзіцца пад вартай.