• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Жыццё ў жывым эфіры: адкрыты ліст да Кацярыны Андрэевай, журналісткі ў 3‑м пакаленні, Сяргея Ваганава, журналіста ў 2‑м пакаленні і дзеда…

    Дарагая! Я пішу да цябе гэты ліст, і праз няспынныя выбухі і страляніну зноў чую твой голас: «Мы ляжым на падлозе… яны страляюць… кідаюць гранаты… свецяць ліхтарыкамі па вокнах… людзі хаваюцца ў кватэрах… дзякуй гаспадарам…»

    — Яна што, працягвала весці рэпартаж?! — здзівіўся адзін з нашых сяброў пасля словаў падтрымкі і спачування.

    Толькі потым мы даведаліся, што граната выбухнула побач з табой…

    Я пішу да цябе гэты ліст, чую твой голас праз няспынныя выбухі, страляніну, а перад вачыма высокі ўзгорак над Сораццю, прытокам ракі Вялікай, у пушкінскім Міхайлаўскім, і мой тата, твой прадзед, раптам кажа:

    — Унь, бачыш той мост над Вялікай?..

    Так, я бачыў той мост, бачу дасюль, і не магу ўявіць сабе, як мой тата і твой прадзед, маленькі ростам, фізічна не вельмі моцны і, як мне здавалася, не асабліва храбры, прыняў, калі загінуў камбат, камандаванне на сябе:

    — …мы адбілі тады 19 танкавых атак…

    Мой тата і твой прадзед патрапіў у той батальён, каб напісаць пра жаўнераў, пра тое, як яны рыхтуюцца да наступу, бо на вайне і ваяваў, і быў журналістам. У нашым сямейным архіве захавалася цыдулка аднаго з жаўнераў з просьбай да капітана Пінхасіка прывезці як мага болей газет, бо не хапае паперы на самакруткі…

    Я спытаў тады, над Сораццю, ці напісаў ён пра тыя атакі.

    «Так, — адказаў тата, — напісаў… Але давялося перапісваць. Бо паперы патанулі ў Вялікай. Калі сам ледзь не патануў…»

    Ён быў Журналістам, мой тата і твой прадзед.

    Я пішу да цябе гэты ліст, сэрца захлынаецца любоўю, а ў скронях, нібы чарга з аўтамата, пульсуе крывёю пытанне: «Чаму?».

    Чаму? Як так здарылася, што амаль праз стагоддзе ад той вайны праўнучка журналіста, каторы ваяваў з фашызмам, унучка журналіста, каторы пражыў у сваёй прафесіі адносна мірнае жыццё, зноў трапіла на вайну з фашызмам, мо нават куды больш мярзотную з ягонага боку, бо гэта вайна з уласным народам, які прагне Праўды, Жыцця і Свабоды.

    Я пішу да цябе гэты ліст і адчуваю глыбокі сорам за тое, што маё пакаленне журналістаў не здолела прадухіліць наступ дзікунства.

    Я пішу да цябе гэты ліст і адчуваю неймаверную цяжкасць, з якой твае бацькі, мы з бабуляй, цягам амаль усяго твайго жыцця ў журналістыцы намагаемся спалучыць гонар за цябе з неадчэпным хваляваннем за тваё здароўе. А з моманту, калі ты з’яднала сваё жыццё з Ігарам (палітолаг Ігар Ільяш), — і за яго, за вас, за вашу маладую сям’ю.

    Ты памятаеш, як усе мы настойліва ўгаворвалі вас з’ехаць з краіны, пазбегнуць кратаў, якія з кожным тваім стрымам усё хутчэй набліжаліся да цябе, да вас. Мо зараз ты думаеш, што мы ў адчаі згрызаем локці, паўтараем пра сябе: «Як жа мы былі правы… мы ж гаварылі… прадбачылі… папярэджвалі…»

    Не думай так. Бо калі мы ўбачылі і адчулі неймаверна вялікую хвалю салідарнасці з усімі кінутымі за краты журналістамі, з табой асабіста; калі мы ўбачылі, як ты, танюткая, бы сцяблінка, і не вельмі моцная на здароўе, трымаешся на гэтай вайне, мы пазбавіліся цалкам зразумелай і даравальнай родным людзям слабасці.

    І сказалі сабе: мы не можам дазволіць сабе быць няроўнымі табе ў трыванні ўдараў лёсу, у разуменні тваёй адданасці прафесіі, якая ўласцівая кожнаму твайму кроку ў ёй.

    Магчыма, ты асудзіш мяне, але я размаўляў са следчым па тваёй справе. Мяне цікавіла адно: якія менавіта дзеянні крымінальнага кшталту ты здзейсніла падчас стрыму з Плошчы Пераменаў, то-бок выканання сваіх прафесійных абавязкаў… Ён адказаў, што не скажа, і ўсклікнуў: «Ды якая яна журналістка?!».

    Мне стала і смешна і горка. Я ведаў, канечне, стаўленне ўлады да журналістыкі, але ўпершыню сутыкнуўся з такім шчырым неразуменнем яе сутнасці. Без усялякіх хістанняў думкі яны лічаць журналістыку сферай абслугоўвання ўлады, а журналістаў — нанятымі яе абслугоўваць. Яны не разумеюць і ніколі не зразумеюць, што сапраўдная журналістыка, у адрозненне ад палітыкі, — ратавальная для чалавецтва прафесія.

    Бо толькі праз журналістыку чалавецтва бачыць сваё жыццё непасрэдна ў наўпроставым эфіры і атрымлівае магчымасць супрацьстаяць Злу.

    Ты не ўяўляеш сабе, якая колькасць сяброў, знаёмых і ўвогуле незнаёмых людзей з Беларусі і розных куткоў планеты выказваюць падтрымку табе, нам, усім тваім сябрам і калегам, якія кінуты за краты. Акрамя салідарнасці я чую ў гэтай хвалі прагу наўпроставага эфіру Праўды.

    Прагу з’яўлення ў наўпроставым эфіры цябе, тваіх мужных сяброў і калег, журналістыкі, незалежнай ад нічога і нікога, акром Праўды.

    Трымайся, дарагая!

    Мы побач.

    Мы разам…

    ***

    Кацярына Андрэева была затрыманая 15 лістапада ў кватэры на «плошчы Перамен», дзе асвятляла акцыю пратэсту. 17 лістапада яна атрымала 7 сутак арышту па двух адміністрацыйных артыкулах. Але 20 лістапада стала вядома, што яна падазраваная па ч. 1 арт. 342 КК — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Дзяўчыне абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту на 2 месяцы — да 20 студзеня 2021 года. Кацярына знаходзіцца ў СІЗА ў Жодзіна. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці