Журналістыка ў эміграцыі: як не страціць жанравую разнастайнасць?
У апошнія чатыры гады мы назіраем, як шматлікія жанры, якія не так даўно былі будзённасцю беларускай журналістыкі, апынуліся ў крызісе. Ці магчымы іх уздым або нам трэба прыняць тое, што з імі неабходна развітацца назаўсёды? Вольга Класкоўская спецыяльна для БАЖ апытала экспертаў, каб даведацца іх меркаванне на гэтую тэму.
«Журналісты-эмігранты моцна адарваныя ад беларускай рэчаіснасці»
— За апошнія чатыры гады ў сувязі з рэпрэсіямі практычна знік такі класічны, найважнейшы жанр як рэпартаж. І гэта не таму, што сярод нас няма рэпарцёраў, а таму што ўсе яны альбо сядзяць у турмах, альбо знаходзяцца за мяжой. Мы можам рабіць рэпартажы з любога месца планеты апроч нашай краіны. Рэпартажаў з Беларусі ў нас больш няма, — гаворыць журналістка «Новой газеты Европа» Ірына Халіп. — Практычна цалкам мы згубілі і навіновую журналістыку.
Абставіны, у якіх цяпер працуюць беларускія журналісты, Ірына Халіп называе «анамальнымі»: «Мы пішам пра сваю краіну, але пры гэтым у ёй не знаходзімся».
Меркаванне эксперта падзяляе і каманда журналістаў-расследавальнікаў «Партызанскай хвалі»:
— Мы, журналісты, што з’ехалі, не маем паўнавартаснага доступу да інфармацыі. Возьмем тую ж расследвальніцкую журналістыку — каб па-сапраўднаму ёй займацца, трэба быць у Беларусі, нам патрэбна магчымасць выехаць на месца, дзе сам можаш непасрэдна пабачыць, даследаваць. Мы не можам гэта зрабіць альбо робім такую працу ў вельмі абмежаванай колькасці. Аднак праблема яшчэ ў тым, што асноўная аўдыторыя нашых ролікаў — гэта дыяспара, якой многія тэмы непасрэдна з Беларусі ўжо не цікавыя.
Фатограф Вадзім Заміроўскі зазначае, што «не стаў бы так ужо адназначна казаць, што жанр фотажурналістыкі страчаны»:
— Канешне, знаходзячыся па-за межамі краіны, захаваць менавіта беларускую фотажурналістыку як частку журналістыкі складана. Запатрабаванасць у беларускіх фотажурналістах сёння вельмі маленькая. Ну што можна здымаць у экзайле? Жыццё эміграцыі? Гэта не цікава людзям унутры краіны. А ў Беларусі мы здымаць не можам. Нядаўна я вось рабіў партрэты для інтэрв’ю чалавека, якому, дзякуй богу, удалося выехаць з Беларусі. Вельмі цікава, але такое адбываецца раз на месяц, ну два-тры разы.
«Сапраўдныя навіны звязаныя выключна з рэпрэсіямі»
— Цяпер, на жаль, у сувязі с рэпрэсіямі мы маем жудасныя навіны кожны дзень: таго пасадзілі, гэтага арыштавалі, таго не выпусцілі, таму дадалі тэрмін — бясконцыя затрыманні, здзекі, — працягвае Ірына Халіп.
Добра, калі навін шмат — кепска, калі ўсе навіны скрозь страшныя. Але гэта той выпадак, калі нельга прад’яўляць прэтэнзіі ні да сябе, ні да сваіх калег. Так склаліся абставіны, што мы не можам рабіць рэпартажы з роднай краіны, і ў нас няма навін, апроч як пра рэпрэсіі.
Ірына Халіп лічыць, што на сёння даволі блякла выглядае і аўтарская журналістыка:
— Лічу, што акурат у такіх умовах яна павінна была расквітнець. Таму што ў нас усе, каго ні вазьмі, — мы ўсе прайшлі праз такое пекла, што, на жаль, цяпер адначасова з’яўляемся і журналістамі, і ньюсмэйкерамі. Наш асабісты досвед, як арышты, адсідкі ці уцёкі праз мяжу ў пантофлях дадаў нам, што называецца, медыйнасці. І гэта дае права казаць і пісаць ад імя першай асобы — тое, што мы лічым важным і патрэбным. Не толькі паведамляць навіны, не проста распавядаць нейкія гісторыі, але і выказваць уласны пункт гледжання.
Што ж замінае беларускім журналістам пісаць аўтарскія тэксты? Суразмоўца дапускае, што адна з прычын — цэйтнот і вялікія нагрузкі: штаты рэдакцый зменшыліся, захліствае руцінная канвеерная праца. Другі момант палягае ў слабым матэрыяльным стымуле — ганарары не такія вялікія, і не ва ўсіх рэдакцыях стымулюецца менавіта аўтарская журналістыка, напісанне аналітычных, публіцыстычных артыкулаў. Таму выглядае, што прасцей зрабіць пару просценькіх тэкстаў, чым напружваць мазгі над аўтарскай калонкай.
Замінае аўтарскай журналістыцы і вымушаная ананімнасць большасці калег, што апынуліся ў эміграцыі — бо аўтарскі тэкст пішацца ад свайго імя ад першай асобы. Тым болей рэдактарам варта заахвочваць тых, хто ў сённяшніх умовах бярэцца пісаць пад сваім прозвішчам, гатовы выказаць свой погляд на тыя ці іншыя праблемы.
Расследавальніцкая журналістыка: упадак ці рэнесанс?
Журналісты «Партызанскай хвалі» мяркуюць, што гэты жанр страчаны амаль што цалкам. І што тыя расследаванні, якія робяцца зараз, — не цікавыя для аўдыторыі ў Беларусі:
— Людзей заўжды прываблівалі не нейкія там глабальныя расследаванні — як функцыянеры абыходзяць санкцыі і крадуць мільярды, а як крадзе іх умоўны дырэктар завода ці старшыня ЖКГ, чаму ў кватэрах звычайных грамадзян лопаюцца трубы, чаму няма гарачай вады, ацяплення, якімі антыбіётыкамі кормяць курэй на фермах. Шырокай аўдыторыі цікава і блізка тое, што непасрэдна ўплывае на яе штодзённае жыццё. Дык вось такі жанр — расследаванні на месцы —мы ўжо рэальна страцілі. Плюс моцна падзялілася аўдыторыя — на тых, хто ўнутры краіны і па-за яе межамі. Ну скажыце, каго з беларусаў замежжа цікавіць умоўны дырэктар ЖКГ Ганцавіцкага раёна? Нам тут у Польшчы гэта дакладна не цікава. А людзям у Беларусі — так.
На думку каманды «ПХ», беларускія журналісты-расследавальнікі за мяжой выконваюць ролю прадстаўнікоў замежных праваахоўных органаў: «Мы робім іх працу, і па сутнасці для тых краін, што ўводзяць санкцыі».
Ірына Халіп дадае, што «расследаванні перасталі існаваць у тым выглядзе, у якім існавалі раней». Паводле суразмоўцы, гэта звязана з абсалютным падзелам грамадства на карнікаў і ахвяр.
— Калі раней мы, незалежныя журналісты, маглі камунікаваць з тымі ж сілавікамі, таму што яны раз-пораз забяспечвалі нас нейкай інфармацыяй, то цяпер ужо ні мы ім руку не пададзім, ні яны не захочуць з намі мець зносіны, бо для іх гэта страшна і небяспечна, — працягвае экспертка. — Усе сувязі такога кшталту рассечаныя. Але тое, чым, напрыклад, займаўся палітзняволены Дзяніс Івашын, вывела гэты жанр на падставе адкрытых звестак на нейкі касмічны ўзровень. І ў большай ступені дзякуючы яму, пачала развівацца такая журналістыка, як OSINT-расследаванне.
Меркаванне калег у корані не падзяляе заснавальнік Беларускага расследавальніцкага цэнтра Станіслаў Івашкевіч:
— На сённяшні дзень беларуская расследавальніцкая журналістыка — гэта феномен, які развіваецца і квітнее. Да 2018 года ў разуменні міжнароднай расследавальніцкай супольнасці журналісцкіх расследаванняў у Беларусі не было ў прынцыпе. У 2018‑м беларускія журналісты паўдзельнічалі ў расследаванні панамскіх дакументаў, мы выйшлі на сусветны ўзровень.
У дзевяностыя былі асобныя артыкулы беларускіх журналістаў-расследавальнікаў, часам заснаваныя на злівах, часам на ўласнай расследавальніцкай працы, але ж гэта не было тое, што мы сёння разумеем пад міжнароднай журналістыкай паводле міжнародных стандартаў — з поўнай доказнай судовай базай.
Станіслаў Івашкевіч дадае, што «ў 2020 годзе расследавальніцкая журналістыка атрымала вельмі моцны імпульс дзякуючы серыі зліваў з сістэмы, а ў 2021 годзе беларусы паўдзельнічалі ў міжнародным праекце расследаванняў афшорных схемаў «Дасье Пандоры» – гутарка аб расследаванні пра золата Шэймана ў Афрыцы.
Суразмоўца перакананы, што расследаванні набываюць усё большы маштаб, нягледзячы на ўзмацненне рэпрэсій у Беларусі і сітуацыю з незалежнымі медыямі ў цэлым. У якасці аднаго з апошніх прыкладаў журналіст прыводзіць расследаванне аб’яднання былых сілавікоў BelPol, які раскрыў дэталі пра ўласнасць Лукашэнкі, у прыватнасці яго рэзідэнцыі.
— Калі ў 2021 годзе агульная сума па карупцыі і абыходзе санкцый, якія атрымалася раскрыць, дасягала крыху больш за паўмільярда долараў, то сёлета ўжо толькі адно расследаванне выявіла патаемныя афшорныя здзелкі схаванага нафтавага кашалька Лукашэнкі — Анатоля Тарнаўскага на 2 мільярды долараў. Пашыраецца і геаграфія працы ў гэтым жанры: мы навучыліся разблытваць афшорныя схемы, пры дапамозе якіх кіроўныя беларускія эліты хаваюць свае багацці, — гаворыць Станіслаў Івашкевіч.
Суразмоўца згадвае і іншыя сюжэты і называе іх паспяховымі, цікавымі для аўдыторыі:
— Нядаўна было расследаванне, як Лукашэнка ўчыніў перадзел рынку платных эндапратэзаў на бядро і калена. Лукашэнка ўсіх абвінавачвае ў карупцыі, але БРЦ устанавіў, што ў выніку гэтай чарговай антыкарупцыйнай кампаніі кошты на пратэзы яшчэ больш павысіліся, а выгаду атрымала кампанія, якая звязана з беларускімі топ-сілавікамі, зарэгістраваная ў ЗША.
Паводле эксперта, «беларускія журналісты-расследавальнікі навучыліся працаваць па міжнародных стандартах фактчэкінгу»:
— Гэта цяжкая праца, бо Беларусь займае апошняе месца ў Еўропе і СНД паводле open government index, то-бок індэксу адкрытасці ўладаў для сваіх грамадзян.
Не да стылю?
Становішча, у якім апынуліся беларускія медыі, бясспрэчна, драматычнае і анамальнае. Праз прафесійнае выгаранне і абмежаваныя магчымасці журналісты часта забываюцца, што ў сваёй працы трэба браць не толькі аператыўнасцю, але і прыгожым стылем.
Гонка за аператыўнасцю часта ператварае артыкулы ў сурагат. Страчаныя не толькі пэўныя жанры, але і традыцыя, што журналістыка — гэта ў значнай ступені ўменне добра пісаць.
Наколькі магчыма захаваць літаратурны падыход у журналісцкай працы ў новых абставінах?
— Першы раз мяне працяла да дрыжыкаў, калі нейкае медыя ў выгнанні апублікавала аб’яву, што шукае журналіста ў нейкі аддзел і адна з галоўных умоў — не знаходзіцца ў Беларусі (па прычыне бяспекі самаго карэспандэнта — заўвага БАЖ). Гэта вельмі страшна, бо пазбаўляе нас магчымасці працаваць так, як гэта прынята ва ўсім свеце. У нас цалкам пачварная і ўнікальная па ўзроўні жахлівасці сітуацыя, — дзеліцца думкамі Ірына Халіп.
Суразмоўца дадае, што «на жаль, многія калегі з‑за асабістых траўмаў, выгарання панізілі свой пісьменніцкі ўзровень да жанру смс»:
— Магчыма, мы самі яшчэ да канца не асэнсавалі, наколькі драматычныя падзеі на радзіме ўсіх нас пераламалі, перакруцілі. Фарш немагчыма правярнуць назад — і я не ведаю, ці вернемся мы калі-небудзь да свайго звычайнага стану. Але гэта не апраўданне для таго, каб перастаць сачыць за ўласным пяром. На вялікі жаль, вельмі часта ў журналістаў-эмігрантаў атрымліваюцца нейкія каравыя, крывыя тэксты, дзе ў канструкцыі кшталту «Праязджаючы міма станцыі ў мяне зляцеў капялюш», ужо падаюцца нармальнымі.
Медыйшчыца падкрэслівае, што не можа чытаць тэкст, калі там блытаюцца «тся» і «ться», «не» і «ні»:
— Непісьменнасць, неахайнасць пісьма не дадае даверу да журналіста. Калі ён не ўмее пісаць, чаму я мушу верыць таму, што ён піша?
Што рабіць?
Вадзім Заміроўскі кажа пра важнасць захавання традыцый фотажурналістыкі праз арганізацыю розных івэнтаў:
— Важную ролю адыгрываюць ініцыятывы, якія робяць гэтыя івэнты. Сяргей Міхаленка, Сяргей Гудзілін ладзяць праекты, у якіх закранаюць тэму фотажурналістыкі. Наталля Ткачова чытае лекцыі — і гэта вельмі істотна для захавання нашых традыцый. Хацелася б захаваць стасункі, суполкі, праекты, каб усё гэта працавала, калі мы вернемся ў Беларусь.
Сяргей Міхаленка: Беларуская фатаграфія не памерла, яна проста замерла на час
Вядома, можна і штосьці іншае здымаць у эміграцыі, але, сцвярджае спадар Вадім, гэта хутчэй хобі, чым праца.
— Я працягваю працаваць фотажурналістам, але гэта не асноўны мой заробак. Можна прыдумаць нейкія праекты пра жыццё ў эміграцыі. Окей. Але колькі фатографаў выехала і колькі можна зняць праектаў? Фотажурналістыка цалкам не страчаная, але перажывае відавочны крызіс.
Станіслаў Івашкевіч дадае, што «самае цяжкае — гэта пастаянны недахоп інфармацыі», таму беларускія журналісты-расследавальнікі часта працуюць у кансорцыуме, то-бок у працы над тэмай адначасова бяруць удзел 4–5 выданняў з розных краінаў. Велізарную дапамогу нашым журналістам аказваюць і «Кіберпартызаны».
— Запатрабаванасць на кантэнт ідзе хвалямі. Напрыклад, у 2020‑м многія нашыя ролікі набіралі па мільёну праглядаў. Зараз гэтая цікаўнасць відавочна ніжэйшая. Але так часта бывае: калі грамадства доўгі час вельмі наэлектрызаванае і гэта не атрымлівае выхаду ў выглядзе перамогі, адбываецца пэўны адток хвалі. Многія людзі ў апатыі. Неабходнасць выкрываць карупцыю і іншыя злачынствы рэжыму пры дапамозе расследавальніцкай журналістыкі для мяне абсалютна бясспрэчная, і я ўпэўнены, што хвалі цікаўнасці да расследаванняў зноў будуць уздымацца, — перакананы Станіслаў Івашкевіч.
Як жа даць штуршок аўтарскай журналістыцы?
— Мне пашанцавала, што я працую ў «Новой газете», дзе аўтарскі погляд заўсёды вітаўся. Наш галоўны рэдактар Дзмітрый Муратаў усё жыццё казаў, што ён на сваёй пасадзе — абслуговы персанал для геніяў. Ён культываваў у нас унікальнасць. І гэта заўсёды нам дапамагала і дапамагае да гэтых часоў. Упэўненасць у тым, што ты можаш, што ты талент, што цябе чытаюць, што тваіх тэкстаў чакаюць — гэта вельмі шмат значыць.
«Новая газета» мае ў Кіеве ўласнага карэспандэнта.
— Наша Вольга Мусафірава піша свае тэксты пад бамбёжкамі, працуе пры святле налобнага ліхтарыка, калі ў іх знікае электрычнасць. Здавалася б, яна ў самых цяжкіх умовах. Уявіце сабе, што мы ўсе ёй зайздросцім у рэдакцыі. Таму што яна сярод сваіх і працуе на сваёй зямлі.
Яна кажа: «Я сама сабе зайздрошчу» і дадае, што ў такіх умовах, у якіх працуем мы, яны б не змагла, а «на вайне неяк лягчэй», бо дакладна ведаеш — тут свае, а тут чужыя. А мы ўжо самі чужыя, таму нам вельмі кепска, — выказвае думку Ірына Халіп.
— Што можа рабіць і што заўжды цікава і актуальна — гэта выкрываць і дакументаваць злачынствы рэжыму і яго памагатых супраць чалавечнасці, — дадае каманда «Партызанскай хвалі». — Важна ўскрываць прозвішчы, не даць схавацца тым, хто збіваў, забіваў, катаваў, высвятляць усю інфармацыю пра іх, каб у будучыні ўсіх гэтых суб’ектаў прыцягнуць да адказнасці.
З такімі расследаваннямі ў гэтай каманды багаты досвед: напрыклад, апошняе – пра рэктара БДУ. Прадстаўнікі «Партызанскай хвалі» дадаюць:
— Тэма, якую падхапілі ўсе і якая была цікавая і ў Беларусі, — калі кіберы ўскрылі злачынцаў з БДУ, а таксама даносчыкаў КДБ. Тэма стукачоў цікавая — людзям цікава ведаць, каму можна давяраць, а каму не. Вельмі добрыя расследаванні робяць ByPol i BelPol. І такія тэмы цікавыя як беларусам замежжа, так і ўнутры краіны. Ёсць і іншыя, але іх мала і яны не такія гучныя, гэта дужа карпатлівая праца, улічваючы, што базы, доступ вельмі абмежаваныя, статыстыка хаваецца. Няма магчымасці атрымліваць адказы на запыты ад дзяржаўных структур.
І ў любым выпадку, нягледзячы на ўсе цяжкасці, важна прытрымлівацца агульнапрынятых стандартаў журналістыкі: заставацца аб’ектыўнымі і пільна правяраць і даследаваць усю інфармацыю. Бясспрэчна, беларуская незалежная журналістыка перажывае, бадай, самыя цяжкія часы. Але любы крызіс можа стаць не толькі скочваннем у прорву, а і штуршком да эвалюцыі. Выказваць свае думкі нешаблонным чынам, глыбей капаць праблемы, арыентавацца на ўнутрыбеларускую тэматыку, дасканала правяраць інфармацыю і не забывацца пра літаратурны падыход — гэтага можна прытрымлівацца нават у самых цяжкіх абставінах.