• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістыка і прапаганда. Як у імпэце барацьбы самому не стаць цмокам?

    Як незалежным журналістам не ангажавацца ў інфармацыйную вайну, а прытрымлівацца у сваёй працы прафесійных крытэрыяў? Ці можа журналіст быць часткай палітычнай апазіцыі? Чаму важна дзяржаўных прапагандыстаў называць менавіта прапагандыстамі? Вольга Класкоўская запытала ў экспертаў.

    журналіст і прапагандыст: у чым розніца?

    Выява зроблена БАЖ пры дапамозе Chat­G­PT

    Недзяржаўныя медыі: як утрымацца ад спакусы прапаганды?

    Ці можам мы, незалежныя журналісты, сказаць пра сябе, што мы цалкам непрадузятыя і аб’ектыўныя? Тэма гэтая вельмі тонкая і цяжкая, і чорна-белай карціны, як па мне, тут няма. 

    На маю думку, ужо сам факт, што мы супрацьстаім рэжыму — можна разглядаць як элемент уцягвання ў інфармацыйную вайну. А калі ты так ці інакш яе ўдзельнік, хай сабе і за святую нейкую справу, ты ўжо займаеш чыйсьці бок — дык як тады заставацца аб’ектыўным?  І ці не праступае тады ў незалежным журналісце ў пэўнай ступені прапагандыст? Магчыма, я памыляюся. Але іншым разам некаторым з нас карціць не дакапацца да ісціны, не аб’ектыўна падаць інфармацыю, а лупануць па рэжыме.

    Ірына Сідорская, медыяэкспертка, экс-загадчыца кафедры тэхналогій камунікацыі і сувязей з грамадскасцю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктарка навук па спецыяльнасці «журналістыка» з такім меркаваннем згодная не да канца:

    — Для мяне тут усё ж такі больш чорна-белая карціна. Прапаганда і журналістыка — гэта не проста розныя, а, хутчэй, супрацьлеглыя віды інфармацыйна-камунікацыйнай дзейнасці. І я выразна бачу адрозненне паміж першым і другім. З майго пункту гледжання журналісты не павінны займацца прапагандай, ёй наогул ніхто не павінен займацца.

    Ірына Сідорская экспертка

    Ірына Сідорская. Фота: з асабістага архіва суразмоўцы

    Для спадарыні Ірыны слова «прапаганда» — негатыўнай канатацыі.

    — І рэч не толькі ў асабістым успрыманні: я тут спасылаюся на еўрапейска-амерыканскую традыцыю, якая сфарміравалася ў 50–60 гады ХХ стагоддзя, менавіта пасля Другой сусветнай вайны, пасля дзейнасці міністэрства прапаганды Гебельса.

    Калі да вайны слова «прапаганда» было збольшага нейтральнае, то пасля дзейнасці адыёзнага нацысцкага ведамства еўрапейскія інтэлектуалы прыйшлі да высноў, што гэта — заўсёды маніпуляцыі грамадскім меркаваннем, што гэта падман грамадства і гэтага не павінна быць.

    Экспертка ўпэўнена: калі сёння кагосьці называюць прапагандыстам, то гэта самае дрэннае азначэнне чалавека ў інфармацыйна-камунікацыйнай дзейнасці. І калі журналісты пачынаюць замест журналістыкі займацца прапагандай, гэта адназначна вельмі дрэнна.

    Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка гаворыць, што прытрымлівацца прафесійных крытэрыяў — задача адначасова і вельмі простая, і вельмі складаная.

    — Вельмі простая таму, што трэба ўсяго толькі прытрымлівацца тых медыйных стандартаў, якія мы ўсе ведаем, якіх трымаюцца ўсе заходнія рэдакцыі, — гаворыць эксперт. — Тут не варта вынаходзіць ровар: дастаткова пісаць шчыра, звяртацца да розных бакоў па інфармацыяю, калі гэта магчыма. Трэба сумленна рабіць сваю справу, а не апраўдваць сваю працу місіяй змагання з рэжымам. Але акурат таму і трэба адрознівацца, не быць такімі самымі Азаронкамі наадварот.

    Складанасць задачы, паводле аналітыка, палягае ў тым, што «ўмовы, у якіх сёння вымушаны працаваць незалежны медыясектар, абсалютна ненармальныя».

    — Ты не можаш узяць каментар у другога боку, калі другі бок — гэта рэжым. Ты не можаш працаваць у інфармацыйным полі, ты не можаш правяраць інфармацыю на месцы, ты мусіш увесь час клапаціцца пра бяспеку. І заўжды ўзважваць: калі журналіст мае інфармацыю, якая ў пэўнай ступені грамадска значная, але разам з тым яе апублічванне можа ствараць небяспеку для кагосьці, гэта дылема, — тлумачыць Вадзім Мажэйка. 

    Так, гэта складана, але калі мы хочам змагацца з прапагандай, самае галоўнае — самому не стаць тым самым цмокам, з якім змагаешся. Вельмі важна самім не ператварыцца ў баявы лісток і рупар.

    Вадзім Мажэйка

    Вадзім Мажэйка. Фота: Віялета Саўчыц / Vio­let­ta Sav­chits

    На погляд суразмоўцы, у штодзённым жыцці самы лепшы кампраміс — гэта татальная ананімнасць саміх аўтараў. 

    — Разумею, што часам хочацца плакаць, калі бачыш тэкст, дзе ананімны аўтар ўзяў каментар у двух ананімных экспертаў і аднаго ананімнага ўдзельніка нейкіх падзеяў у Беларусі. З пункту гледжання стандартаў у гэтым тэксце ніхто ні за што не адказвае, гэта проста нейкі жарт. Аднак у сённяшніх умовах татальных рэпрэсій без вымушанай ананімнасці часта не абысціся. 

    У гэтай сітуацыі рэзка ўзрастае роля журналісцкай этыкі і самадысцыпліны, а таксама роля цвёрдых рэдакцыйных правілаў.

    — Цяпер больш за палову тэкстаў — не падпісаныя, ноўнэймы, і гэта, канешне, вельмі дрэнна ўплывае на адказнасць журналіста. Калі ты не адказваеш сваім імем, сваёй рэпутацыяй за тэкст, то нехта можа пад гэтую марку апублікаваць што заўгодна, кіруючыся думкаю, што ўсё роўна ніхто ж не даведаецца, што гэта менавіта ты накасячыў.

    Сапраўдны прафесіянал не павінен размагнічвацца ад гэтай ананімнасці. Ён павінен устрымлівацца спакусы зрабіць нешта левай нагой. Таксама важна, каб у гэтым кірунку былі патрабавальнымі рэдактары, каб яны пільна сачылі за выканеннем прафесійных стандартаў.

    «Журналістыка — смяротны вораг для прапаганды»

    Дык што ж такое прапаганда?

    Калі браць аналітыку, то незалежны эксперт даследуе, тлумачыць і робіць прагноз. Прапагандыст жа падбірае нейкія аргументы ці псеўдааргументы, каб апрыёры давесці пэўную ідэю, якой ён так ці іначай служыць. Яго не цікавіць ісціна, ён думае толькі, як убіць у галаву аўдыторыі пэўную, ужо загадзя падрыхтаваную, выснову. І няважна пры гэтым, правільная яна ці не. Галоўнае, што так сказаў Лукашэнка — і ўмоўны Азаронак павінен вылезці са скуры, але давесці ўстаноўку правадыра да аўдыторыі, змешваючы праўду, хлусню, домыслы, канспіралогію.

    Вывесці загадзя на пэўнае рашэнне задачы, убіць у галаву ідэі і тэзы рэжыму — гэта і ёсць класічная прапаганда.

    Відавочна, сёння ідзе інфармацыйная вайна. І ў ёй два бакі. Ці магчыма ў такой сітуацыі незалежным журналістам прытрымлівацца прафесійных крытэрыяў?

    Прадстаўнік «Reform.news» Аляксандр Атрошчанкаў адзначае, што каб адказаць на пытанне, ці варта журналістам ангажавацца ў інфармацыную вайну, «трэба найперш адказаць на пытанне, чым ёсць журналістыка, і ў чым яе функцыя і роля ў грамадстве».

    Аляксандр Атрошчанкаў

    Аляксандр Атрошчанкаў. Скрыншот праграмы «Настоящее Время»

    — Поглядаў на гэта існуе неверагодная колькасць, але ўсе яны зводзяцца да таго, што роля журналістыкі ў тым, каб праўдзіва апісваць факты, тлумачыць іх значэнне, супрацьстаяць міфам, фэйкам, маніпуляцыям. Калі мы з гэтым пагаджаемся, то наш адказ на гэтае пытанне не мае значэння. Журналістыка — натуральны смяротны вораг для прапаганды. І яна гэта ведае. Мы можам не звяртаць увагу на прапаганду, але яна заўсёды будзе імкнуцца нас знішчыць. Гэта пытанне яе выжывання, — разважае журналіст.

    Спадар Атрошчанкаў настойвае, што, нягледзячы на негатыўную афарбоўку тэрміна «прапаганда», бываюць выпадкі, калі ў прапагандзе няма нічога дрэннага:  

    — Маю на ўвазе прапаганду нацыянальных каштоўнасцяў, бяспечнага дарожнага руху, здаровага ладу жыцця, кансерватыўных сямейных каштоўнасцяў ці наадварот — расповед пра любаты свабодных адносінаў.

    Разам з тым, адзначае суразмоўца, прапаганда ў  аўтарытарных і таталітарных грамадствах «заўсёды прыводзіць да стварэння вобразу ворага, заклікаў да гвалту і яго апраўдання».

    Па словах Атрошчанкава, беларуская дзяржаўная прапаганда «з часам эвалюцыянавала да заклікаў ладзіць масавыя рэпрэсіі і публічныя смяротныя пакаранні «ворагаў народа».

    «Не думаю, што асабістыя погляды перашкаджаюць прафесіяналізму»

    Неабходнасць прытрымлівацца прафессійных крытэрыяў не выключае існавання грамадзянскай пазіцыі. Яна ёсць у любога журналіста, і гэта выяўляецца ў яго творчасці.

    Не абавязкова нават, каб у інфармацыйным матэрыяле гэта пазіцыя была выказаная наўпрост, але яна бачная пры выбары тэматыкі, падачы, вуглу зроку, за кошт абмалёўкі бэкграўнду і гэтак далей.

    — Акрамя журналістыкі і прапаганды ёсць сувязі з грамадскасцю — гэта іншы, трэці від дзейнасці, гэтым у асноўным займаюцца менавіта PR-спецыялісты, могуць займацца актывісты, — працягвае Іріна Сідорская. — Але каб менавіта журналісты беларускіх незалежных медыяў займаліся прапагандай — мне здаецца, я гэтага не бачу. Калі мы бярэм буйныя незалежныя СМІ, такія як «Наша Ніва», «Еўрарадыё», «Радыё Свабода», «Зеркало», то я не бачу, каб яны займаліся прапагандай.

    Прапагандай могуць займацца некаторыя прадэмакратычныя тэлерам-каналы, незразумела хто іх вядзе, бо гэта праца ноўнэймаў. Але гэта не зусім сродкі масавай інфамацыі. Для мяне прапаганда — гэта фальсіфікацыя інфармацыі, падман аўдыторыі, і добрых мэтаў з дапамогай прапаганды не дасягнеш.

    Фота: pexels.com

    Ці можа журналіст быць часткай палітычнай апазіцыі? Ці здолее ён тады сапраўды заставацца незалежным, улічваючы, што ўжо не можа так вольна даваць свае ацэнкі, бо ўжо нібыта ангажаваны ў пэўны палітычны рух? Ірына Сідорская кажа, што тут галоўнае — дзейнічаць у адпаведасці з прафесійнымі стандартамі:

    — Журналіст не заўсёды дае сваю ацэнку — гэта далёка не ўсе жанры прадугледжваюць. Канешне, у кожнага і кожнай з нас ёсць свае погляды, свае прынцыпы, але калі журналіст прытрымліваецца прафесійных стандартаў, я не думаю, што свае асабістыя погляды перашкаджаюць.

    А як жа ставіцца да медыя, якое прытрымліваецца больш левых альбо, наадварот, больш правых поглядаў?

    — Можа быць  і так, але рынак медыяў і прадугледжвае, што мы можам атрымліваць інфармацыю з розных крыніц і можам параўноўваць. Маючы медыі з рознымі поглядамі, аўдыторыя ў выніку атрымлівае больш паліфанічную карцінку, — падкрэслівае экспертка.

    Яна не бачыць прынцыповага супрацьпастаўлення паміж поглядамі і прафесійнымі стандартамі журналіста:

    — Мне здаецца, што можна ўкласці свае асабістыя перакананні ў гэты фармат прафесійных стандартаў, —  ўпэўнена спадарыня Сідорская. — З іншага боку, калі гэта, напрыклад, партыйнае медыя, дык яно і гаворыць пра тое, што мы выданне вось гэтай партыі і ў партыі такая праграма. А не рабіць выгляд, што мы не належым да гэтай партыі, мы агульнанацыянальнае медыя. Вось калі адразу пазначыць, што мы такі СМІ, тады для аўдыторыі з’яўляецца арыенцір, што тут будуць больш менавіта праз левую альбо правую прызму матэрыялы.

    Вадзім Мажэйка мае важным падкрэсліць такі магчымы расклад падзей:

    — Вядома, калі журналіста затрымліваў і мучыў ГУБАЗік, то ён ужо не зможа пасля ўсяго перажытага заставацца палітычна нейтральным і ў яго ёсць відавочны канфлікт інтарэсаў.  Тым больш важна ў такой сітуацыі прытрымлівацца прафесійных стандартаў.

    «Важна называць рэчы сваімі імёнамі»

    Чаму важна дзяржаўных прапагандыстаў называць менавіта прапагандыстамі?

    — Бо называць гэтых людзей журналістамі азначае парушаць адзін са стандартаў журналістыкі — я маю на ўвазе стандарт паўнаты інфармацыі, — тлумачыць Ірына Сідорская. — Гэта як бы пазбаўляць чытача, гледача альбо слухача бэкграўнду. А можа, хтосьці на самой справе гэтага не ведае і ўспрымае Тура і Азаронка як нармальных журналістаў, як тых, хто працуе адпаведна журналісцкім стандартам, дае аб’ектыўную, поўную, непрадузятую інфармацыю? А гэта не так, гэта не адпавядае рэчаіснасці. Таму я думаю, трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Трэба гаварыць, што на самай справе гэтыя людзі займаюцца не журналістыкай, а прапагандай.

    Меркаванне эксперткі цалкам падзяляе Вадзім Мажэйка:

    — Лічу, што вельмі важна называць рэчы сваімі імёнамі. Важна не прыпісваць людзям нейкія дэфеніцыі, якія іх не тычацца. Напрыклад, асобу, што прызначылі ў Палату прадстаўнікоў, не трэба называць дэпутатам парламента, бо яна такой не з’яўляецца. Не варта называць Лукашэнку прэзідэнтам: да яго прозвішча можна далучаць словы накшталт «дыктатар», «кіраўнік», «палітык», бо прэзідэнтам ён не з’яўляецца.

    Эксперт таксама лічыць, што некарэктна называць нейкіх публічных дзеячаў ці актывістаў лідарамі апазіцыі.

    — Тут увогуле некарэктны сам тэрмін «апазіцыя». Бо апазіцыя гэта, па-першае, тыя, хто ў меншасці і тыя, хто звычайна прадстаўленыя ў парламенце. Больш карэктна называць гэтых людзей у адпаведнасці з іх статусам, тымі пасадамі, што яны займаюць у структурах апазіцыі альбо проста палітыкамі. Адпаведна, не варта называць прапагандыстаў журналістамі, бо яны не журналісты. Тое, што Азаронак — не журналіст, гэта проста факт, — дадае спадар Мажэйка.

    Выява зроблена БАЖ пры дапамозе Chat­G­PT

    Аляксандр Атрошчанкаў гаворыць, што не верыць у існаванне дзяржаўных прапагандыстаў:

    — Гэтую ролю павінны адыгрываць пісьменнікі і гісторыкі, якія даследуюць і перадаюць нашчадкам нацыянальную спадчыну і гісторыю.

    Тых жа, хто сёння працуе ў дзяржаўных беларускіх СМІ, суразмоўца называе «антыдзяржаўнымі прапагандыстамі». Ён тлумачыць:

    – Такая прапаганда ніколі не застаецца ў межах выключна інфапрасторы, бо каб абгрунтаваць права ўлады на нязменнае кіраванне і неабмежаваныя прывілеі, яна ў пэўным сэнсе вымушаная нішчыць і мову, і гісторыю, і культуру, і незалежныя медыі, і грамадскія ды дзяржаўныя інстытуцыі, і нават гарызантальныя сувязі паміж людзьмі — усё тое, што з’яўляецца асновай грамадства і дзяржавы.

    ***

    Відавочна, што вельмі важна называць рэчы сваімі імёнамі. Аўтарытарны рэжым называць аўтарытарным, рэпрэсіі рэпрэсіямі. У гэтым выяўляецца і пазіцыя журналіста, і яго патрэба адстойвання дэмакратычных каштоўнасцяў. Але, бясспрэчна, погляды журналіста не мусяць праяўляцца праз навешванне ярлыкоў і навязванне аўдыторыі высноваў, загадзя падведзеных пад пэўны шаблон.  

    У гэтай інфармацыйнай вайне варта не забывацца пра прафесійныя стандарты нашага рамяства. У барацьбе з рэжымам і яго прапагандай важна самім не стаць прапагандыстамі, бо чым мы тады будзем адрознівацца ад тых, з кім змагаемся?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці