Журналісты знялі фільм пра забытых ахвяраў Другой Сусветнай вайны з гомельскага канцлагера Дулаг-121
150 тысячаў ахвяраў ІІ Сусветнай вайны пахавана ў ваколіцах Гомеля, у тым ліку ў былым супрацьтанкавым рове каля пасёлка Краснае. Цяпер на месцы брацкай магілы — калгаснае ворыва, дзе вырошчваюць бульбу і праходзіць аб’язная дарога. Пра трагедыю гомельскага канцлагера Дулаг-121 нагадвае толькі крыж, усталяваны за ўласныя сродкі неабыякавымі грамадзянамі. У Гомелі прэзентавалі фільм “Пастаўце ім залаты крыж” (рэжысёр Яўген Шапчыц). Аўтар стужкі Мікола Бянько падчас прэзентацыі адзначыў, што ў Беларусі забытыя ахвяры не толькі сталінізму, але і нацызму.
9 траўня ў Гомелі, як і па ўсёй Беларусі, пройдуць святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі. Аднак, як заўважылі прысутныя падчас прэзентацыі фільма “Пастаўце ім залаты крыж”, насамрэч 9 траўня — гэта дзень смутку.
“Нават калі пасля вызвалення Гомеля прайшло амаль 20 гадоў, у 1960‑я гады, канава не была закапанай. У тым супрацьтанкавым рове яшчэ дзеці ездзілі на лыжах. А сабакі адтуль выцягвалі чалавечыя галовы з даўгімі валасамі, жаночыя галовы. Гэта ж, даруй мне Божа, не ўкладаецца ў розум”, — дзеліцца ўспамінамі жыхар вёскі Красны Багатыр Аляксандр Злотнікаў.
Гэты трэш — рэальная гісторыя пра забытыя масавыя пахаванні пад Гомелем. У канцлагеры Дулаг-121, які месціўся на цяперашняй плошчы Паўстання, было падчас нацыстоўскай акупацыі закатавана больш за 100 тысяч чалавек. Многія з іх дагэтуль ляжаць у невядомай магіле на ўскрайку Гомеля.
Аўтар фільма Мікола Бянько задаецца пытаннем, чаму раней, калі былі яшчэ жывыя шматлікія старажылы (год 20–30 таму), ніхто з журналістаў не распрацоўваў гэтую тэму, не зняў пра гэтую праблему фільм.
“Мы б пачулі шмат цікавага. Тады жыў і бацька Уладізміра Котава, дзякуючы якому і было знойдзена гэтае месца пахавання. Ён бы шмат чаго мог распавесці. На вялікі жаль, беларускае грамадства спазняецца за многімі працэсамі. А калі мы нарэшце пачынаем рэфлексаваць, то аказваецца вельмі позна. Але сёе-тое мы зафіксавалі”, — гаворыць Мікола Бянько.
Журналісты паспелі запісаць старажылаў, якія на свае ўласныя вочы бачылі каля пасёлка Краснае расстрэлы мірнага насельніцтва і ваеннапалонных. Адной з гераінь фільма — Аляксандры Самуілаўны Жураўлёвай — ужо няма ў жывых. У 1941 годзе ёй было 18 гадоў.
— Гэта вельмі дзіўнае адчуванне, калі размаўляеш з чалавекам, які ў свядомым узросце перажыў усе цяжкасці вайны, акупацыю, голад, — заўважаюць стваральнікі фільма. — Праз дзяржаўную прапаганду, якая спекулюе на тэме «дзяды ваявалі», падзеі Другой Сусветнай асацыююцца з нечым вельмі аддаленым у часе, накшталт Грунвальдскай бітвы. Але пасля размоваў з апошнімі сведкамі разумееш, што вайна, аказваецца, была тут зусім нядаўна. Гэтая жанчына распавяла нам жудасныя факты пра супрацьтанкавы роў, які знаходзіўся непадалёку ад гомельскай аб’язной дарогі. У гады вайны там не толькі хавалі памерлых з канцлагера Дулаг-121, але і расстрэльвалі цывільных грамадзян.
Аляксандра Самуілаўна Жураўлёва дрыготкім голасам распавядае ў стужцы:
— Аднойчы мы з маёй суседкай даўмеліся пабегчы да рова, дзе забітыя людзі ляжаць. Падбеглі да канавы, а там — куча людзей… І дзяўчынка гадоў дзевяці. А сярод забітых — мужчына ў чорным паліто, які ляжаў тварам да зямлі. Мы ўскочылі ў тую яму, падышлі да мужчыны. У кішэні ягонага паліто ляжаў непашкоджаны бінт і запіска з прозвішчам. Я і цяпер памятаю тое прозвішча…».
Чалавека сярэдняга веку ў чорным паліто звалі Зянкевіч. Ягонае цела, як і парэшткі іншых ахвяраў вайны, ляжаць дагэтуль ля самай аб’язной дарогі, якая вядзе ад Яроміна да хімзавода. Штогод у Гомелі ладзяцца парады і гучаць пафасныя прамовы, а цела Зянкевіча і тысяч няшчасных ахвяраў канцлагера Дулаг-121 ляжаць у безыменнай магіле на ўскрайку горада.
Праблему пахаванняў узняў жыхар вёскі Краснае Уладзімір Котаў. Ён за свае грошы набыў у амерыканскім архіве аэрафотаздымкі Гомеля, якія рабіліся ў гады Другой Сусветнай вайны нацыстамі. Дзякуючы фотаздымкам ён і знайшоў месца пахавання ахвяраў гомельскага канцлагера.
“Многія пытаюцца, а для чаго ўсё гэта мне трэба. Хтосьці нават думае, што мне заплацілі. А ў мяне трое сыноў. Не дзеля сябе раблю, а дзеля іх”, — адзначыў Уладзімір Котаў падчас прэзентацыі.
Гісторык Яўген Малікаў падкрэсліў падчас абмеркавання фільма, што савецкая сістэма была нечалавечай.
“Нягледзячы, што там прайшло нашае дзяцінства, а ў кагосьці значная часта маладосці. Здаецца, а што там было кепскага. Мы яшчэ не самае горшае захапілі. Але насамрэч савецкая сістэмы была заўжды нечалавечай: людзі для яе ніколі не ўяўлялі каштоўнасці. І таму калі вайна скончылася (зразумела, першыя гады было не да гэтага), то пасля пра гэтага не хацелі размаўляць. Можа быць, нам і непрыемна гэта прызнаваць, але савецкая сістэма была антычалавечай. І ў гэтым кантэксце становіцца зразумелым, чаму гэтыя людзі былі забытыя”, — гаворыць Яўген Малікаў, які ў стужцы дае свае экспертныя меркаванні.
Паводле афіцыйных дадзеных, у Гомелі было знішчана 50 тысячаў мірных жыхароў і 110 тысячаў чырвонаармейцаў. “Калі скласці разам, то гэта гара трупаў мусіць быць. Іх жа дзесьці пахавалі. І, відавочна, што іх не вывозілі за некалькі сотняў кіламетраў, а пахавалі дзесьці тут”, — падсумоўвае Яўген Малікаў.
Паводле дадзеных “Гомель. Энцыклапедычны даведнік 1991 года”, у абласным цэнтры налічваецца 10 братэрскіх магілаў. 2 братэрскія магілы — на могілках у Лешчынцы. У адной з іх перапахаваныя парэшткі расстраляных 800 чалавек з яўрэйскага гета. У другой — 277 чырвонаармейцаў і адзін партызан, якія загінулі пры вызваленні Гомеля. Яшчэ дзве братэрскія магілы — па вуліцы Савецкая, у адной з якіх пахаваныя 129 і вайскоўцаў і партызан, якія загінулі ў 1941 – 1943 гг. На плошчы Працы пахавана 28 чалавек, што загінулі ў баях у 1943 – 1944 гадах. Па вуліцы Інтэнданцкай — 8 зенітчыц і 45 мірных жыхароў, што загінулі падчас авіяўдару ў чэрвені 1941 года. 137 вайскоўцаў пахаваныя па вуліцы Тралейбуснай. 200 рабочых-падпольшчыкаў паравозарамонтнага завода, расстраляныя ў трох кіламетрах ад Гомеля ў 1943 годзе, пахаваныя ў братэрскай магіле па вуліцы Міра. Яшчэ ў адной магіле, якая знаходзіцца ў пасёлку Касцюкоўка, пахавана 15 вайскоўцаў. І прыкладна 1,5 тысячы насельнікаў яўрэйскага гета і 284 вайскоўца пахаваныя на Навабеліцкіх могілках.
“Атрымліваецца, што на тэрыторыі Гомеля пахавана каля 4 тысячаў людзей. Але ў Гомелі было знішчана 100–160 тысячаў. І дзе гэтыя людзі? Яны дзесьці тут ляжаць”, — падсумаваў Яўген Малікаў.
Падчас прэзентацыі журналісты адзначылі:
— Мы вельмі спяшаліся зафіксаваць успаміны доўгажыхароў пасёлка Краснае і некаторых навакольных вёсак Гомельскага раёна. Людзі адыходзяць, а з імі — сведчанні пра ваенныя злачынствы часоў Другой Сусветнай. Старыя не толькі распавялі пра месца масавых пахаванняў ахвяраў канцлагера Дулаг-121, але і пацвердзілі, што ў былым супрацьтанкавым рове праводзіліся расстрэлы цывільнага насельніцтва.
У нас ёсць сведчанні Яўгеніі Злотнікавай, 1932 года нараджэння, з якіх вынікае, што ў ваколіцах Краснага былі расстраляныя гомельскія габрэі. Ніякіх памятных знакаў (акрамя драўлянага крыжа, пастаўленага неабыякавымі людзьмі) дагэтуль няма.
Яўгенія Злотнікава паведамляе ў стужцы “Пастаўце ім залаты крыж”:
— Прыязджалі 5 машын штодня. А мы, дзятва, у тым ліку я, маленькая дурніца, залазілі на агароджу і глядзелі тую карціну. Нам трэба было плакаць, галасіць, Бога прасіць, а мы на плоце сядзім і глядзім, як возяць людзей у роў. А цяпер я ўзгадваю тую канаву, як я лазіла, нібы жаба якая, глядзець на забойствы. Бедныя габрэі! Іх жа абдурылі. Сказалі ім, што на перасяленне адпраўляюць. Дык яны ў лепшым адзенні былі! Ой, колькі там было плачу, колькі было крыкаў… І матулькі з дзеткамі на руках. Гэта проста нельга пераказаць.
— У ХХ стагоддзі мы сутыкнуліся з тым, што таталітарныя ідэалогіі не лічыліся з жыццём чалавека. Для таталітарнага рэжыму (нацысцкага ці савецкага) няважна, свой ты ці чужы. Ты ўсё роўна трапіш у безыменную магілу і дзесяцігоддзямі пра цябе не будуць ведаць, — зазначыў журналіст Мікола Бянько.
Прэзентацыя стужкі “Пастаўце ім залаты крыж” прайшла пры ўдзеле дыскусійнага клубу “Міжрэчча”. Паглядзець стужку можна на сайце тэлеканала «Белсат».