Журналісты становяцца публічнымі ахвярамі дэзінфармацыі і прапаганды. Канферэнцыя АБСЕ аб свабодзе і плюралізме СМІ ва Украіне
У Кіеве з удзелам прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў адбылася вялікая канферэнцыя АБСЕ “Узмацненне свабоды і плюралізму СМІ ва Украіне падчас канфлікту ў краіне і вакол яе” (#FOMUkraine). Этыка працы ў алігархічных медыя, фізічныя пагрозы журналістам, смерць тэлебачання і невялікі скандал на дэсерт — з усім гэтым маглі азнаёміцца ўдзельнікі форуму.
Канферэнцыя была скіраваная найперш на абмеркаванне сітуацыі ў медыйнай сферы ва Украіне. У ліку вострых пытанняў для журналістаў суседняй краіны: распаўсюд дэзінфармацыі і ілжывых навінаў, бяспека ў прафесійнай дзейнасці, праца алігархічных медыя — гэты блок суправаджаўся актыўнай дыскусіяй і высвятленнем адносінаў на тэму “хто ёсць сапраўдным журналістам”.
Сучасныя тэхналогіі даюць новыя магчымасці для распаўсюду інфармацыі, але і ствараюць новыя пагрозы. Фэйкі, мова варожасці ў лічбавых медыя пагражаюць бяспецы і стабільнасці грамадства, адзначыў у сваім вітальным слове прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір. Таксама ён згадаў пра абмежаванні ў працы журналістаў на Усходзе Украіны і ў Крыму, праблемы алігархічных медыя, якія адлюстроўваюць пазіцыі найперш іх уласнікаў, пэўных палітычных сілаў.
Прадстаўнік АБСЕ нагадаў пра забойствы журналістаў ва Украіне — Паўла Шарамета і Алеся Бузіны. Арлем Дэзір падкрэсліў, што гэтыя злачынствы мусяць быць раскрытыя.
Ці можа работнік алігархічнага СМІ называцца журналістам
Кіраўніца “Дэтэктар медыя” Наталля Лігачова падкрэсліла, што ва Украіне барацьба журналістаў з цэнзурай заўсёды была звязаная з дзяржаваю і ўласнікамі СМІ.
“Мы бачым памкненні дзяржавы кантраляваць медыя. Але цяперашнюю сітуацыю немагчыма параўнаць з часамі Кучмы, калі на кожны тэлеканал дасылалі так званыя “цемнікі”. Наша задача супрацьястаяць ціску дзяржавы, а яна заўсёды будзе да гэтага імкнуцца. Толькі цяпер я бачу абсалютна новы выклік. У 2010 годзе рух “Стоп цэнзура” з’явіўся пасля таго, як Каламойскі (Ігар Каламойскі — бізнес-алігарх, былы губернатар Днепрапятроўскай вобласці. — Заўв. Рэд.) паспрабаваў уплываць на палітыку свайго тэлеканала. Цяпер жа прадстаўнікі алігархічных СМІ, якія і не журналісты насамрэч, на міжнароднай арэне агучваюць сваю пазіцыю. А мы абараняем журналістаў з алігархічных каналаў, якія абараняюць інтарэсы найперш сваіх уласнікаў. Сёння яны “мочаць” Авакава, а заўтра будуць «мачыць» Рабіновіча, бо з Авакавым ужо дамовіліся”, — эмацыйна тлумачыла сітуацыю Наталля Лігачова.
Журналістка апелявала да прафесійных стандартаў і этыкі, выкананне якіх найперш адрозніваюць журналістаў ад прапагандыстаў.
Сярод іншых праблемаў медыясупольнасці Украіны экспертка называла шэрыя заробкі ў канвертах, адсутнасць салідарнасці сярод калег.
У якасці апошняга прыкладу яна згадала пра дэманстратыўныя звальненні супрацоўнікаў некаторых тэлеканалаў на знак пратэсту супраць ціску з боку ўласнікаў, што, праўда, ніяк не паўплывала на прафесійную супольнасць, яе пазіцыю.
“Мы павінны ціснуць на ўладу як рабілі гэта заўсёды. Але гэта магчыма толькі тады, калі мы самі будзем выконваць стандарты. Ёсць факты і ёсць фэйкі, няма альтэрнатыўных фактаў і альтэрнатыўных навінаў!» — эмацыйна падвяла рысу кіраўніца “Дэтэктар медыя” Наталля Лігачова.
Кіраўнік бюро Усходняй Еўропы і Сярэдняй Азіі «Рэпарцёраў без межаў» Ёхан Бір падкрэсліў, што ў інфармацыйнай вайне нельга выкарыстоўваць тыя ж схемы і падыходы, якія выкарыстоўвае твой апанент. Вядомы сайт “Міратворац» — адзін з такіх негатыўных прыкладаў.
“Па тых жа прычынах мы супраць дзяржаўнага рэгулявання медыя. Напрыклад, у Малайзіі некалькі тыдняў таму ўлада прыняла закон пра зняволенне за распаўсюд фальшывых навін. А праваабаронца з Бахрэйну быў пасаджаны ў турму за распаўсюд непраўдзівых навін, насамрэч ён толькі крытыкаваў урад. Так, трэба размяжоўваць ацэнкі, навіны, прапаганду. Але гэта не справа дзяржавы”, — сказаў Ёхан Бір.
“Журналісты становяцца публічнымі ахвярамі дэзінфармацыі і прапаганды, бо яна падрывае давер, — заўважыў Андрэй Рыхтэр, старэйшы дарадца Офісу Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях СМІ. — Журналісты шукаюць праўду, а памылкі шукаюць журналістаў. Але важна журналістам самім даваць магчымасць вырашаць гэтую праблему. Ужо хапае інструментаў, каб пазбягаць такіх памылак: рэдакцыйны кантроль, органы самарэгуляцыі. Ёсць права на адказ, права асобы каментаваць падзеі”.
Кожны чацвёрты дзень адбываецца напад на журналістаў
Кіраўнік Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргей Таміленка ў свіам выступе распавёў пра шматлікія пагрозы фізічнга гвалту, з якімі сутыкаюцца рэпарцёры.
Паводле яго слоў, летась было зафіксавана 90 выпадкаў фізічных нападаў на журналістаў. Такія здарэнні фактычна адбываюцца ў краіне кожныя чатыры дні.
Таміленка бачыць у гэтай сітуацыі віну ўладаў. Ён прывёў прыклады ненармальнай рэакцыі чыноўнікаў на журналісцкія матэрыялы, расследаванні.
Напрыклад, кіраўніцтва СБУ публічна пагражала аўтарам журналісцкага раследавання ды абяцала “разабрацца”.
Прадстаўнік прафесійнага саюза згадаў і пра выпадак, калі Нацбанк Украіны запатрабаваў у камерцыйнага банка выдаць дадзеныя пра рахункі, рух сродкаў на іх журналістаў пэўнага тэлеканала. У запыце былі ўказаныя не толькі імёны і прозвішчы журналістаў, але і іх псеўданімы. Што гэта, як не наўпроставы ціск на работнікаў медыя?
“Мы не бачым тут лідараў дзяржаўных ведамстваў, якія б прыйшлі сюды, хацелі б аб’яднаць свае намаганні з прадстаўнікамі АБСЕ, медыя ў пытаннях свабоды СМІ”, — рэзюмаваў Сяргей Таміленка.
Удзельнікі канферэнцыі віталі яго выступ бурнымі апладысментамі. Відавочна, узаемаадносіны з дзяржаваю ў украінскіх журналістаў не самыя простыя. Але важна, што гэта публічна агучваюць падчас прадстаўнічага форуму, а не толькі наракаюць на несправядлівасць у кулуарах.
Медыя канкуруюць з порнасайтамі
Кіруючы партнёр камунікацыйнага агенцтва Plus One Максім Саванеўскі распавёў прысутным, што прыйшло на змену заблакаваным расійскім сацсеткам “Одноклассники» і «ВКонтакте».
Паводле даследаванняў, цяпер каля 90 % заходаў у СМІ адбываецца з Facebook, наведвальнасць жа сацсетак “Одноклассники» і «ВКонтакте» ва Украіне цяпер у межах статыстычнай памылкі.
Эксперт заявіў, што 60 % украінцаў не чытаюць навіны ў інтэрнэце ўвогуле.
15–20 % украінцаў па-ранейшаму чытаюць расійскія інфармацыйныя рэсурсы.
Агульны трэнд у медыяспажыванні: час на чытанне навін змяншаецца, а медыя сталі “жаўцець”. І гэта тычыцца ўсіх. Людзі ўсё больш часу бавяць у мэсэнджэрах.
“Час, які людзі гатовыя патраціць на забавы, абмежаваны. А медыя — таксама забава. Таму атрымліваецца так, што медыя канкуруюць з усім: ад порнасайтаў да сацыяльных сетак.
Калі вы хочаце, каб медыя мела добрыя ахопы з сацыяльных сетак, то трэба даплочваць за рэкламу. Facebook будзе памяншаць ахопы навіновых медыя, каб выціскаць іх прысутнасць”, — папярэдзіў Саванеўскі.
Эксперт нагадаў, што тэлебачанне сярод маладой аўдыторыі па-ранейшаму губляе папулярнасць. Маладыя людзі цяпер глядзяць відэа ў Youtube і Instagram.
Цяпер зразумела, што Instagram становіцца новым тэлебачаннем, і Facebook робіць стаўку на гэта.
Раней медыя самі вызначалі парадак дня, цяпер медыя падстройваюцца пад карыстальніка. Facebook паказаў выдатную мадэль персаналізацыі, якая змушае людзей доўга праводзіць там час. Таму мы на шляху персанальнага падбору навінаў. Гэты працэс запушчаны. Далей можна чакаць, што робаты будуць паказваць кожнаму эўны змест адной і той жа навіны — аналітыка, фота, сціслае паведамленне і гэтак далей.
Агулам можна гаварыць, што новыя тыпы кантэнту патрабуюць новага медыяменеджменту, а той у сваю чаргу стварае новыя медыя.
Сенсацыйная заява ці правакацыя?
Напрыканцы працоўнага дня абмяркоўвалі сітуацыю з украінскім рэжысёрам Алегам Сянцовым, які асуджаны ў Расіі да 20 гадоў калоніі быццам бы за падрыхтоўку тэрактаў на тэрыторыі Крыма. Расійскае следства сцвярджае, што знайшло ў рэжысёра выбухоўку, Сянцоў гэта адмаўляе.
Пасля паказу фільма пра Алега Сянцова на сцэну выйшаў невядомы ў ваеннай форме і зрабіў прызнанне, што быццам бы гэта ён і прывёз тую выбухоўку Сянцову. Мужчына казаў блытана, але з яго слоў вынікала, што падчас анэксіі Крыма завёз туды нейкі прадмет, з‑за якога пасля асудзілі Сянцова. З кантэксту вынікала, што мужчына распавядаў менавіта пра выбухоўку.
“Чаму я раблю гэтую заяву? Мне хочацца, каб спецслужбы нарэшце выявілі тых здраднікаў, якія злілі гэтую інфармацыю і падставілі Алега. Разумееце, дваццатку, якую ён атрымаў (20 гадоў зняволення. — Заўвага. Рэд.) — гэта практычна смяротны прысуд. Гэта значыць, той маштаб ведаў, які ён мае, як раз і ёсць пацвярджэннем вось гэтых дваццаці гадоў, якія яму далі. Ён нявыгадны сваімі ведамі як Кіеву, так і іншым таварышам».
Украінскі рэсурс strana.ua апазнаў у гэтым чалавеку Сяргея Серыкава, які, меркавана, служыў у зоне АТА, займаўся валанцёрскай дзейнасцю. Але наколькі яго словы адпавядаюць рэчаіснасці — невядома.