Моладзь у сучаснай беларускай журналістыцы. Тры партрэты
БАЖ распавядае пра трох беларускіх журналістаў і журналістак, чые станаўленне прыпала якраз на наш пераломны і непрадказальны час. Якую цану моладзь у выгнанні плаціць за магчымасць заставацца ў прафесіі?
«Мы павінны працаваць удвая больш – каб аднойчы хлусня не стала праўдай»
Ангеліна Занько, 24 гады, журналістка тэлеканала «Настоящее время».
— У 2021 годзе я павінна была закончыць факультэт журналістыкі БДУ. Увогуле ж я працую з 18 гадоў, але ў незалежную журналістыку прыйшла ў 2021 годзе. Спачатку была на сайце, разгромленым і прызнаным «экстрэмісцкім», а апошнія паўтара года працую на тэлеканале «Настоящее время».
Да 2020 года я асвятляла больш спартыўныя падзеі. З 2021 года пачала працаваць у відэажурналістыцы. Да пратэстаў я ўжо мела пэўны журналісцкі вопыт, таму нельга сказаць, што я прыйшла ў прафесію з‑за пратэстаў.
— Чаму вы апынуліся ў эміграцыі?
— Мяне ўзялі на працу ў медыя, якое літаральна праз пару тыдняў ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім». Ужо пасля майго працаўладкавання аднаго майго калегу затрымалі, ён знаходзіўся пад следствам. Стала зразумела, што маё далейшае знаходжанне ў Беларусі немагчымае. Але я вельмі хацела працаваць журналістам, і менавіта незалежных медыяў.
— То-бок, да заканчэння журфака вам заставалася…
— Два месяцы…
— З якімі праблемамі вы штодня вымушаныя сутыкацца ў эміграцыі?
— Часам здаецца, мы зараз вельмі моцна адрэзаны ад беларускага грамадства, якое засталося ўнутры краіны: становіцца ўсё цяжэй размаўляць з людзьмі. Нават калі абяцаеш змяніць голас, не называць імя, людзі ўсё роўна часта адмаўляюцца даваць інтэрв’ю.
Тут давялося кінуць журфак, бо я вучылася на бюджэтным аддзяленні, а значыць, пасля заканчэння мусіла ісці ў дзяржаўнае медыя на адпрацоўку. Да лета 2021 года стала зразумела, што ў Беларусі амаль не засталося магчымасцяў існаваць у незалежнай журналістыцы. Таму ўжо ў ліпені 2021 года я з’ехала з краіны.
Часам здаецца, што мы ўсё менш і менш можам уплываць на сітуацыю. У Беларусі зараз істотна ўпалі прагляды незалежных медыяў, таму што амаль усе яны аб’яўлены «экстрэмісцкімі». Але нават у такой цяжкой сітуацыі, мне здаецца, мы павінны працаваць у два разы болей, і нам ніяк нельга зараз пакідаць прафесію. Як казаў мой былы рэдактар, каб аднойчы хлусня не стала праўдай.
Найчасцей, канешне, ты сутыкаешся з асабістымі праблемамі, самая цяжкая з іх — рэдка бачышся з роднымі. У многіх журналістаў, з якімі я кантактую (і ў маладых, і ў больш старэйшых людзей), з’явіліся праблемы з ментальным ці фізічным здароўем — напэўна, гэта тая цана, якую плоцяць журналісты за тое, што працягваюць працаваць. Не трэба хадзіць далёка за прыкладамі: літаральна з паўгода таму я сама ляжала ў бальніцы з дэпрэсіяй. Але мы не можам усё кінуць і сысці з прафесіі.
— Што найбольш цяжка адчуваецца: фізічнае здароўе, маральны стан, матэрыяльныя праблемы?
— Асабіста ў мяне няма сям’і, таму перада мной матэрыяльныя праблемы стаяць не так востра: я за сябе магу несці адказнасць.
Напэўна, усё ж найбольш балюча адбіваецца ментальны ціск. Мы з калегамі сустракаемся і абмяркоўваем надзённыя праблемы: напрыклад, сітуацыю, у якой апынуўся «Белсат», — яна моцна б’е і па журналістах з іншых рэдакцый. Усім страшна аказацца без працы, тым больш у эміграцыі, без магчымасці на месяц-другі вярнуцца пад бацькоўскія крылы і за гэты час перабудаваць сваё жыццё.
З сябрамі (з равеснікамі і не толькі) вельмі часта абмяркоўваем будучыню беларускай журналістыкі. Мы ўсе моцна перажываем за гэта. Асабіста я спадзяюся, што незалежная журналістыка надалей застанецца хоць бы на цяперашнім узроўні.
— Зараз вы жывяце ў вымушанай эміграцыі з цэлым возам праблемаў на плячах. Ці не задумваліся над тым, каб змяніць сферу дзейнасці, выбраць больш грашовую, стабільную і бяспечную працу?
— Не буду ўтойваць, што мяне перыядычна наведваюць думкі перайсці ў іншую сферу. Але я вельмі люблю тое, што раблю: я пра гэта доўга марыла. Дый у часы вучобы на журфаку я бачыла многа равеснікаў, якія прыйшлі на першы курс з агеньчыкам у вачах, а да чацвёртага курса іхнія вочы згасалі. У мяне ўсё не так было: і на першым, і на чацвёртым курсах мне падабалася абраная прафесія. На сённяшні дзень, бадай, самая вялікая мая мара — вярнуцца ў Беларусь і працягнуць сваю дзейнасць там. І гэтая надзея на ўзлёце тушыць усе думкі пра кардынальныя змены ў маім жыцці.
«Як ты мог: здрадзіў дзяржаве, здрадзіў радыё — здрадзіў усім»
Аляксей Гуліцкі, 23 гады, супрацоўнічае з «Маланка медыя» і KYKY.
— Я паступіў на журфак у 2018 годзе. Планавалася, што мяне размяркуюць на радыё «Радыўс FM», на якім я крыху працаваў апошні год навучання. Там я расказваў навіны. Чым мне падабалася гэтая радыёстанцыя (хоць яна і дзяржаўная), дык сваёй арыентацыяй на моладзевую аўдыторыю. У эфіры не было палітыкі, таму сумленне маё было адносна спакойным: мне не даводзілася трансляваць ніякую прапаганду.
Потым пачалася вайна ва Украіне. У мяне быў ранішні эфір, але ў такіх абставінах я не мог забаўляць публіку. Таму ў эфіры я пачаў даваць навіны пра вайну, не з прарасійскага боку, вядома. Кіраўніцтва пачула гэты выпуск, мяне цягам аднаго дня звольнілі, а наступным днём адлічылі з універсітэта.
Перад адлічэннем адбылася размова з загадчыцай кафедры, якая тонка намякнула: лепш мне пакаваць чамаданы і куды-небудзь з’язджаць. Я, апрача ўсяго, прымаў удзел у пратэстах на факультэце. Дык загадчыца патлумачыла, што за мной і без таго ўжо сачылі, а выпускам навінаў я нібыта сам сябе падставіў. І параіла з’язджаць.
— Як вас звальнялі з радыё? Якую прычыну назвалі?
— Я правёў ранішні эфір з 7 да 11 гадзінаў і пайшоў дадому. Пасля апоўдня мне патэлефанавала дырэктарка радыё, патрабавала прыйсці, маўляў, ёсць сур’ёзная размова. Я прыйшоў да яе ў кабінет, яна — у крык: як ты мог, здрадзіў дзяржаве, здрадзіў радыё – карацей, здрадзіў усім. І сказала: мы можам даць табе яшчэ адзін шанец, але каб такое больш не паўтаралася.
Я адказаў, што не змагу маўчаць пра вайну ці асвятляць яе з расійскага боку. Тады яна са мной развіталася і загадала, каб мяне тым жа днём разлічылі. А на наступны дзень выклікалі на журфак. На радыё «Радыўс FM» я праходзіў практыку, а са звальненнем, атрымліваецца, я яе не закрыў, таму фармальна мяне не маглі дапусціць да дзяржэкзаменаў.
Я адразу напісаў у ЕГУ (ведаў, што такі ўніверсітэт існуе у Вільні, ён дапамагаў некаторым маім аднакурснікам пасля адлічэння з журфака), распавёў сваю сітуацыю і папрасіў дапамогі. Мяне адразу ўзялі на трэці курс, дапамаглі з візай — і я пераехаў у Літву.
Толькі пасля пераезду я пачаў паўнавартасна працаваць у журналістыцы. Гэта было ў 2022 годзе. Я каля дзевяці месяцаў працаваў з Беларускім раследвальніцкім цэнтрам, потым перайшоў у KYKY (супрацоўнічаю з выданнем і зараз, але паколькі сайта ў іх больш няма, наша супрацоўніцтва носіць перыядычны характар). Асноўныя сілы цяпер аддаю «Маланцы медыя».
— Вы ў эміграцыі ўжо два гады. З якімі праблемамі — прафесійнымі і асабістымі — сутыкаецеся ў выгнанні?
— Зараз мне ў асноўным даводзіцца размаўляць з людзьмі, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі. Па-першае, іх цяжка шукаць. А па-другое, усе медыі, дзе я працаваў, прызнаныя «экстрэмісцкімі», таму не ўсе пагаджаюцца гаварыць. Дый я сам асцерагаюся браць некаторыя каменты.
Галоўную прафесійную праблему я б апісаў так: знаходзіць людзей, размаўляць з імі, а потым яшчэ апрацоўваць тэксты так, каб не падставіць гэтых людзей. Часам даводзіцца мяняць дэталі, імёны.
Але заўсёды першыя некалькі дзён пасля публікацыі, можа, з тыдзень, я заўсёды трасуся: ці не будзе наступстваў для чалавека, які даў мне каментар? Прычым каментар не абавязкова на палітычную тэму – каментар пра што заўгодна.
І часам я перажываю за тое, што некалькі гадоў ужо не быў у Беларусі, адрываюся ад кантэксту, і мяне наведваюць сумневы: а ці патрэбна там тое, што я раблю тут? І гэта часам дэматывуе. Каб гэтага не здарылася, стараюся падтрымліваць сувязі з людзьмі, якія засталіся там.
Мне насамрэч падабаецца Вільня, падабаецца Літва, тут я знайшоў сваю кампанію. Адаптаваўся досыць хутка. Цяжка толькі, бо сумую па дому, і не ведаю, ці змагу калі-небудзь убачыцца з сям’ёй. Не так даўно мяне падалі ў міжнародны вышук у Расіі і Беларусі, таму да падарожжаў я цяпер адношуся вельмі насцярожана. Не магу памяняць пашпарт, тэрмін якога хутка закончыцца. Ціск з боку беларускай дзяржавы мяне трывожыць куды больш, чым асабістыя цяжкасці.
— Эміграцыйны хлеб не такі лёгкі, як яго малюе прапаганда. Вы ў выгнанні, хапае і асабістых, і прафесійных праблемаў, і бяспека турбуе. Спакусу змяніць сферу дзейнасці на іншую, якая дала б і больш фінансаў, і забяспечыла бытавы камфорт, і дала большую ступень бяспекі, не адчувалі?
— Ведаеце, над гэтым пытаннем ніколі не задумваўся нават. Я ніколі не сутыкаўся з дылемай заставацца ці сыходзіць, можа, проста таму, што яшчэ малады, ёсць яшчэ і нервы, і запал.
Я з’ехаў з Беларусі нечакана для сябе самога. З аднаго боку, у мяне засталася нейкая крыўда на дзяржаву, а з другога — азарт: раз вы мяне выціснулі з краіны, значыць, я буду рабіць яшчэ больш, чаго не змог бы зрабіць, знаходзячыся дома. І пакуль ёсць гэты запал, у мяне не ўзнікае сумненняў.
Я лічу сябе журналістам, я хачу працаваць у журналістыцы — і з ідэалагічнага пункту гледжання, і як спецыяліст я адчуваю сябе тут вельмі камфортна і да месца. Я люблю размаўляць з людзьмі, мне падабаецца расказваць гісторыі. І мяне вельмі радуе, што я магу на нешта ўплываць, дзякуючы сваёй працы.
«Абавязкова вярнуся ў Беларусь: буду разбіраць архівы КДБ»
Глафіра Жук, 23 гады, журналістка «Радыё Свабода».
— На факультэт журналістыкі БДУ паступіла ў 2018 годзе на спецыяльнасць «друкаваныя СМІ». Вучылася на бюджэтным аддзяленні, атрымлівала павышаную стыпендыю ці то 120, ці то 130 рублёў.
Чаму я выбрала менавіта на журфак? Ведаеце, дзіўная гісторыя. Недзе ў 7 ці 8 класе я пайшла ў сталічны Палац дзяцей і моладзі, каб запісацца на гурток. Хацелася дадатковай актыўнасці пасля школы. Спачатку меркавала выбраць маляванне, але нешта штурханула мяне ісці далей па радах з гурткамі.
Тады ў мяне не было думкі стаць журналістам, але я спынілася менавіта перад стэндам з гурткамі па журналістыцы. Хацела далучыцца да гуртку друкаваных СМІ, але там не аказалася месцаў. Тады мяне хутка сасваталі ў гурток па радыёжурналістыцы. Гэта не тое, што я хацела, але падумала: паяўлюся два-тры разы, калі не спадабаецца, проста перастану хадзіць. Прыйшла раз, два, тры — і я ўцягнулася. Мы вучыліся пісаць тэксты, якія трэба агучваць, спрабавалі мантаваць гук, асвойвалі спецыяльную праграму. Рабілі дзіцячыя радыёпраграмы, якія пасля трансляваліся ў Палацы дзяцей і моладзі.
У 9 класе я не спынілася і пайшла запісвацца адразу на два гурткі: на радыёжурналістыку і на друкаваныя СМІ. Бліжэй да 10 класа стала зразумела, што мне гэта падабаецца, гэта маё. І, канечне, хацелася ўжо рабіць нейкія першыя публікацыі ў медыях.
Тады выкладчыца гуртка прапанавала зрабіць сапраўднае інтэрв’ю для радыё «Культура». Я памятаю сваю першую радыёпраграму: жахлівая стужка, жахлівае інтэрв’ю, жахлівае ўсё, але яно пайшло ў эфір… Была 8–10 хвілінная размова з 14-гадовай спявачкай, якая выступала на розных мерапрыемствах і марыла пра вялікую сцэну.
Я вучылася ў прыватнай школе. У мой час у прыватных школах не віселі партрэты Лукашэнкі, мы вучыліся не па падручніках, якія рэкамендавала Мінадукацыі, а вывучалі прадметы на больш высокім узроўні. Нас не вадзілі на хакей, дзе гуляе Лукашэнка, не выводзілі на суботнікі: пра ідэалогію ў чыстым выглядзе мы не ведалі, і на інфармацыйнай гадзіне навіны пра Лукашэнку апускаліся. А мае настаўнікі з Палаца моладзі запрашалі на заняткі незалежных журналістаў.
Здарылася такая містычная гісторыя: з журналісткай TUT.BY, якую запрашалі на заняткі, пазней мы адседзелі ў адной камеры на Акрэсціна – яе вызвалілі, а мяне ў той жа дзень пасадзілі.
У 2018 годзе я паступіла на журфак. Ішла туды вучыцца прафесіі, якую тады ўяўляла так: буду пісаць тэксты праблемнага, аналітычнага характару, якія будуць дапамагаць уладам, чыноўнікам вырашаць грамадскія праблемы.
Але ў свае 17 гадоў я моцна пралічылася, не разумела: як у медыя у сучасным свеце можа існаваць цэнзура? Калі ў Палацы дзяцей і моладзі гаварылі пераважна пра незалежную журналістыку і амаль не гаварылі пра дзяржаўную, то на журфаку ўсё было наадварот.
Недзе ў канцы 1‑га курса я зразумела, што нешта тут не так. Калі пачаўся курс паліталогіі, я зразумела, што не так і ў чым прычына. На другім курсе гэта мяне моцна засмуціла, бо я зразумела, што перспектыва адпрацоўваць два гады ў дзяржаўных СМІ (я вучылася на бюджэце) мяне зусім не вабіць.
Другі курс стаў вельмі балючым для мяне і пераломным: прыйшло разуменне, што займацца рэальнай журналістыкай у дзяржаўных СМІ не змагу. Пасля практыкі ў дзяржмедыя зразумела, што не хачу там працаваць. І я стала шукаць варыянты супрацоўніцтва з незалежнымі медыямі. Але да 2020 года ў мяне не атрымлівалася. Час ад часу рабіла нейкія публікацыі, але так, каб на палітычныя тэмы, праблемныя тэмы, якія б выклікалі дыскусію, — не. А вельмі хацелася, гарэла гэтым вельмі.
Пасля выбараў 2020 года мы з пратэстуючымі студэнтамі ў верасні арганізавалі сустрэчу з журналістамі TUT.BY, яшчэ ў Прэс-клубе. На яе прыйшло шмат моладзі, бо ўсе хацелі ведаць, як журналісты працуюць, калі ў іх страляюць. Пасля гэтай сустрэчы нас выклікаў намеснік дэкана журфака Фёдар Драбеня, і мы пісалі тлумачальныя, чаму і як апынуліся на гэтай сустрэчы.
Я таксама пісала тлумачальную. Пасля напісала нататку пра гэты факт, і вырашыла аддаць у медыя.
Гэтая сустрэча падштурхнула мяне да супрацоўніцтва з беларускімі медыямі, бо журналісты TUT.BY сказалі, што ім вельмі не хапае рук. Так атрымалася, што гэтую нататку я даслала «Народнай Волі», на наступны дзень газета надрукавала яе. Мне пазванілі з выдання і пацікавіліся, ці магу я зрабіць інтэрв’ю з адной дэпутаткай, якая выступіла супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. У мяне адразу загарэліся вочы: я зрабіла гэтае інтэрв’ю і аддала. Так і стала пісаць у «Народную Волю».
Я вельмі мала папрацавала з газетай да свайго арышту, але гэтыя 6–8 месяцаў былі неверагодным часам: у мяне атрымалася рабіць сапраўдную незалежную журналістыку. Гэтыя месяцы я ніколі ў жыцці і не забуду.
З верасня 2020-га па травень 2021 года я папрацавала ў незалежных медыях. Пасля мяне арыштавалі на 30 сутак за тое, што прыйшла на суд па «справе студэнтаў», адкуль таксама рыхтавала матэрыял. Яшчэ ў камеры я зразумела, што перада мной просты выбар: альбо з’язджаць, альбо апынуцца ў турме. Тым больш, што пасля сутак мяне адлічылі з журфака. У верасні 2021 года я з’ехала з Беларусі.
— Куды вы накіраваліся?
— Спачатку з’ехала ў Нямеччыну: Нямецкая федэрацыя журналістаў запрасіла да сябе на месяц. У Беларусі медыйшчыкаў сталі масава пераследаваць, таму я і не вярнулася дадому. Праз месяц жыцця ў Германіі я паляцела ва Украіну, у Кіеў: там знаходзіліся некалькі маіх знаёмых. У мае 20 гадоў у кішэні ляжала мізэрная сума грошай, якіх хапіла б на месячную арэнду жытла і на прадукты. Гэта і была мая асноўная праблема: грошай не было, каб пратрымацца хаця б 2–3 месяцы самастойна. І тут на дапамогу прыйшлі неабыякавыя людзі і арганізацыі, якія падтрымалі мяне да таго моманту, як я знайшла працу.
Першы час у Кіеве я жыла ў хостэле, які бясплатна мне даў Free Belarus Center. Самае складанае было ў тым, што я апынулася ў эміграцыі без сям’і. Рэальнасць такая: ты адна — і спрабуеш неяк выжыць у адзіночку.
Пасля чатырох месяцаў жыцця ў Кіеве, калі толькі-толькі наладзіўся нейкі быт, пачалася вайна. І мне зноў давялося пераязджаць. Гэтым разам я пераехала ў Вільню, і толькі праз паўгода ўдалося перавезці рэчы. Не толькі пераезд даўся цяжка псіхалагічна, але абсалютна бязлітасным да мяне здаваўся гэты свет. І ўсё ж за некалькі гадоў у эміграцыі я вельмі моцна вырасла як журналістка.
Калі казаць пра прафесійныя выклікі, то на першае месца я б паставіла адсутнасць доступу да інфармацыі. Фізічна ты не ў Беларусі і працуеш дыстанцыйна, а здабываць інфармацыю становіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Я якраз той чалавек, які ў Беларусі амаль і не працаваў: чатыры гады ўжо ў журналістыцы ў эміграцыі, тады як у Беларусі папрацавала толькі 8 месяцаў.
— Чым для вас стала эміграцыя?
— Не хачу называць яе нязручнасцю — ні часовай, ні пастаяннай. Для мяне эміграцыя — балючы стан: ні вярнуцца ў краіну, ні пабачыцца з блізкімі людзьмі. Але калі глядзець з іншага боку, то менавіта тут я здабыла сваю прафесію.
Я вярнуся ў Беларусь, дакладна вярнуся. Маю грандыёзныя планы і нават ведаю, чым буду займацца. Я не ўпэўнена, што па вяртанні мяне будзе цягнуць на працу ў полі, я хацела б зазірнуць у архівы КДБ. Буду вывучаць і аналізаваць савецкія рэпрэсіі, сучасныя рэпрэсіі ў Беларусі: занадта многа нам трэба даведацца. Хацела б напісаць некалькі навуковых прац па гэтай тэме.
— Чаму вы пасля ўсіх складанасцяў застаецеся ў журналістыцы?
— Калі стамляешся пісаць, гаварыць пра рэпрэсіі супраць беларусаў, пра дзікія тэрміны, то розныя думкі прыходзяць у галаву. Але я ўжо столькі прайшла — цяпер гэта усё перакрэсліць? Вучыцца на ITшніцу? Дый мае мазгі пад айці дакладна не заточаны. Асімілявацца ў Літве і шукаць сябе ў цывільнай прафесіі? Я ўсё ж пра Беларусь, я для Беларусі, я — ідэйная. Не бачу нават сябе ў літоўскіх ці польскіх медыях. Сваю будучыню я дакладна звязваю з журналістыкай, таму што я ўсё яшчэ шчыра веру, што яна можа і мяняе жыццё да лепшага.