• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісты: Пенсія ў 100 долараў — гэта не тыя грошы, за якія можна нават па-жабрацку існаваць

    У Беларусі плануецца падвысіць пенсійны ўзрост на тры гады. Маланкавыя змены ў пенсійным заканадаўстве нават выклікалі сякую-такую дыскусію ў грамадстве. Можа падацца, што журналістаў гэтая тэма закранае ўскосна. Маўляў, творчыя людзі заўсёды "ў шыхце". Але калегі рэальна глядзяць на жыццё.

    Чаму падвышэнне пенсійнага ўзросту — непазбежнасць?

    Рашэнне падвысіць пенсійны ўзрост для кіраўніцтва любой краіны выключна непапулярнае. Чаму ў Беларусі яно прымаецца менавіта сёння?

    Любоў Лунёва, палітычны аглядальнік газеты “Народная воля”:

    “Краіны Еўропы старэюць. Такая сітуацыя і ў Беларусі. Гэта звязана і з тым, што ў нас невысокая нараджальнасць, і з тым, што многа маладых людзей вымушаныя з’язджаць з краіны ў пошуках лепшай долі, каб забяспечыць сябе і свае сем’і.  У гэтай сітуацыі для ўладаў няма іншага выйсця як падвысіць пенсійны  ўзрост.

    Уладзімір Глод, карэспандэнт “Радыё Свабода” ў Мінску:

    “Я думаю, што гэта ўсё ж такі непазбежны працэс. Падвышэнне пенсійнага ўзросту характэрна для розных краін. І ў тых, дзе ўзровень жыцця вышэйшы, чым у Беларусі, і ў тых, дзе крыху ніжэйшы — незалежна ад эканамічных поспехаў. Гэта тлумачыцца тым, што працягласць жыцця насельніцтва ўзрастае, і ўсё складаней падтрымліваць эканоміку на такім узроўні, каб працуючая частка магла аплочваць жыццё непрацуючай часткі.

    Час гэтай акцыі абраны невыпадкова. Мне падаецца, што гэтае пытанне можна было вырашаць гадоў 5 таму, калі эканамічнае самаадчуванне беларусаў было значна лепшым. Тады гэтае рашэнне не было б такім балючым. Але ўлада ўвесь час адкладала яго, бо гэта было б усё ж такі непапулярнае рашэнне і давала б Лукашэнку толькі мінус, а не плюс да рэйтынгу.

    Цяпер, як мне падаецца, надышоў час, калі праблема стала відавочнай: улада прызнае, што ў пенсійным фондзе сродкаў можа хутка не хапіць, не будзе чым  плаціць людзям пенсіі. А гэта значыць — абурыць і настроіць супраць сябе самую прыхільную частку насельніцтва Беларусі. Таму гэта вымушаная мера”.

    Эканоміка супраць маральнасці: ці варта ахвяраваць маральным бокам на карысць эканамічнага?

    Падаецца лагічным, што эканамічны бок сітуацыі патрабуе прыняцця непапулярных мераў. Але маральны складнік рашэння далёкі ад ідэальнага. Калі ўлічваць такія фактары, як працягласць жыцця ў краіне, узровень медычнай дапамогі і ўзровень пенсіі насельніцтва  ў параўнанні з  ростам коштаў на тавары і паслугі, то пенсіянеры становяцца ахвярай спробы вырашыць  эканамічную праблему.

    Анатоль Гатоўчыц, старшыня Гомельскага аддзялення ГА «БАЖ», працуе журналістам 40 гадоў: “Падвышэнне пенсійнага ўзросту я лічу няправільным, таму што сярэдняя працягласць жыцця ў краіне не высокая.  Асабліва ў мужчын — у межах 64 гадоў. Калі, напрыклад, узяць асобныя раёны Гомельскага рэгіёна — у Чачэрскім раёне сярэдняя працягласць жыцця мужчын не дацягвае і 60 гадоў. І гэта не адзінкавыя раёны ў Гомельскай вобласці, ёсць і іншыя ў краіне”.

    Любоў Лунёва: “Беларусь — краіна, якая пацярпела ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У нас не зроблена ўсеагульная нацыянальная дыспансерызацыя, не робяцца тэсты насельніцтва. У сітуацыі, калі людзі самі павінны змагацца за сваё жыццё, яны цяпер яшчэ будуць павінны працаваць на тры гады больш.

    Узровень жыцця ў нашай краіне і ўзровень медычнага абслугоўвання на такім нізкім узроўні, што людзі не змогуць “атрымаць асалоду”  ад пенсіі — асабліва мужчынская частка насельніцтва — калі  будуць выходзіць на пенсію ў гэтым узросце. Але пенсія ў 100 долараў — гэта не тыя грошы, за якія чалавек можа не тое што годна існаваць, а нават па-жабрацку існаваць.

    У чалавека не будзе магчымасці заплаціць не тое што за годнае медыцынскае абслугоўванне, а нават за штодзённыя патрэбы. Ён зможа аплаціць камунальныя паслугі, тэлефон, купіць хлеб і туалетную паперу. У такой сітуацыі павышэнне пенсійнага ўзросту падаецца проста трагічным”.

    Балючым для грамадзян стаў і сам працэс прыняцця рашэння падвышэння пенсійнага ўзросту.

    Сяргей Ваганаў, незалежны журналіст, пенсіянер: 

    “Маральны бок — амаральны. Па-першае, калі вы памятаеце перадвыбарчую кампанію, Аляксандр Рыгоравіч абяцаў, што не будзе павышаць пенсійны ўзрост. Тобок электарат быў падмануты.

    Па-другое, гэты працэс цалкам трымаецца на хлусні. Вось логіка: «Трэба абмеркаваць гэта з народам», а ў выніку атрымалася так, што адзін чалавек за ўвесь народ пагадзіўся. Гэта таксама, на мой погляд, справа амаральная, так нельга размаўляць з людзьмі.

    Ну і самае галоўнае — гэтая пенсія разглядаецца як нейкая падачка. Маўляў, мы не будзем змяншаць пенсію, а будзем  падвышаць пенсійны ўзрост. Пенсія змяншаецца з году ў год. Мая пенсія зменшылася амаль на 100 долараў.  Я не памятаю, калі нейкая індэксацыя адбывалася”.

    Анатоль Гатоўчыц: “Перш чым падвышаць пенсійны ўзрост, праводзіць рэформу, трэба было правесці рэферэндум ці плебісцыт нейкі. Пра сцяг бел-чырвона-белы рэферэндум праводзілі. А пра тое, каб падвысіць людзям пенсійны ўзрост, — не. Паспяшаліся запэўніць, што ўсе ў нас — і людзі старэйшага ўзросту, і  маладзейшага — нібыта за тое, каб павысіць пенсійны ўзрост. Ёсць, канешне, тут і праблема эканамічная: якім чынам утрымліваць тую катэгорыю людзей, што дасягнула пенсійнага ўзросту. Але гэта ўжо справа падыходу ўлады да эканомікі. А не ўсеагульны «адабрамс» пра тое, што мы ўсе — за павышэнне пенсійнага ўзросту.

    Падвысілі пенсійны ўзрост — што далей?

    Журналісты таксама звяртаюць увагу на тое, што толькі падвышэнне пенсійнага ўзросту не вырашыць праблемы дэфіцыту сродкаў для выплаты пенсіі.

    Уладзімір Глод: “Адзінае пытанне — ў тым, як пойдуць далей пенсійныя рэформы. Бо проста падняць пенсійны ўзрост, з майго пункту гледзішча, не вырашае ўсёй праблемы. У іншых краінах не проста падвышаюць пенсійны ўзрост, а ствараюць спецыяльныя фонды сацыяльнай абароны, з якой плацяць пенсіі. І, што самае важнае, — гэтыя фонды недзяржаўныя. Я думаю, што дзяржава не захоча адпусціць гэтыя грошы ў незалежныя фонды. Наўрад ці кіраўніцтва пойдзе на тое, каб змяніць манаполію дзяржавы і ў пенсійнай сферы. Шмат людзей сталага ўзросту, асабліва ў сельскай мясцовасці, шчыра вераць да гэтага часу, што пенсію ім плаціць асабіста Лукашэнка. А калі будуць сродкі ў недзяржаўных фондах, то гэтая вера насельніцтва будзе разбурацца — тое, што абсалютна непатрэбна цяперашняму кіраўніку дзяржавы. Таму, на мой погляд, пенсійная рэформа будзе абмежаваная толькі падвышэннем пенсійнага ўзросту. Гэта крок патрэбны, але, на мой погляд, не вырашае ўсёй праблемы. 

    Больш за тое — пенсійная рэформа, магчыма, патрабуе дыферэнцыяцыі прафесій розных катэгорый і перагляду налічэння заробку працуючым пенсіянерам.

    Сяргей Ваганаў:  “На пенсіі я адпрацаваў 8  гадоў. Плаціў адлічэнні ў сацыяльны фонд. Стаж ад працы на пенсіі не падвышаецца. І так ва ўсіх працаўнікоў. Каэфіцыент 1,3, які існуе для пенсіі тых, хто працуе, — на мой погляд, парушэнне Канстытуцыі. Пенсія – гэта тое, што чалавек зарабіў за сваё жыццё. Любы ўрад хоча, каб бюджэт папаўняўся. 

    Пенсія майго калегі-журналіста ў Літве амаль 900 еўра.

    Урад Літвы таксама ўводзіў практыку, калі працуючы пенсіянер не павінен атрымліваць цалкам усю пенсію.  У гэтую справу ўмяшаўся Канстытуцыйны суд і забараніў яе як незаконную і несправядлівую.

    Вы дзе-небудзь чулі пра тое, каб у нас у такія пытанні  ўмяшаўся Канстытуцыйны суд?  На мой погляд, тое, якім чынам усё  робіцца, — цалкам амаральная справа. І ў дачыненні да сённяшніх пенсіянераў, і да будучых. 

    Уладзімір Глод:  “Варта думаць і наконт дыферэнцыяцыі. Журналісцкая праца — складаная. Яна патрабуе інтэлектуальных высілкаў, трэба сачыць за падзеямі, набіраць веды. Але чалавеку, які працуе, напрыклад, у калгасе, пасля 60‑і за руль трактара ці камбайна сесці няпроста. Таму рэформы варта рабіць не з бухты-барахты, а думаць, як зрабіць лепш, каб улічыць патрэбы і магчымасці розных катэгорый людзей».

    Журналісты, якія падзяліліся сваім меркаваннем у гэтым тэксце, ужо дасягнулі пенсійнага ўзросту, але працягваюць ці працаваць, ці дзяліцца публічна сваімі меркаваннямі. Прычына актыўнай прафесійнай дзейнасці шчыльна звязаная з матэрыяльным бокам, бо патрэбны «давесак» да пенсійных выплат. Да таго ж, ёсць сілы і натхненне не «завязваць» з прафесіяй.

    Фота polymia.by, «Радыё Свабода», ГА «БАЖ»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці