Журналісты паранаялы і актывісты эматывы. У Маладзечне прайшоў трэнінг па медыяцыі
Перамовы, канфліктныя сітуацыі і непаразуменні — тое, з чым сутыкаюцца ў сваёй працы і журналісты, і актывісты. Менавіта іх аб’яднаў трэнінг па медыяцыі, які правяла медыятарка Вольга Мурашка ў Маладзечне.
Мерапрыемства ладзіла маладзечанская філія ГА “БАЖ”.
Акрамя маладзечанцаў да трэнінга далучыліся ўдзельнікі з Вілейкі, Мінска і Магілёва.
Як навучыцца бачыць не толькі пазіцыю чалавека, але і яго інтарэсы? Як вызначыць, да якога псіхатыпу адносіцца суразмоўца? Якія пытанні задаць канфліктуючым бакам, каб яны змаглі дамовіцца?
Адказы на гэтыя пытанні ўдзельнікі шукалі разам з трэнеркай, прымяраючы на сябе розныя ролі: ад Віні-Пуха да рэдактаркі, якая баіцца, як бы яе не “падсядзелі” маладыя журналісты.
Многія ўдзельнікі прызнаваліся, што ўпершыню пачулі пра медыяцыю. І адзінагалосна прызналі — гэта важная і карысная рэч.
Калі ў Беларусі медыяцыя толькі набірае абароты, то ў ЗША яна даўно выкарыстоўваецца напоўніцу. Нават канфлікты на аўтамабільнай паркоўцы там вырашаюць пры дапамозе медыятараў.
У Беларусі ж сертыфікаваных спецыялістаў цяпер каля 500. Іх паслугі пакуль не карыстаюцца папулярнасцю, хаця сфера іх прымянення надзвычай шырокая: ад сямейнай да судовай медыяцыі.
— Мне вельмі спадабаўся разбор псіхатыпаў, — падзялілася ўражаннямі Марыя Калеснікава. Дзяўчына курыруе праекты для дзецей з інваліднасцю ў Маладзечне. — Гэта спатрэбіцца не толькі ў працы, але і ў звычайным, паўсядзённым жыцці. Здорава, што паміж тэарэтычнымі блокамі было шмат практычных сітуацый, мы змаглі праіграць атрыманыя веды.
Вядома, ахапіць настолькі шырокую тэму ў шасцігадзінным трэнінгу — задача невыканальная. Аднак Вольга Мурашка арганізавала праграму такім чынам, каб не толькі паказаць асновы і сэнс медыяцыі, але і зачапіць удзельнікаў, каб ім захацелася “капаць глыбей”.
Падчас падсумавання амаль усе казалі, што цяпер ім ёсць пра што падумаць і што пачытаць. А некаторыя нават пабачылі сябе ў ролі будучых медыятараў.
Фота: Зоя Хруцкая і Аляксандра Парахня