Журналісты Любоў Лунёва і Дзмітрый Солтан пакараныя вялікімі тэрмінамі арышту
Журналісты канала «Белсат» Любоў Лунёва і Дзмітрый Буянаў (Солтан) былі затрыманыя падчас выканання сваёй працы 8 лютага. На іх склалі пратаколы быццам бы за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП).
10 лютага суддзя Марына Фёдарава пакарала журналістаў вялікімі тэрмінамі арышту: Любоў Лунёва — 10 сутак, Дзмітрый Буянаў (Солтан) — 15 сутак.
Затрымлівалі журналістаў супрацоўнікі Савецкага РУУС горада Мінска, калі тыя праводзілі апытанне людзей на вуліцы. Пасля РУУС іх завезлі на Акрэсціна.
Участковы Савецкага РУУС Мікіта Бельскі выступіў у судзе свадкаю. Вось што ён заявіў:
«Зміцер у холе Савецкага РУУС: выказваў незадаволенасць працаю прадстаўнікоў МУС, перашкаджаў працы міліцыянтаў, гучна размаўляў, называў міліцыянтаў карнікамі і фашыстамі. Капітан міліцыі Громаў Вячаслаў, участковы, рабіў Змітру неаднаразовыя заўвагі».
Раней, 7 снежня, Любоў Лунёву ужо затрымлівалі разам з аператарам Іванам Куракевічам на Маршы мудрасці ў Менску. Тады яны мелі зрабіць рэпартаж з падзеі, але амаль адразу журналістаў затрымалі. Пасля затрымання яны былі дастаўленыя ва УУС Савецкага раёну, а далей іх перавезлі на Акрэсціна.
Тады аператару Івану Куракевічу далі 15 содняў арышту, а Любові Лунёвай штраф 30 базавых велічыняў, але да суда журналістка была ў ізалятары.
Любоў Лунёва: “Жанчыны ў гарачых кропках працуюць больш стрымана за мужчын” (фота, відэа)