Журналісты «Intex-press» знялі забарону на фотаздымкі ў дзяржаўнай краме
Яшчэ нядаўна ўваходныя дзверы Дома гандлю "Радуга" ў Баранавічах былі шчыльна абклееныя налепкамі з перакрэсленым фотаапаратам, якія азначаюць "фотаздымкі забароненыя". 5 снежня гэтыя налепкі супрацоўнікі крамы знялі.
Канфлікт у карэспандэнта «Intex-press» Юліі Грыцкевіч з адміністрацыяй Дома гандлю «Радуга» адбыўся 24 лістапада падчас падрыхтоўкі матэрыяла пра «чорную пятніцу». Супрацоўнік, які адмовіўся назваць сваё імя, заявіў журналістцы, што фатаграфаваць у краме забаронена.
Пра гэта, па яго словах, наведвальнікаў папярэджваюць налепкі на ўваходзе. Узяць каментар у адміністрацыі крамы карэспандэнт тады не змагла і вярнулася да тэмы 2 снежня. Намеснік дырэктара ДГ «Радуга» Андрэй Данільчык нечакана паведаміў, што насамрэч забароны рабіць фотаздымкі ў краме няма. На пытанне: «Навошта тады налепкі?» Андрэй Данільчык здзівіўся: «Вам замінаюць налепкі?», але паабяцаў іх зняць.
– Гэтых значкоў быць не павінна. Кіраўніцтва аб’екта гандлю не мае права забараніць пакупніку рабіць фотаздымкі. Але атрымліваецца так, што забароны на вывешванне гэтых налепак таксама не існуе. Аднак калі пакупніка ў краме просяць схаваць фотаапарат, ён можа напісаць скаргу, – сказала «Intex-press» прэс-сакратар Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Аліна Гілевіч.
Раніцай 5 снежня налепкі сапраўды з Дома гандлю ў Баранавічах былі знятыя.