Журналісту Змітру Галко прысудзілі 4 гады «хіміі»
У Савецкім раённым судзе Мінска агучаны прысуд па справе супраць Дзмітрыя Галко.
Журналіста і блогера Дзмітрыя Галко суд прызнаў вінаватым у «гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі» і асудзіў на 4 гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу, так званай «хіміі». Яго вызвалілі ў залі суда, паведамляе «Радыё Свабода»
Таксама суд пастанавіў спагнаць з Галко 850 рублёў кампенсацыі для пацярпелых.
Галко сваёй віны не прызнаў і пасля суду заявіў, што абавязкова абскардзіць вырак.
Адвакат Наталля Мацкевіч на працэс па справе Дзмітрыя Галко звярнула ўвагу суда, што яе падабаронны — «бацька трох сыноў, з іх двое непоўнагадовыя і знаходзяцца ў яго на ўтрыманні, прычым не фармальна, а практычным чынам разлічваюць на яго ўтрыманне і падтрымку.
Галко журналіст па прафесіі, зыходзячы з тых характарыстык, якія я прадставіла, журналіст смелы, таленавіты. Смелы, таму што выконвае свой прафесійны абавязак у тым ліку і ў небяспечных месцах, у прыватнасці, на ўсходзе Украіны, таленавіты — таму што ўзнагароджаны прэстыжнымі прэміямі. На момант разгляданых падзей ён быў таксама паспяховым журналістам, таму што атрымаў устойлівую пасаду ў «Эканамічнай газеце» з перспектывай кар’ернага росту. Гэта чалавек, які не мае крымінальнага мінулага, не судзімы…Такім чынам, можна прыйсці да высновы, што асабісты вопыт і перспектывы падабароннага, яго планы на жыццё не кажуць аб яго жаданні або намеры ўступаць у канфлікт з законам і апынуцца ў месцах пазбаўлення волі ў выніку гвалту над супрацоўнікамі міліцыі».
Адвакат звярнула ўвагу, што артыкул 364 Крымінальна кодэксу носіць адмысловы склад па суб’екту. Гэта значыць, прадугледжвае адказнасць менавіта за дзеянні ў дачыненні да работнікаў міліцыі. То бок крымінальны закон дае асаблівую абарону супрацоўнікам органаў унутраных спраў, спецыяльную абарону. Дзеянні, якія, будць здзейсненыя ў дачыненні да звычайных грамадзян, цягнулі б толькі толькі адміністрацыйную адказнасць, у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі вынікае адказнасць крымінальная.
«Аднак гэта не безумоўная прывілей супрацоўнікаў міліцыі, і дадзены артыкул дзейнічае толькі ў выпадку, калі дзеянні скіраваныя на перашкоду законнай дзейнасці работнікам міліцыі», — падкрэсліла адвакат Наталля Мацкевіч.
Яна згадала акалічнасці справы, паводле якіх ёсць вялікія пытанні да правамернасці дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, разыходжанні ў паказаннях сведкаў ды іншае.
«Абвінаваўчы прысуд не можа грунтавацца на згадках», — сказала адвакат Наталля Мацкевіч. Яна папрасіла апраўдаць Дзмітрыя Галко. (Цалкам выступ адваката можна прачытаць у Facebook журналісткі Сабіны Брыло.)
Аднак суд вынес абвінаваўчы вердыкт.
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу. Дзмітрый Галко мае намер абскарджваць рашэнне суда.
—
Што трэба ведаць пра справу Дзмітрыя Галко?
-
Падчас працэсу Галко неаднаразова заяўляў пра здзекі і катаванні: «трымалі ў бетонным «стакане» з закаванымі ў кайданкі рукамі, не давалі піць і есьці.
-
Што адбылося? У лістападзе 2017 года ў мінскай кватэры Галко падчас святкавання народзінаў сына Яна Галко нехта з суседзяў нібыта выклікаў міліцыю з прычыны шуму. Дзмітрый адчыніў дзьверы. Пасля гэтага, паводле версіі следства, у яго здарыўся канфлікт з міліцыянтам, быў разбіты мабільны тэлефон супрацоўніка ўнутраных органаў. У судзе журналіст прызнаў, што падчас таго, як «выцягваў з кватэры» міліцыянта Чыркова, «мог выбіць ягоны тэлефон з рукі», але казаў, што «не памятае гэтага дакладна».
-
На Галко склалі адміністрацыйны пратакол за «лаянку на вуліцы». Да суда па адміністрацыйным працэсе Галко знаходзіўся ў ізалятары.
-
Пасля інцыдэнту Дзмітрый Галко з сынам з’ехалі ва ўкраінскі Марыўпаль — там жыве жонка Дзмітрыя з малым сынам. 22 красавіка, падчас вяртання ў Мінск, Галко затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы.