Журналістку TUT.BY Любоў Каспяровіч пакаралі арыштам на 15 сутак
Журналістку TUT.BY Любоўю Каспяровіч абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні (24.23 КаАП). Яе затрымалі ў пятніцу, 14 мая, побач з Домам правасуддзя. Гэтыя дні Любоў правяла ў ІЧУ.
Судовы працэс ішоў цэлы дзень, пачытайце, як ён адбываўся. У выніку Любоў Каспяровіч пакаралі арыштам на 15 сутак.
Толькі ў дзень суда стала вядома, што Любоў Каспяровіч вінавацяць у несанкцыянаваным пікетаванні (24.23 КаАП). З пятніцы адваката да яе не пускалі.
Суд адбываецца па Skype, справу разглядае суддзя Сяргей Кацэр.
Любоў Каспяровіч у судзе заявіла, што дагэтуль не ведала, за што яна затрыманая. З пратаколам яе не знаёмілі.
Разам з тым у пратаколе адзначана, што журналістка адмовілася знаёміцца са справай.
— Гэта хлусня, — кажа журналістка.
Суд адмовіўся задаволіць хадайніцтва Каспяровіч аб азнаямленні са справай. Але дазволіў Каспяровіч 7 хвілін паразмаўляць праз скайп са сваім абаронцам у прысутнасці сакратара суда.
У суд Маскоўскага раёна, дзе судзяць Любоў Каспяровіч, не пусцілі фотакарэспандэнта БелаПАН Андрэя Шаўлюгу
У судзе над журналісткай перапынак на 15 хвілін.
Пасля перапынку адвакат журналісткі Любові Каспяровіч заявіў хадайніцтва вызваліць журналістку, бо прадугледжаныя законам на затрыманне 72 гадзіны прайшлі.
— Адміністрацыйнае заканадаўства не прадугледжвае ніякіх выпадкаў, калі можна затрымліваць чалавека больш чым на 72 гадзіны, — кажа адвакат.
Суд адмовіў.
Адвакат заявіў адвод суду. Аб’явілі перапынак.
Суддзя не задаволіў хадайніцтва аб адводзе.
Адвакат заявіў хадайніцтва праводзіць працэс не праз скайп з‑за нізкай якасці сувязі. Суддзя адмовіў.
— Хто-небудзь можа мне патлумачыць, чаму я дагэтуль знаходжуся на Акрэсціна? — пытае журналістка.
— Вы не можаце задаваць пытанні суду, — адказвае суддзя Сяргей Кацэр.
Адвакат далучыў да справы шэраг дакументаў, якія пацвярджаюць, што абаронца звяртаўся ў РУУС, але яму адмовілі ў магчымасці сустрэцца з Каспяровіч і прысутнічаць пры адміністрацыйным працэсе.
Суддзя зачытаў пратакол, журналістку вінавацяць у тым, што ў пятніцу з 10:10 да 10:40 яна пікетавала Дом правасуддзя.
Журналістка катэгарычна нязгодная. Расказала, што прыйшла пісаць пра суд па «справе студэнтаў», на які нават мела акрэдытацыю.
А ў пазначаны ў пратаколе час журналістака знаходзілася ў самім будынку Дома правасуддзя.
Што кажа Любоў Каспяровіч: Напярэдадні суда яна атрымала ад прэс-службы суда акрэдытацыю на асвятленне суда па «справе студэнтаў». Перад уваходам у суд Любоў паразмаўляла з бацькам адной са студэнтак, а потым да 10 гадзіны падышла да залы суда, але не змагла трапіць ўнутр.
«Я выйшла з будынка суда, бачыла, як людзі разыходзяцца. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што пропуск у залу зачынены, усіх папрасілі разысціся. Я пайшла да метро, мяне затрымалі не каля пляцоўкі побач з Домам правасуддзя, а вельмі далёка ад яе. Я была затрыманая ці то ў 11.13, ці то ў 11.23 — у мяне вырвалі тэлефон, я дакладна не запомніла. Мяне затрымалі па дарозе да метро «Пятроўшчына».
«Я б ні за што не падумала, што гэта пікет ці нейкі масавы сход, гэта проста людзі, якія сыходзілі з суда. Я была адна, не была ні ў якой групе грамадзян, мэты публічнага выказвання сваіх палітычных інтарэсаў ля Дома правасуддзя ў мяне не было. Мая адзіная мэта была — зрабіць якасна сваю працу. На жаль, я не патрапіла ў залу суда, але зрабіла ўсё, што магла, і пайшла далей рабіць сваю працу. Калі вы ўбачыце вопіс маёй маёмасці, вы зразумееце, што торбай і кашальком пікетаваць немагчыма»
«У мікрааўтобусе мне сказалі пакласці рукі на калені і што павязуць у РУУС, там я прабыла да 23 гадзін. І вось ужо трое сутак я знаходжуся ў камеры на 3 чалавека, дзе спіць 7 чалавек. У нас не выключаюць святло, спім на голых дошках — ніякіх спальных прыналежнасцяў няма» — цытуе TUT. BY словы журналісткі.
У судзе над Каспяровіч павінен быў пачацца допыт сведкі — супрацоўніка міліцыі Іванова Івана Іванавіча — яго сапраўдныя дадзеныя засакрэчаны.
Яшчэ перад пачаткам допыту журналістка заявіла, што сведка прысутнічаў побач падчас усяго ранейшага працэсу і ўсё чуў, адпаведна не можа быць дапытаны.
На гэта звярнуў увагу і адвакат. У судзе зноў абвясцілі перапынак.
Суд над журналісткай TUT.BY Любоўю Каспяровіч працягнуўся. У суд прыехала галоўны рэдактар выдання Марына Золатава.
Нягледзячы на тое, што сведка прысутнічаў падчас дачы паказанняў журналісткі, суддзя вырашыў яго ўсё адно дапытваць.
— Супрацоўнік міліцыі знаходзіўся побач і не можа быць дапытаны. Таксама ён не даваў падпіску аб адказнасці за дачу непраўдзівых паказанняў, — падкрэслівае журналістка праз відэасувязь.
— Ён дасць яе пазней, — адказвае суддзя Сяргей Кацэр.
Сведка-міліцыянт расказвае, што Любоў Каспяровіч знаходзілася ў групе грамадзянаў ля Дома правасуддзя, пасля чаго пакінула пляцоўку.
— Я бачу сведку першы раз у жыцці, — падкрэслівае журналістка.
У рапарце аб затрыманні сведка-міліцыянт сцвярджае, што прымаў удзел у затрыманні. У судзе міліцыянт заявіў, што ў затрыманні ўдзел не прымаў:
— Магчыма, няправільна запісаў.
Журналістка спрабуе задаць некалькі пытанняў адносна таго, як, хто і чаму і яе затрымліваў.
— Можаце не адказваць на пытанне, — гаворыць суддзя Сяргей Кацэр.
Можна зразумець, такім чынам суддзя здымае пытанні.
Допыт міліцыянта скончаны. Чытаюць характарыстыку журналісткі з TUT.BY, а таксама дакументы пра тое, што адваката не дапускалі да затрыманай у РУУС.
Адвакат заявіў хадайніцтва дапытаць чатырох сведкаў з боку абароны, якія бачылі падзеі. Хадайніцтва задаволілі.
Будуць дапытваць Дар’ю Спевак, журналістку Onliner.
Пасля Дар’і Спевак у якасці сведак дапыталі Вадзіма Заміроўскага, Кацярыну Кулакову і Надзею Калініну.
Сведкі цалкам пацвердзілі словы журналісткі Каспяровіч — ніякага пікету не было, людзі ішлі ў бок метро, Любу затрымалі «людзі ў чорным».
Таксама Надзея Калініна падрабязна расказала пра тое, як адвакат Любові Каспяровіч у пятніцу шмат разоў безвынікова спрабаваў трапіць да сваёй падабароннай у РУУС.
Адвакат паўторна заявіў хадайніцтва аб неадкладным вызваленні журналісткі. Суд адмовіў.
Суддзя прызнаў Журналістку TUT.BY Любоў Каспяровіч вінаватай ва ўдзеле ў незаконнай вулічнай акцыі, яе пакаралі арыштам на 15 сутак.
***
Нагадаем, 14 траўня суд у Мінску пачаў разглядаць вялікую «справу студэнтаў» — у ёй 12 абвінавачаных. Каля будынка Дома правасуддзя сабраліся тыя, хто хацеў падтрымаць маладых людзей: іх сваякі, сябры, неабыякавыя беларусы, працавалі і журналісты. У залу пасяджэння амаль нікога не пусцілі. Усяго каля будынка было не менш за 100 чалавек. Міліцыя папрасіла іх разысціся, пазней пачаліся затрыманні. Сярод затрыманых апынулася і журналіст TUT.BY Любоў Каспяровіч. Яна рабіла матэрыял.
Да суда Любоў Каспяровіч была затрыманая, гэтыя дні яна правяла ў ІЧУ. Цёплыя рэчы для яе не прынялі ад сваякоў.