Журналістку Тамару Шчапёткіну будуць судзіць за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”
Суд над журналісткай Тамарай Шчапёткінай адбудзецца ў Бярозе 14 лістапада
Гэтая дата пазначана ў позве з суда Бярозаўскага раёна, якую журналіст-фрылансер Тамара Шчапёткіна атрымала па пошце.
Працэс будзе весці суддзя Алена Нямкова.
У позве паведамляецца, што Тамара Шчапёткіна выклікаецца ў суд у якасці асобы, супраць якой вядзецца адміністрацыйная справа.
Нагадаем, што 31 кастрычніка ўчастковым інспектарам Кобрынскага РАУС Юрыем Свідуновічам у дачыненні да журналісткі быў складзены пратакол на падставе артыкула 22.9 Кодэкса РБ аб адміністратыўных правапарушэннях — за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”.
Як паведаміла Тамара Шчапёткіна службе маніторынгу ГА “БАЖ”, яе ўжо не ўпершыню прыцягваюць да адказнасці на падставе гэтага артыкула, а менавіта — за супрацоўніцтва з “Беларускім Радыё Рацыя”.
“Я не згодная з прад’яўленымі абвінавачваннямі, бо не журналіст займаецца вырабам і распаўсюдам прадукцыі СМІ: гэта справа рэдакцыі”, — тлумачыць Тамара Шчапёткіна.
Журналістка падкрэслівае, што нават без акрэдытацыі мае права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю незалежна ад межаў краіны, бо гэта дазваляе рабіць артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.