Журналістку Таццяну Смоткіну пакаралі штрафам за сацыяльны сюжэт
Суддзя Докшыцкага райсуда Вячаслаў Елісеенка 31 траўня прысудзіў 30 базавых велічыняў (735 рублёў) штрафу журналістцы з Глыбокага Таццяне Смоткінай.
Журналістка была аштрафаваная па частцы 2 артыкула 22. 9 КаАП за матэрыял “Вываз смецця – паслуга абавязковая”, які быў размешчаны на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”.
На пачатку суда Таццяна Смоткіна сказала, што беларускаму суду не давярае, бо на сабе адчула, што правасуддзя ў справах журналістаў-фрылансераў няма. Але адвод суддзі заяўляць не мае намер, бо які б суддзя ні быў, ужо загадзя вядома, чым скончыцца суд. Сваю віну Таццяна таксама не прызнала. Пасля гэтага журналістка адмовілася ад дачы паказанняў, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі Беларусі: Ніхто не павінны прымушацца даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх сваякоў. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы.
Таццяна лічыць, што суд усё адно не прыслухаўся б да яе довадаў, як гэта было раней. Нават пераканаўчыя довады іх адвакатаў, пацверджаныя артыкуламі законаў, заставаліся па-за ўвагай суддзяў. Таму на гэты раз яна вырашыла сэканоміць час і не тлумачыць сваю пазіцыю.
Потым былі апытаныя сведкі, чые выказванні прысутнічалі ў матэрыяле “Вываз смецця – паслуга абавязковая”. Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай і прававой работы Докшыцкага РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Таццяна Галавач пацвердзіла, што Таццяна Смоткіна тэлефанавала ёй, прадстаўлялася журналістам-фрылансерам і ўдакладняла інфармацыю наконт паслугі вывазу смецця і квітанцыі Аляксандра Крупскага.
У сваю чаргу другі сведка, пенсіянер-інвалід Аляксандр Крупскі, сказаў, што толькі да незалежных журналістаў і можна звярнуцца з якой-небудзь сацыяльнай праблемай. Дзякуючы ім, праблемы вырашаюцца. І напрыканцы зазначыў, што журналісты робяць добрую справу і іх няма за што судзіць.
Як кажа Таццяна Смоткіна, раней суддзі, як Глыбоцкага, так і Докшыцкага судоў давалі ёй штраф па 25 базавых велічыняў, зараз “стаўкі” падняліся да 30-ці. Незалежных журналістаў пратаколамі, судамі і штрафамі прымушаюць замаўчаць, каб у сваіх публікацыях не ўскрывалі сапраўдную рэчаіснасць. Бо на дзяржаўных тэлевізійных каналах, сайтах і ў газетах паўсюдная стабільнасць і росквіт.