Журналістку Шчыракову будуць судзіць за матэрыял пра знос прыватных дамоў у Гомелі
У дачыненні да гомельскай журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай міліцыя склала адміністрацыйны пратакол за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Маецца на ўвазе супрацоўніцтва з польскім спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі беларускага МЗС.
“Пра гэта мне паведамілі праз тэлефон з Савецкага райаддзела міліцыі, — распавяла Ларыса Шчыракова службе маніторынгу ГА «БАЖ». — Пратакол да мяне яшчэ не дайшоў. Вядома толькі, што міліцыянты склалі пратакол за відэасюжэт пра намер уладаў знесці звыш паўсотні прыватных жылых дамоў у Гомелі ў межах вуліц Багдана Хмяльніцкага — праспект Рэчыцкі — Чкалава. Такі намер уладаў выклікаў абурэнне ў шмат каго з тутэйшых жыхароў. Кіраўнікі адміністрацыі раёна і ўпраўлення архітэктуры горада мусілі збіраць 10 чэрвеня сход гараджан. Пра гэта я зняла відэа і размясціла на платформе відэахостынгавай кампаніі Youtube, некаторыя здымкі тэлеканал “Белсат” скарыстаў у сюжэце: “Чыноўнікі дазволілі будаваць жыллё, а цяпер хочуць знесці яго”.
Міліцыя папярэдзіла Шчыракову, што пратакол будзе накіраваны ў суд. Сёлета гэта не першая адміністрацыйная справа, якую міліцыя заводзіць супраць незалежнай журналісткі.
Тры разы журналістку штрафавалі нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Яшчэ адзін пратакол датычны ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Рагачове, дзе Шчыракова асвятляла масавы пратэст супраць “дармаедcкага» дэкрэту № 3.
Агульная сума штрафаў склала 2 576 рублёў.