Журналістку «Новага Часу» Яну Трусіла зноў пасадзілі на 15 сутак
Пазаштатнай фотакарэспандэнтцы «Новы Час» 20-гадовай Яне Трусіла прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула 23.34 КаАП. Прысуд вынесла суддзя Ленінскага раёна Мінска Юлія Шут. Ноч да суда фотакор правяла ў ЦІП на Акрэсціна, паведамляе выданне.
Яну затрымалі ўчора каля 15:40 у дварах ля дома па вуліцы Прытыцкага, 72.
Як паведамілі відавочцы, за ёй гналіся блізу чатырох чалавек у аліўкавай форме, бо журналістка, верагодна, здымала спецтэхніку. Дзяўчыну даставілі ў Ленінскае РУУС, адкуль ёй дазволілі патэлефанаваць маці.
Гэта ўжо другое затрыманне Яны Трусіла. Першы раз яе затрымалі падчас марша ў Курапаты 1 лістапада і прысудзілі 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Іх Яна адбывала спачатку на Акрэсціна, потым, у дзень перадач, яе разам з іншымі вязнямі вывезлі ў СІЗА ў Баранавічы.