Журналістку Ларысу Шчыракову аштрафавалі за фотарэпартаж пра паратунак вяскоўцаў ад каранавіруса гарэлкай і праполісам
Суддзя Гомельскага раёна Тамара Застаўнецкая 2 чэрвеня аштрафавала журналістку-фрылансера, сябра ГА "БАЖ" Ларысу Шчыракову на 675 рублёў. Суд прызнаў яе вінаватай паводле артыкула 22.9 КаАП у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.
Адміністрацыйны пратакол у дачыненні да Шчыраковай склалі ў Буда-Кашалёўскім райаддзеле міліцыі на падставе распараджэння УУС Гомельскага аблвыканкама, дзе манітораць інтэрнэт.
Падставай паслужыў фотарэпартаж з пасёлка Камунар Буда-Кашалёўскага раёна пад назвай “Мажу ў носе праполісам”, змешчаны 6 красавіка на сайце тэлеканала. У ім распавядалася пра першы выпадак заражэння каранавірусам трэцякласніка ў пасёлку і шпіталізацыі ў гэтай сувязі 39 жыхароў Камунара — школьнікаў, іх бацькоў, настаўнікаў і лекара мясцовай амбулаторыі.
Журналістка пісала: «Пра Чарнобыль савецкія ўлады маўчалі, пра каранавірус усё ж кажуць. Іншая справа — што кажуць».
Камунараўскі жыхар, 45-гадовы трактарыст Мікалай распавёў, што кожны дзень у якасці прафілактыкі карыстаецца спосабам, прапанаваным Аляксандрам Лукашэнкам: “Ён жа сказаў, што 100 грамаў гарэлкі на грудзі і не возьме аніякі каранавірус. Я давяраю прэзідэнту, таму штодня пасля працы стаў выпіваць тыя 50 грамаў у пераліку на чысты спірт. Не панікую зусім… маску не нашу, хаця ў нас багата людзей, якія працуюць у медычных пальчатках і ў “намордніках”, як іх называюць». (“Наморднікамі” ахоўныя маскі таксама назваў кіраўнік краіны на адной з нарадаў.)
Камунараўцы па-рознаму паставіліся да ўспышкі каранавіруса. Хтосьці лічыў за лепшае трымацца дыстанцыі, у кагосці на першым месцы была самаізаляцыя.
Пенсіянер Мікалай распавёў, што не баіцца заразіцца вірусам, бо карыстаецца сваім рэцэптам абароны: “Мажу ў носе настойкаю праполісу. Гэта наймацнейшы антыбіётык”.
Жыхары Камунара ў гутарцы з журналісткай асабліва наракалі на адсутнасць афіцыйных звестак пра распаўсюд небяспечнага віруса, а яшчэ тлумачэнняў адмыслоўцаў пра меры засцярогі ад SARS/2019-nCoV у розных жыццёвых сітуацыях.
У судзе Ларыса Шчыракова не прызнала сябе вінаватай, паколькі лічыць, што мае права на збор і распаўсюд інфармацыі, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі пагадненнямі, якія ратыфікавала Беларусь. Ніякіх іншых тлумачэнняў суду Ларыса Шчыракова не давала, спаслаўшыся на заканадаўчую норму не сведчыць супраць сябе.
Суддзя Застаўнецкая аб’явіла перапынак, сышла ў дарадчы пакой і вынесла пастанову на штраф Шчыраковай у памеры 25 базавых велічыняў.
— Мяркую, што суддзям усё адно, за што штрафаваць — за відэасюжэт ці фотарэпартаж. Яны пільна абараняюць інтарэсы выканаўчай улады, не надта зважаючы на законы і міжнародныя пагадненні, якія Беларусь абавязаная выконваць, — зазначыла ў гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА «БАЖ» Ларыса Шчыракова.
Штраф Гомельскага раённага суда журналістцы Шчыраковай менавіта за фотарэпартаж на сайце «Белсата» — першы ў сваім родзе сярод мноства ранейшых пакараняў за відэасюжэты.