• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістку Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 35 базавых велічыняў — 805 рублёў

    Суддзя Гомельскага раёна Андрэй Сусла пакараў Ларысу Шчыракову за супрацу з "Белсатам" без акрэдытацыі (парушэнне артыкула 22.9 КаАП) штрафам у памеры 35 базавых велічыняў — 805 рублёў.

    Журналістка прызнана вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ для тэлеканала «Белсат».

    Нагадаем, у ліпені на Шчыракову міліцыя склала адміністрацыйны пратакол за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Міліцыянты склалі пратакол за відэасюжэт пра намер уладаў знесці звыш паўсотні прыватных жылых дамоў у Гомелі ў межах вуліц Багдана Хмяльніцкага — праспект Рэчыцкі — Чкалава. Такі намер уладаў выклікаў абурэнне ў шмат каго з тутэйшых жыхароў. Кіраўнікі адміністрацыі раёна і ўпраўлення архітэктуры горада мусілі збіраць 10 чэрвеня сход гараджан. Пра гэта я зняла відэа і размясціла на платформе відэахостынгавай кампаніі Youtube, некаторыя здымкі тэлеканал “Белсат” скарыстаў у сюжэце: “Чыноўнікі дазволілі будаваць жыллё, а цяпер хочуць знесці яго”.

    Шчыракова прышла на суд з вязанкай часныку. Сказала, што гэта трэба, каб фітанцыдамі часныку адпужваць у судзе нячыстую сілу. Мінулым разам журналістка прыходзіла ў суд з вяровачнай пятлёй на шыі.

    Супраць сябе журналістка адмовілася сведчыць: «Няма ніякага сэнсу што-небудзь казаць, бо усё адно рашэнне прымаецца не ў судзе, а ва ўладных кабінетах. У судзе толькі афармляюць пакаранні супраць незалежных журналістаў».

    Гэта чацвёрты штраф Ларысе Шчыраковай у гэтым годзе за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Таксама быў штраф за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — журналістка працавала падчас мітынгу «недармаедаў» у Рагачове.

    Агульная сума штрафаў Шчыраковай сёлета склала 3 381 рубель.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці