Журналістку і праваабаронцу Марыну Кастылянчанка арыштавалі на 15 сутак
Незалежную журналістку і праваабаронцу Марыну Кастылянчанка 2 лістапада суд Заводскага раёна Мінска асудзіў па двух артыкулах КаАП: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).
Яе абвінавацілі ў тым, што 30 кастрычніка яна «ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаванні за змену ўлады, выкрыквала лозунгі «Трыбунал», «Жыве Беларусь», «Сыходзь», а пры затрыманні аказала супраціў супрацоўнікам міліцыі, адмаўляючыся прайсці ў службовы транспарт». Суддзя Жанна Хвайніцкая прызнала яе вінаватай і прыняла рашэнне арыштаваць Марыну на 15 сутак.
Раней паведамлялася, што групу актывістаў анархісцкага руху з васьмі чалавек затрымалі ўвечары 30 кастрычніка на Акрэсціна каля ЦІП, дзе яны сустракалі пасля 15-сутачнага арышту Аляксандра Бялова. Аднак толькі на судзе высветлілася, што на самой справе яны былі затрыманыя ў кафэ Döner Kebab па вуліцы Сурганава, 61. Усіх абвінавачвалі ў «несанкцыянаваным пікетаванні за змену ўлады» 30 кастрычніка на вуліцы Багдановіча, 102. Таксама ўсіх, акрамя Аляксандра Бялова, абвінавачвалі ў супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні.
Выходны ў міліцыянта – «службовая занятасць»
Судовы працэс над Марынай Кастылянчанкай праходзіў у невялікім кабінеце па відэаканферэнцсувязі. Саму журналістку з вечара 30 кастрычніка ўтрымлівалі ў Ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Пратакол на Марыну склаў супрацоўнік АУС Дваракоў Д. С. Аднак, нягледзячы на хадайніцтвы журналісткі і яе абаронцы аб яго допыце на судзе, хаця бы па скайпе, у судзе ён так і не быў дапытаны. Пасля таго, як сакратарка на судзе сказала, што ў яго выходны, суддзя Хвойніцкая адмовіла ў задавальненні хадайніцтва, абгрунтаваўшы гэта «службовай занятасцю» сведкі. Таксама было адмоўлена ў хадайніцтвах аб допыце ў якасці сведак іншых затрыманых у кафэ. На судзе не было прадстаўлена ні фота -, ні відэадоказаў правядзення пікету на Багдановіча, 102. Па сутнасці, журналістку асудзілі толькі на падставе пісьмовых матэрыялаў справы.
«Упіралася нагамі, хапалася за форменнае абмундзіраванне»
Так, па пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні 30 лістапада каля 18:30 Марына Кастылянчанка «прыняла актыўны ўдзел у пікетаванне ў групе грамадзян, крычала лозунгі «Трыбунал», «Жыве Беларусь» «Сыходзь». Таксама ў пратаколе напісана, што яна «адмовілася прайсці ў службовы транспарт, упіралася нагамі, хапалася за форменнае абмундзіраванне», тым самым яна выказала непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў. Пры гэтым, як стала вядома на судзе, затрыманне Марыны Кастылянчанкі і іншых ажыццяўлялі супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў масках і цывільнай вопратцы. Марына пазнала аднаго з супрацоўнікаў ведамства – ён у 2017 годзе пасля «Маршу недармаедаў» праводзіў у яе дома ператрус. З кафэ усіх затрыманых павезлі на звычайных легкавых машынах, нічым не пазначаных. Адна з затрыманых Карына Гараўская распавяла на судзе, што іх усіх «запіхалі ў машыны па чатыры чалавекі на задняе сядзенне».
Надзелі кайданкі ў кафэ
Журналістка цалкам не прызнала віну і сказала, што гэтыя абвінавачванні – абсалютная выдумка. Марына Кастылянчанка сказала, што наогул не ведае, што знаходзіцца па адрасе «вуліца Багдановіча, 102», ні ў якім пікеце яна не прымала ўдзел і лозунгаў не выкрыквала.
«А 18:00 я была на Акрэсціна каля ЦІПа, дзе сустракала свайго сябра Аляксандра Бялова пасля 15-ці сутак арышту. Мы селі ў машыну і праехалі ў кафэ на Сурганава. Дзесьці ў 18:45 мы замовілі ежу. Потым Саша выйшаў у туалет, і ў гэты час у кафэ ўварваліся 10–12 чалавек у цывільным і ў масках і пачалі ажыццяўляць затрыманне са словамі «Застаемся на месцы»», – распавяла Марына на працэсе.
Праваабаронцы адразу надзелі кайданкі. Аляксандру Бялову стукалі ў туалет з патрабаваннем адкрыць дзверы. Калі ён выйшаў, па словах Марыны, «яго жорстка затрымалі».