Журналістку-фрылансера Ларысу Шчыракову з Гомеля судзілі паводле чатырох пратаколаў
Гомельскі раённы суд 12 красавіка разгледзеў ажно чатыры адміністрацыйныя пратаколы супраць журналісткі-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Ларысы Шчыраковай. Два з іх датычныя незаконнага вырабу прадукцыі СМІ без акрэдытацыі (артыкул 22.9 КаАП), яшчэ два — за няяўку ў міліцыю (артыкул 24.6 КаАП).
У выніку Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 41 базавую велічыню: 40 базавых за парушэнне артыкула 22.9 КаАП і адна базавая — за няяўку ў міліцыю па позве.
На выхадзе з будынку Гомельскага раённага суда аштрафаваную журналістку сустрэла прадпрымальніца са словамі: “Гэта вам на штраф. І дзякуй за вашую грамадзянскую пазіцыю!” — і працягнула Шчыраковай 100 рублёў.
“Судзяць мяне за стрым мітынгу, які зладзілі на Дзень Волі ўдзельнікі “Маршу недармаедаў‑2” каля Палаца таварыства глухіх. Стрым трансляваў спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”. Яшчэ адзін матэрыял, паказаны на “Белсаце”, называўся “Беларускія бальніцы ставяць вопыты над пацыентамі”. У ім распавядалася, што ва Улукаўскай участковай бальніцы пацыентка засталася без своечасовай медычнай дапамогі і атрымала інсульт, а іншыя, малалетнія, — пакутавалі ад зробленых тут прышчэпак. Мне прыпісваюць, што я злоўжываю правамі і абавязкамі замежнага журналіста, прадугледжанымі пунктамі 2, 4, 6 артыкула 34 Закона аб СМІ. Спачатку мяне запісалі ў замежныя журналісты, а пасля пералічылі, што я парушыла. Вельмі выйгрышная пазіцыя”, — кажа Шчыракова.
Пратаколы на журналістку складалі супрацоўнікі Гомельскага РАУС Ігар Новак і Рустам Цітоў.
У міліцыю Шчыракову выклікалі ў выходныя дні — 25 і 26 сакавіка, калі грамадзяне маюць права на законны адпачынак. За няяўку ў суботу і спазненне ў нядзелю дадаліся яшчэ два пратаколы на падставе артыкула 24.6 КаАП.
Апроч таго, 25 сакавіка міліцыя затрымлівала Шчыракову і пад прымусам адвезла ў гарадскую пракуратуру, дзе ёй уручылі афіцыйнае папярэджанне за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з тэлеканалам “Белсат”, падпісанае намесніцай пракурора Ірынай Макарэвіч.
17 сакавіка журналістку судзілі за ўдзел у мірным сходзе “недармаедаў” у Рагачове. Старшыня суда Гомельскага раёна Раіса Кавалевіч аштрафавала Шчыракову на 7 базавых велічынь (161 рубель) нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Гэта без уліку папярэдніх буйных штрафаў, сума якіх перавысіла ў эквіваленце тысячу долараў.
А 13 красавіка, Ларысу Шчыракову выклікаюць у Рэчыцкі раённы суд, дзе будзе разглядацца яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол паводле часткі 2, артыкулу 22.9 КаАП — за сюжэт “Дом «на курыных лапках» у Рэчыцы. Гэта форменнае свінства”.
Склаў пратакол супрацоўнік Рэчыцкага РАУСу Сяргей Жураў, які адмыслова прыязджаў у Гомель 25 сакавіка. Журналістку чарговы раз абвінавацілі ў тым, што, не маючы акрэдытацыі, яна апытвала жыхароў дома на вуліцы Войкава і “тым самым удзельнічала ў падрыхтоўцы і распаўсюдзе прадукцыі СМІ, размясціўшы ў раздзеле “Аб’ектыў” замежнага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.