• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістку «Белсату» выклікаюць на допыт у СК: патрабуюць назваць крыніцы

    Карэспандэнтку тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Андрэеву 30 студзеня аб 11-й гадзіне выклікаюць у Следчы камітэт для допыту ў якасці сведкі ў крымінальнай справе аб дзедаўшчыне ў войску. Кацярыну хочуць распытаць аб крыніцах, якія паведамілі ёй пра здзекі з жаўнераў тэрміновай службы ў в/ч 33933.

    У гэтай вайсковай частцы, у Слоніме, дыслакуецца 11-ая асобная механізаваная брыгада, дзе ў верасні 2018 году загінуў шараговы Аляксандр Арлоў. Тады камісія пры Мінабароны прыйшла да папярэдняй высновы, што жаўнер здзейсніў самагубства з «асабістых прычынаў» і яно не звязана са службай у войску. Слонімскі раённы аддзел Упраўлення Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці распачаў праверку.

    Аднак у студзені 2019-га следчыя адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Маці загінулага паскардзілася ў Генеральную пракуратуру і матэрыялы накіравалі ў цэнтральны апарат СК. Паўторная праверка зноў скончылася адмовай распачаць справу. Пасля другой скаргі маці ведамства ўсё ж распачало крымінальную справу паводле артыкулу «Давядзенне да самагубства». Далейшы ход расследавання грамадскасці невядомы.

    У артыкуле Кацярыны Андрэевай, апублікаваным на сайце belsat.eu 6 верасня 2018 году (на наступны дзень пасля смерці Арлова), некалькі былых саслужыўцаў загінулага распавялі пра гвалт, абразы і прыніжэнні з боку камандавання. Паводле крыніцаў, афіцэры ўжывалі спірт падчас вайсковых вучэнняў, прымушалі жаўнераў адціскацца, збівалі іх, а адзін нават «зачыняўся ў кабінеце» з хлопцамі і «саджаў іх на калені, дакранаўся».

    Імёны і прозвішчы крыніц у артыкуле былі змененыя з этычных меркаванняў, прозвішчы афіцэраў не называюцца, бо рэдакцыя не мела магчымасці дадаткова праверыць факты гвалту. Таму публікацыя, фактычна, уяўляе з сябе маналогі былых жаўнераў часткі.

    У кастрычніку 2018 года адзін з суразмоўцаў патэлефанаваў журналістцы і распавёў, што з ім сустракаліся працаўнікі пракуратуры, якія цікавіліся нестатутнымі адносінамі ў вайсковай частцы. У тым ліку яны згадвалі публікацыю «Белсату» і пыталіся, ці размаўляў ён з журналісткай Кацярынай Андрэевай. Але з самой карэспандэнткай «Белсату» на сувязь ніхто з праваахоўных органаў тады не выходзіў.

    20 студзеня гэтага году Кацярыне патэлефанаваў следчы са Слоніма і папрасіў назваць дадзеныя крыніц: імёны, прозвішчы, спосаб камунікацыі з імі. Журналістка адказала, што ўжо не памятае гэтых дэталяў, паколькі прайшло шмат часу з моманту публікацыі. Таксама яна адмовілася гаварыць са следчым не пад пратакол.

    29 студзеня Кацярыну па тэлефоне выклікалі ў Савецкі раённы аддзел Следчага камітэту дзеля дачы паказанняў у якасці сведкі па крымінальнай справе, заведзенай паводле ч. 2 арт. 455 Крымінальнага кодэксу («Злоўжыванне ўладай або службовых паўнамоцтваў, звязанае з гвалтам або здзейсненае з прымяненнем зброі»). Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

    «Следчая, якая мне патэлефанавала, запытала, ці маю я звесткі пра асобаў, з якімі размаўляла, запісы размовы і г.д. Я сказала, што не памятаю дадзеныя сваіх суразмоўцаў, бо з таго часу прайшло амаль паўтары гады, нейкіх запісаў у мяне таксама цяпер на руках няма. Паколькі адмовіцца ад дачы паказанняў паводле заканадаўства я не магу, то ў СК проста паўтару тое ж самае», – распавяла Кацярына Андрэева.

    Стандарты журналісцкай этыкі прадугледжваюць абарону крыніцы інфармацыі. Аднак паводле арт. 39 «Закону аб СМІ» журналіст абавязаны раскрыць крыніцу, якая перадала яму звесткі, калі гэтага патрабуе орган крымінальнага пераследу ў межах расследавання.

    На допыт журналістка збіраецца ісці разам са сваім прадстаўніком, адвакатам Сяргеем Зікрацкім.

    Кацярына Андрэева працуе ў штаце тэлеканалу «Белсат» з вясны 2017 году. Журналістка працуе ў Беларусі і асвятляе тэмы, звязаныя з палітыкай і сацыяльнымі праблемамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці