Журналістку аштрафавалі за фота мужа падчас размовы з міліцыянтам
Суддзя Маскоўскага раёна Брэста Раіса Лабачэўская прыняла такое рашэнне 14 лістапада, але журналіст-фрылансер, сябра ГА “БАЖ” Мілана Харытонава даведалася пра гэта праз тыдзень.
Мілана Харытонава вырашыла не браць удзел у судовым працэсе, бо лічыць справу палітычна матываванай. Журналістку прызналі вінаватай на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП (праца на замежны СМІ без акрэдытацыі) за тое, што 4 кастрычніка сфатаграфавала ў пад’ездзе ўласнага дома той момант, калі супрацоўнік Маскоўскага РАУС Брэста Эдуард Уласюк уручаў позву ў міліцыю яе мужу і калегу Алесю Леўчуку. Фатаграфія пазней з’явілася на сайце тэлеканала “Белсат”.
У якасці галоўнага сведкі падчас разгляду гэтай справы выступіў менавіта Эдуард Уласюк. У выніку суддзя Лабачэўская пакарала Харытонаву штрафам у памеры 25 базавых велічынь, што складае 612,5 рубля.
Сама Мілана Харытонава лічыць абсурдным такое пакаранне, бо мае права паводле Канстытуцыі распаўсюджваць інфармацыю і размяшчаць у адкрытым доступе ў сацыяльных сетках, адкуль яна можа трапіць у любы сродак масавай інфармацыі.
Цягам апошніх двух месяцаў Мілану Харытонаву судзілі шэсць разоў, а Алеся Ляўчука — пяць. Агульны штраф гэтых брэсцкіх журналістаў-фрылансераў складае 9937 рублёў.
Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2018 годзе (табліца, абнаўляецца)