Журналісткі ва ўсім свеце зарабляюць менш, чым журналісты. А ў Беларусі?
У Еўрасаюзе гендэрныя нажніцы ў заробках складаюць каля 12%. Беларусь упэўнена апярэджвае «калектыўны Захад» па гендарным разрыве.
18 верасня адзначаецца Сусветны дзень роўнай аплаты працы. Міжнародная федэрацыя журналістаў і Інстытут разнастайнасці СМІ заклікалі скараціць гендэрны разрыў у аплаце працы журналістак і журналістаў. Бо пры цяперашніх тэмпах роўнасці ў аплаце працы ўдасца дасягнуць не раней за 2086 год.
Чаму пытанне пра роўную аплату працы вынеслі на парадак дня?
Гендэрная няроўнасць ў аплаце працы ў журналістыцы ахапіла ўсе кантыненты, медыяарганізацыі і галіны.
У Бразіліі жанчыны-журналісткі, якія працуюць на падставе працоўнай дамовы, атрымліваюць у сярэднім на 5,7% менш, чым мужчыны. Чым вышэйшыя пазіцыі ў журналісцкай іерархіі займае чалавек, тым больш павялічваецца розніца: жанчыны на пасадзе галоўнага рэдактара зарабляюць на 41,3% менш, чым мужчыны.
У Францыі, як паказвае праведзенае з 2010 па 2021 гады даследаванне, жанчын больш наймаюць на кароткатэрміновыя кантракты (18%), чым мужчын (10%).
Ва ўсіх сектарах эканомікі Еўрасаюза «ў 2022 годзе валавы пагадзінны заробак быў у сярэднім на 12,7% ніжэйшы, чым у мужчын».
Міжнародная арганізацыя працы (МАП) ацэньвае існуючыя нажніцы ў 20%. То-бок жанчыны зарабляюць толькі 80% ад заробку мужчын. І пры цяперашніх тэмпах свет можа дасягнуць роўнасці ў аплаце працы толькі ў 2086 годзе.
Чаму журналісткі атрымліваюць менш, чым журналісты?
Апытанне Reuters Institute 2024 года паказала, што працэнт жанчын на вышэйшых рэдакцыйных пасадах «істотна вар’іруецца ад рынка да рынка, ад 0% у Японіі да 43% в ЗША». Гэты фактар называецца адной з галоўных прычын няроўнасці ў аплаце працы. «Шкляныя столі» (тэрмін уведзены ў пачатку 1980‑х гадоў для апісання нябачнага бар’ера, які перашкаджае жанчынам прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы, незалежна ад прафесійных якасцяў) абмяжоўваюць доступ жанчын да выканаўчых пасад, рэдакцыйнага кіраўніцтва і кіравання.
Многія жанчыны працуюць у нізкааплочваемых сектарах (напрыклад, пішуць пра культуру), у той час як мужчыны, наадварот, дамінуюць у высокааплочваемых сферах: у палітыцы, бізнэсе, журналісцкіх расследаваннях.
Яшчэ адной прычынай заробкавай няроўнасці даследчыкі называюць тое, што жанчыны часцей бяруцца за пазаштатныя ці частковыя працы, дзе аплата непастаянная, а часта – адсутнічае ўвогуле.
МФЖ канстатуе, што разрыў у аплаце працы больш відавочны сярод каляровых жанчын, прадстаўнікоў ЛГБТК+ і маргіналізаваных супольнасцяў.
А што ў Беларусі?
Дзяржава закрывае статыстыку ва ўсіх важных сферах жыццядзейнасці. А заробкі – гэта святая святых рэжыму Лукашэнкі.
Але на бяскрайніх прасторах інтэрнэта ўдалося знайсці афіцыйную інфармацыю пра тое, што на снежань 2022 года ў сферы інфармацыі і сувязі гендарны разрыў у заробку складаў 40,5 адсоткаў.
Паводле іншай інфармацыі, журналісты ўнутры Беларусі ў 2024 годзе атрымліваюць заробак ад 446 да 1 381 рубля.
Месячны заробак вагаецца ў межах 446–882 рублёў (для пачаткоўцаў), 542‑1104 рублі – пасля 5 гадоў працы пры 40-гадзінным працоўным тыдні.
Што рабіць?
Вось якія рэкамендацыі даюць МФЖ і MDI:
- правесці аўдыт ва ўсіх медыяарганізацыях, каб ацаніць разрыў у аплаце працы;
- увесці абавязковую практыку празрыстасці аплаты працы ва ўсіх медыяарганізацыях;
- стварыць справядлівыя магчымасці для прасоўвання жанчын па службовай лесвіцы, якія забяспечаць роўнае прадстаўніцтва на кіроўных пасадах;
- прыняць палітыку недыскрымінацыі і калектыўныя дамовы для выкаранення перадузятасці, дамагальніцтваў і гвалту на працоўным месцы;
- увесці палітыку справядлівай аплаты працы для фрылансераў (у тым ліку заробак, льготы, гарантыі занятасці).
«Барацьба за гендэрную роўнасць у аплаце працы ў журналістыцы – гэта барацьба за справядлівасць, празрыстаць і годнасць ў галіне і грамадстве ў цэлым», – заявіла старшыня Рады па гендэрных пытаннях МФЖ Марыя Анхелес Самперыё.