Прыгоды сям’і эмігрантаў у Грузіі: што трапіла ў дзіцячую кнігу беларускай журналісткі?
Вольга Дэксніс апошнія тры гады жыве ў Грузіі. Нядаўна пачала пісаць кнігу для дзяцей, галоўныя героі якой — сям’я беларусаў-эмігрантаў. Гутарым з ёй пра шлях ад журналістыкі да пісьменніцы.
Вольга Дэксніс у беларускай журналістыцы даўно. Падчас супрацы з рознымі медыямі займалася пераважна няпростымі сацыяльнымі тэмамі, пісала пра людзей ва ўразлівым становішчы. Вядомай стала пасля публікацыі ў 2015 годзе ў «Комсомольской правде» в Беларуси» расследавання пра кавярню «Сайгон» на рынку ў Ждановічах.
Трэцяе абнуленне
— Воля, як і чаму ты з’ехала з Беларусі?
— На той момант, 27 верасня 2021 года, мы з 15-гадовай дачкой выляталі з Мінску. Як беларуская журналістка я шукала ў Грузіі бяспеку. У той час шмат хто казаў: «Мы тут да Новага года ці да лета».
Я дакладна разумела, што выехала з краіны як мінімум на дзесяць гадоў, ілюзій у мяне не было. Прайшло ўжо тры.
Калі я выязджала, у мяне была праца ў журналістыцы і дзве падпрацоўкі, а пасля пераезду ўсё абарвалася. Мне адразу давялося пачынаць жыццё цалкам з чыстага аркуша. У 2022 і 2023 годзе я зноў працавала як журналістка. Мне было важна заставацца ў гэтай прафесіі ў момант тых гістарычных падзей, што тады разгортваліся ў нашай краіне і ў суседзяў. Потым праекты скончыліся, а мне зноў трэба было шукаць працу і сябе. Я не ведала, куды ісці, але дакладна ўсведамляла галоўнае, што свой «пішучы стрыжань» трэба захаваць і на яго «нарасціць» новыя прафесіі.
У Грузіі я ўпершыню паспрабавала сябе як валанцёрка НДА. У 2022 годзе я стварыла «Дыскусійны клуб» у АБФ і вяла паўтара года. І гэта было цалкам пра мяне — задаваць пытанні ці то ў кнігах, ці то ў журналістыцы, ці то ў дыскусійным клубе. Мне вельмі падабалася, што на той момант да нас прыходзілі ўсе эмігранты, якія хацелі — і беларусы, і украінцы, і расейцы, і казахі. Былі таксама грузіны. Мы размаўлялі і пра перажыванне эміграцыі, і як весці сацсеткі, і пра шахматы, гарбаты і да т.п. Каго толькі там не было! Гэта было файнае кам’юніці. Людзі аб’ядноўваліся, сябравалі, штосьці новае стваралі.
Летась я запусціла кароткую пісьменніцкую майстэрню. Прыйшло адразу каля 15 мужчын і жанчын, але калі людзі зразумелі, што кніга — гэта штодзённая дысцыпліна, майстэрня развалілася.
Там было шмат розных цікавых ідэй, усім было, што сказаць, але да канца ніхто не дайшоў.
Цяпер я праходжу трэцяе абнуленне за гэтыя гады, і яно пачынаецца з кнігі.
— Ты сышла з журналістыкі?
— Медыі цяпер у складанай сітуацыі, новых вакансій мала. За гэты час я вучыла smm, потым прайшла курс па кніжным прадзюсаванні — гэта калі ты дапамагаеш аўтару ствараць кнігу ад ідэі да публікацыі. Да гэтага ў мяне ўжо быў пэўны досвед. Да ад’езду ў мяне рыхтавалася кніга, але праз пэўныя палітычныя падзеі яна не выйшла.
Я пачала пісаць кнігі на замову. Ёсць такая прафесія — гострайтэр — прывідны пісьменнік. У ЗША яна вельмі запатрабаваная і добра аплочваецца. Нашыя краіны толькі развіваюцца ў гэтым напрамку.
На Захадзе ледзь не кожны артыст, прадпрымальнік, нават сябра НДА піша сваю нон-фікшн кнігу. Напрыклад, сярод знакамітых кніг, напісаных на замову — мемуары прынца Гары «Запасны». Пісаў іх журналіст і пісьменнік Джон Мёрынгер, лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі.
Да канца гэтага года мусяць выйсці дзве кнігі, якія я напісала для іншых людзей, і адна, дзе я выступала як літаратурны ментар.
«Беларусам ёсць шмат чаго распавесці, шкада, што яны маўчаць»
— Да напісання кніг на замову можна сустрэць неадназначнае і нават пагардлівае стаўленне — нібы гэта падман нават, калі ты пішаш твор, а на вокладцы імя іншага чалавека.
— Я не згодная, што гэта падман. У кнізе на замову я выступаю як літаратурны рэдактар, і імя маё там так і пазначанае. Часта гэты працэс параўноўваюць з сурагатным мацярынствам, вынасіў дзіця (кнігу), аддаў, паводле дамовы — гэта не тваё!
Напрыклад, я пісала кнігу пра хатні гвалт — гісторыю жанчыны, якая перажыла 13 нажавых раненняў, яе ледзь не забілі. Як можна сказаць, што гэта мая кніга? Гэта гісторыя і кніга той жанчыны. Яна сама кажа, что не ўмее пісаць. Акрамя таго, з цягам часу дэталі жыцця забываюцца, асабліва траўматычныя. Я ж выцягваю з чалавека ўсе сэнсы, патрэбныя для тэксту. Нашая праца — гэта партнёрства, у ёй ніхто не галоўны, усе роўныя.
Я перакананая, што ў кожным з нас жыве кніга, і магчыма, не адна, але яе трэба своечасова «выгрузіць». Зрэшты, журналісты робяць тое самае. Гэта тое ж інтэрв’ю, толькі ў маім выпадку яно вельмі глыбокае і цягнецца даўжэй, з чалавека дастаецца больш сэнсаў і сюжэтаў.
І мне заўсёды не хапала гэтага ў журналісцкай працы — магчымасці «разгарнуцца», калі ты абмежаваны тэмай і аб’ёмам тэксту.
— А што такое літаратурнае ментарства?
— Цяпер модна казаць «вяду за ручку».
Калі коратка, то мы стэлефаноўваемся на працягу чатырох-шасці месяцаў і праз інтэрв’ю дастаем з чалавека ягоную кнігу ад ідэі да публікацыі. Таксама я збіраю каманду падрадчыкаў. Самае крутое, калі ў працэсе працы людзі прыходзяць да вельмі нечаканых адкрыццяў.
Неяк да мяне прыходзіла жанчына-ювелір, якая з’ехала з дому ў 2022 годзе. Жанчына-ювелір — ужо гучыць крута! Ёй была патрэбная кніга для візы талентаў. Яна валодала ўнікальнай тэхнікай, працавала з вялікімі заводамі ў розных краінах. У нейкі момант я ў яе запыталася: «А чаму вы не створыце свой уласны брэнд, у чым супраціўленне?». Яна не вярнулася на кнігу, але сказала, што яе моцна закранула маё пытанне пра брэнд. І мяркую, што яна пайшла яго рабіць. Кніга-візітоўка ёй была ўжо не патрэбная. Ейная візітоўка — аўтарскія ювелірныя вырабы.
Агулам да мяне завітваюць вельмі цікавыя людзі. Была дзяўчына з ЗША, эмігрантка. Ёй быў патрэбны рэдактар для кнігі ўспамінаў пра родны горад, дзе яна не была пяць гадоў. Ці жанчына, якая страціла некалькі разоў ва ўлонні дзіця, апошны раз — за дзень перад родамі. Яна напісала кнігу, як дапамагаць такім жа жанчынам вярнуцца да жыцця пасля невыноснай страты.
Сярод нас, эмігрантаў, шмат сюжэтаў нават не для адной кнігі. Так шмат чаго ёсць распавесці беларусам, беларускім журналістам. І мне вельмі сумна, што людзі маўчаць, што так мала выходзіць кніг пра тое, што мы ўсе перажываем і як спраўляемся.
Калі мне было 20 гадоў, я працавала сацыяльным работнікам, і неяк прыйшла да аднаго пенсіянера. Ён — былы журналіст, дзеці дапамаглі яму выдаць ягоныя мемуары пра жыццё пасля размеркавання ў Казахстане. Я нядаўна трымала ягоную кнігу ў руках і думала: вось, будуць у мяне ўнукі, праўнукі, і яны будуць задавацца пытаннем – мая бабуля жыла ў гістарычны час, умела пісаць, ствараць вялікія літаратурныя формы, але нічога не пакінула пасля сябе. Чаму? Яна только пісала посцікі ў сацсетках, якія хутка зніклі, і сацсетка знікла. Кніга — гэта тое, што застанецца пасля цябе надоўга.
Пісьмо як тэрапія
— Сапраўды, гэтае пытанне не раз абмяркоўвалася, што мала кніг, фільмаў пра падзеі апошніх гадоў. У якасці аднаго з аргументаў, чаму так, часта кажуць, што яшчэ не час, што вельмі балюча, што трэба спачатку перажыць…
— Так, балюча, так, цяжка. А яшчэ, час жа трэба знайсці, яго ж заўсёды на сябе не хапае, а ён ляціць, як і жыццё! Я даследавала, як на чалавека ўплывае напісанне тэкстаў — не па замове, а для сябе. У свеце ёсць шэраг праграм, нават пры ўніверсітэтах, дзе творчае пісьмо, аўтабіяграфічныя кнігі, лісты, апавяданні і дзённікі выкарыстоўваюцца ў мэтах рэабілітацыі, развіцця асобы і самавыяўлення. Я кажу пра праекты, у якіх людзі пішуць не з пазіцыі «трэба па працы ці вучобе», а з пазіцыі «хачу, адчуваю, пішу, аднаўляюся».
Вольнае пісьмо выкарыстоўваецца ў працы з залежнасцямі, для людзей з псіхічнымі разладамі, дэпрэсіямі і ПТСР, дапамагае медыкам і пацыентам у адрэфлексаванні дыягназу. Ёсць праекты, якія дапамагаюць ветэранам вайны адрэфлексаваць свой досвед.
Мне падабаецца суправаджаць чалавека ў перыяд ягонага даследавання сябе як асобы, ісці з ім у ягоную глыбіню ў стварэнні кнігі. І я чую шмат падзяк. Гэты працэс не трэба блытаць з «літаратурным рабствам», у супрацоўніцтве з аўтарам мы — партнёры! Дарэчы, зараз большасць журналістаў ствараюць кантэнт без свайго імя, не бачу розніцы!
Сацыяльны псіхолаг Джэймс Пеннебэйкер першым даказаў, што пісьменніцтва дапамагае спраўляцца з траўмай і аднаўляць псіхіку. Многія абапіраюцца на яго методыку. Ёсць кніга «Шлях мастака» Джуліі Кэмеран, у яе аснове заданне — пісаць па тры старонкі адразу пасля абуджэння, выгружаючы з сябе ўсё лішняе, трывожнае, пустое. У неспакойны мозг нічога новага не прыходзіць. Дарэчы, гэтая кніга і «ранішнія старонкі» дапамаглі мне ў тым ліку. Здавалася б, пры чым да маёй біяграфіі дзіцячая літаратура?! А вось прыйшло — рэалізую!
«Аэрапорт для жывёлаў»
— Як табе прыйшла ідэя дзіцячай кнігі? Атрымліваецца, падштурхнулі «ранішнія старонкі»?
— Ідэя прыйшла ў моры. Калі быць больш дакладнай, то там яна набыла новую форму, трансфармавалася ў апавяданне з ілюстрацыямі. Праз тыдзень на тым жа месцы прыйшла ідэя пра краўдфандынг.
У нейкі момант я пачала шмат плаваць, па два разы на дзень, каб захаваць сваё псіхічнае і фізічнае здароўе. Падчас плавання, ці іншай кардыётрэніроўкі мы выраўніваем дыханне. А роўнае дыханне — спокойнае жыцце, а далей — новыя ідэі!
— Можаш крыху распавесці пра сюжэт дзіцячай кнігі?
— Яна будзе называцца «Аэрапорт для жывёлаў». Героі кнігі спісаныя з сям’і маіх сяброў-беларусаў, з якімі я пасябравала ў Батумі, і іхных дзяцей-двайнят. Імёны іхныя я таксама захавала для гісторыі. Цяпер яны з’ехалі ў Нідэрланды. У эміграцыі вельмі часта сем’і распадаюцца. Усё, што тонкае, рвецца. А яны былі яскравым прыкладам таго, як можна кахаць, ствараць новыя праекты, падтрымліваючы адзін аднаго.
Тата па сюжэце і ў жыцці — праграміст. Так мне хацелася падсвяціць тую шматтысячную хвалю рэлакацыі «айцішнікаў» у Грузію. У нейкі момант сын просіць тату прыдумаць штосьці, каб дапамагчы бяздомным сабакам, якіх вельмі шмат у краіне. У выніку ўся сям’я аб’ядналася і прыдумала новы сацыяльны праект, які дапамог згуртаваць вялізную колькасць неабыякавых людзей па ўсім свеце і стварыць для жывёлаў спецыяльны «аэрапорт». А той, у сваю чаргу, дапамог адправіць усіх бяздомных звяроў «па дамах».
Мне хацелася зафіксаваць праблему бяздомных сабак у Грузіі. А яшчэ тое, як эмігранты і рэлаканты пачалі клапаціцца пра новае асяроддзе, дзе яны знаходзяцца: прыбіраць марское ўзбярэжжа, ратаваць жывёлаў — хтосьці рукамі, хтосьці фінансава, хтосьці шукаў ператрымку, хтосьці дапамагаў вывозіць сабак з краіны. І гэта рабілі менавіта эмігранты — з Беларусі, Расіі, Украіны. Яны аб’ядналіся ў добрых справах.
На ілюстрацыі да твору і друк аўтарка абвесціла збор
Мая кніга найперш для дзяцей, і там ёсць прыгоды, але і дарослыя ў ёй таксама знойдуць свае сэнсы. Я ўжо знайшла прафесійную мастачку, якая зробіць прыгожа, каб кнігу захацелі купіць усе — і дарослыя, і малыя. Увогуле, у кнізе вельмі шмат для мяне сэнсу.
«Адчуваю месца, у якім жыву, домам»
— Ты закранаеш вельмі важную тэму — нашых дзяцей у эміграцыі. Падаецца, пра гэта мала пішуць і кажуць, прынамсі, менш, чым патрэбна. Ты пераязджала з дачкой. Што ты можаш са свайго досведу распавесці пра перажыванне дзецьмі ад’езду з радзімы?
— Калі я была ў НДА, часта на сустрэчах казала, што трэба звяртаць увагу на патрэбы дзяцей, што ў эміграцыі ім не толькі школу трэба знайсці і на гэтым пытанні з дзецьмі закрытыя.
Маёй дачцэ было цяжка спачатку. Яна была на анлайн-навучанні, не было сяброў, яна сядзела ў пакоі і не ведала, што рабіць далей. Калі ёй споўнілася 16 гадоў, яна пайшла працаваць барыста ў кавярню. У яе з’явіліся сябры, і цяпер усё добра. Яна скончыла навучанне графічнаму дызайну, зараз плаўна ў гэтую галіну пераходзіць.
У сваёй кнізе я ўскосна закранаю тэму перажывання дзецьмі эміграцыі, але агулам мяркую, што пра гэта трэба пісаць асобныя апавяданні.
— Апошнім часам ў Грузіі даволі трывожныя тэндэнцыі, змяняецца заканадаўства ў не самы прыязны для НДА і медыяў бок. Беларусам ужо не раз адмаўлялі ва ўездзе ў краіну пасля візарану, а ў верасні ўпершыню не ўпусцілі журналіста — Андрэя Мялешку. Як ты сябе адчуваеш у сувязі з усім гэтым? Няма думак пра пераезд?
— Цяперашняя сітуацыя вельмі трывожная, так. Мяне ўразіла сітуацыя з Андрэем. Я бачыла, як іншых беларусаў тут гэта таксама закранула. Асабліва было страшна, што іх з дачкой адправяць у Беларусь. Гэта б азначала, што ўжо заўтра нам трэба збіраць валізкі і з’язджаць. А куды?
Датычна таго, каб з’ехаць, у мяне на дадзены момант няма візы, і зрабіць яе цяпер беларусам у Грузіі не так проста.
— Але хочаш з’ехаць ці можаш сказаць, што Грузія стала для цябе домам?
— Я магу сказаць, што адаптавалася тут толькі праз тры гады, мне спатрэбілася шмат часу.
Мая аўтарская кніга, гэта таксама такі знак, што я ўжо окей. Хоць я тут не інтэгравалася ў мясцовае грамадства, але магу сказаць, што адчуваю месца, у якім я жыву, домам.
Мне дакладна тут камфортна, добра, цёпла, сонечна. Прырода аднаўляе і натхняе, дзе б я не была, а тут асабліва!