Журналістка Hrodnalife арганізавала вернісаж «Гродна, якi мы бачым i не бачым»
Вернісаж мастацкай выставы «Гродна, якi мы бачым i не бачым» адбыўся 15 – 17 лютага ў гродзенскім Цэнтры гарадскога жыцця. Выстава арганізаваная Арт-студыяй Кацярыны Забелінай і журналісткай анлайн-выдання Hrodnalife, сябрам ГА «БАЖ» Ірынай Новік.
Творчая экспазіцыя была прысвечаная непаўторнай гарадской архітэктуры каралеўскага горада. На ёй прадстаўляліся пленэрныя і самастойныя працы навучэнцаў з дарослых і дзіцячых груп арт-студыі: інсталяцыя ў выглядзе «сушэння» саколак з прынтамі гарадскіх краявідаў, намаляваных вучнямі студыі, кубкі з насененымі на іх выявамі дзіцячых працаў.
Цікава, што ў студыі Кацярыны Забелінай займаюцца людзі, якія не маюць адмысловай мастацкай адукацыі. Пэўная частка арт-праекту прысвячалася акурат выканаўцам. У імправізаванай фотавыставе можна было пабачыць аўтараў большасці мастацкіх прац.
У каментары карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ» Ірына Новік распавяла пра гісторыю стварэння арт-праекту і падзялілася сваімі ўражаннямі:
«Мяне заўсёды натхняе, калі я сустракаюся з творчымі людзьмі. У Горадні такіх людзей вельмі шмат, але іх проста не бачна. Калі я пазнаёмілася з Кацярынай Забелінай, пачала маляваць, пазнаёмілася з яе вучнямі, я пабачыла зусім іншую Горадню і мяне апанавала думка, што трэба паказаць гэты цёплы, душэўны горад з чалавечым вымярэннем. Паказаць яго іншым людзям — і тым, хто тут жыве, і тым, хто сюды прыязджае. Апроч знакамітых архітэктурных ансамбляў мы адлюстроўваем незнаёмы бок горада: ягоныя ціхія падворкі, драўляную забудову – тую Горадню, якую вельмі рэдка бачым».
У гэты ж дзень Ірына Новік святкавала свой Дзень народзінаў. ГА “БАЖ” далучаецца да віншаванняў і жадае далейшых творчых поспехаў, натхнення, рэалізацыі ўсяго задуманага і плённай працы на карысць Бацькаўшчыны.