• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістаў тэрмінова запісваюць у “тэрарысты”, каб на іх не распаўсюдзілася амністыя? Заявы чыноўнікаў

    Апошнім часам цэлы шэраг журналістаў папоўнілі дзяржаўны спіс нібыта датычных да “тэрарыстычнай дзейнасці”. З заяваў чыноўнікаў нарэшце стала зразумела, чаму гэта зроблена ў такім спешным парадку — выглядае на тое, каб тыя не патрапілі пад амністыю. 

    Літаральна напярэдадні ў пераліку “тэрарыстаў”, якіх паводле зразумелай толькі нейкай унутранай логіцы вычляняе і сістэматызуе Камітэт дзяржбяспекі, апынуліся палітзняволеныя кіраўніцы ліквідаванага ўладамі партала Tut.by Марына Золатава і Людміла Чэкіна

    Крыху раней у гэты ж спіс дадалі журналістак згаданага інфармацыйнага рэсурсу Вольгу Лойку, Алену Талкачову і былую начальніцу сектара працы з электроннай інфармацыяй агенцтва БелТА Іну Можчанка.

    А ў пачатку кастрычніка “тэрарыстам” абвясцілі журналіста і актывіста Саюзу палякаў Беларусі Андрэя Пачобута. Усім да раней вылучаных крымінальных артыкулаў запісалі ў нагрузку “распальванне варожасці” (арт. 130 КК) ды “заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы” (арт. 361 КК).

    І гэта не кажучы пра шмат большую кагорту тых, хто персанальна альбо ў складзе цэлых рэдакцый абвінавачваюцца ў “экстрэмісцкай дзейнасці” ці абвешчаныя ўдзельнікамі “экстрэмісцкіх фармаванняў”.

    Чаму раптам прадстаўнікі медыяў, якія ўжо даўно трапілі пад каток рэпрэсій і знаходзяцца пад вартай або падпіскай аб невыездзе, атрымалі такі нечаканы статус? 

    І вось нарэшце высокапастаўленыя чыноўнікі прагаварыліся, у чым прычына падобнай спешкі. Здарылася гэта якраз перад абмеркаваннем у Палаце прадстаўнікоў законапраекта аб амністыі, прымеркаванай да так званага Дня народнага адзінства. Ухваліць дакумент маюцца на пачатку лістапада, а пакуль “эксперты” сабраліся дзеля “абмену думкамі”. 

    Выглядае, што для зняволеных апанентаў рэжыму перспектывы ад слова “ніякія”. Так, генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед наўпрост даў зразумець: унесеным у экстрэмісцка-тэрарыстычныя спісы амністыя не свеціць апрыёры, цытуюць яго афіцыйныя СМІ.

    «Тэматыка барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам актуальная як ніколі. І тыя асобы, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці, альбо звязаныя з тэрарызмам, – гэта дастаткова небяспечныя ў любой дзяржаве асобы. Мяркую, неабходна адзначыць, што даравання такім людзям ні ў адной краіне свету быць не можа. Таму што яны замахваюцца на асновы канстытуцыйнага ладу, на нармальнае, спакойнае жыццё грамадства. Наколькі я памятаю, артыкул 10 законапраекта дакладна сведчыць: уключаныя ў спіс асобаў, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай і тэрарыстычнай накіраванасці, не трапляюць пад дзеянне гэтага закона», – падсумаваў Андрэй Швед.

    Засцярогі кіраўнік Генпракуратуры, што, маўляў, на волю выйдуць “небяспечныя злачынцы”, падтрымаў і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. Ён нагадаў, што папярэдняя амністыя здарылася ў 2020 годзе, і за гэты час сацыяльна-палітычная сітуацыя і грамадскія настроі сур’ёзна змяніліся. Таму неабходна сфармуляваць абгрунтаваныя довады, якімі кіруецца дзяржава, прымаючы рашэнне аб мэтазгоднасці амністыі.

    “Важна не перайсці рысу, за якой меркаванні гуманнасці і міласэрнасці ўступаюць у супярэчнасць з інтарэсамі нацыянальнай бяспекі. Як быць з тымі, хто замахнуўся на суверэнітэт Беларусі, браў удзел у спробе дзяржаўнага перавароту, тэрарыстычных актах, сабатажы, распаўсюдзе нацысцкай ідэалогіі? Ці вартыя яны амністыі? Не ўпэўнены, што з гэтым пагодзяцца грамадзяне, чыё жыццё экстрэмісты паставілі пад удар дзеля сваіх карыслівых мэтаў. Не будзем забывацца таксама, што так званыя збеглыя і іх заходнія гаспадары не пакідаюць спробаў сфармаваць у Беларусі пятую калону. Ці можна гарантаваць, што выпушчаныя на волю злачынцы не папоўняць яе шэрагі?», — задаўся пытаннем Уладзімір Андрэйчанка. 

    Нарэшце, намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч падчас папярэдняга абмеркавання законапраекта назваў статыстыку вызначаных да датэрміновага вызвалення і катэгорыі будучых амніставаных — “палітычнымі” там нават не пахне. Паводле яго слоў, плануецца вызваліць каля 4500 асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі — 1600, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу — 500, з крымінальна-выканаўчых інспекцый — 2500, а таксама скараціць тэрмін на 1 год амаль 4000 асуджаных. Агулам амністыя закране 8,5 тысяч чалавек.

    «У адпаведнасці з артыкуламі 1, 2 прадугледжваецца вызваленне ад усіх відаў пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, а таксама спыненне папярэдняга расследавання па крымінальных справах у дачыненні да пэўных катэгорый асоб, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, альбо ўчынілі менш цяжкія злачынствы пры ўмове, што яны не ўваходзяць у пералік артыкулаў, на якія амністыя не распаўсюджваецца. Так, прапануецца не распаўсюджваць дзеянне закона аб амністыі на асобаў, якія ўчынілі злачынствы тэрарыстычнай або экстрэмісцкай накіраванасці”, — адзначыў Генадзь Казакевіч, фактычна паставіўшы крыж на чаканнях “палітычнай адлігі”.

    Цяпер у Беларусі 1344 чалавек афіцыйна прызнаныя палітычнымі вязнямі, аднак рэальная колькасць рэпрэсаваных за іншадумства значна большая. Акрамя таго, за кратамі застаюцца 32 прадстаўнікі незалежных медыяў, а сотні журналістаў хаваюцца ад пераследу за межамі Беларусі.   

    Чытайце яшчэ:

    «Твой час — твой лёс». Год таму сілавікі ўварваліся ў рэдакцыю «Новага Часу». Што змянілася за гэтыя месяцы?

    Дар’ю Лосік не выпусьцілі з‑пад варты. Яна застаецца ў СІЗА Берасьця

    ААЦ і КДБ будуць сачыць за карыстальнікамі тых беларускіх сайтаў, якіх вызначаць самі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці