Журналістаў, што наведвалі ў брэсцкай лякарні Някляева, міліцыянты папярэдзілі пра “непажаданыя наступствы”
Уладзімір Някляеў быў затрыманы ў ноч з 24 на 25 сакавіка на брэсцкім чыгуначным вакзале, калі вяртаўся з Варшавы ў складзе дэлегацыі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасці пасля сустрэчаў з польскімі палітыкамі і дыскусіі наконт сітуацыі ў Беларусі ў польскім парламенце — Сейме.
Фота Міланы Харытонавай
Спачатку яго даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання, але пазней — з папярэднім дыягназам “гіпертанічны крыз” — Някляеў быў шпіталізаваны ў аддзяленне неўралогіі Брэсцкай лякарні хуткай медычнай дапамогі.
Раніцай 26 сакавіка яго наведалі мясцовыя калегі-літаратары, праваабаронцы, а таксама сябры брэсцкай філіі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Падчас непрацяглай размовы Някляеў паспеў паведаміць, што на яго не быў складзены пратакол, які б сведчыў, што ён мае статус затрыманага. Тым не менш, звонку і на некаторых паверхах у лякарні былі заўважаны супрацоўнікі міліцыі.
Пасля гэтай сустрэчы да журналістаў падыйшлі начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Вайтовіч і намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС аблвыканкама Вячаслаў Максімук. Яны распавялі журналістам пра “непажаданыя наступствы” гэтага візіту, “па-добраму” папярэдзіўшы пра неабходнасць тэрмінова сыйсці з лякарні. У іншым выпадку сябраў БАЖ паабяцалі адвезці ў міліцэйскі пастарунак.
Гэтая лякарня ў Брэсце знаходзіцца зусім побач з плошчай Леніна, дзе на 26 сакавіка была абвешчана чарговая акцыя пратэста. Мерапрыемства не адбылося, аднак супрацоўнікі міліцыі затрымалі рэдактара сайта «Виртуальный Брест» Андрэя Кухарчыка, які рабіў “жывую” трансляцыю з плошчы. Ён быў дастаўлены ў Ленінскі РАУС Брэста і неўзабаве адпушчаны без складання пратакола.