Журналістаў дапыталі па справе Леаніда Судаленкі
Незалежнага журналіста з Рэчыцы Андрэя Мядзведзева на мінулым тыдні дапыталі ў якасці сведкі ў раённым аддзеле Следчага камітэта па крымінальнай справе праваабаронцы, сябра ГА "БАЖ" Леаніда Судаленкі.
«Допыт цягнуўся больш за чатыры гадзіны. Вёў яго следчы УСК з Гомеля па прозвішчы Яцухна. У мяне ўзялі падпіску пра неразгалошванне, таму больш нічога сказаць не магу», — паведаміў Андрэй Мядзведзеў службе маніторынгу ГА «БАЖ».
Наколькі вядома, на допыт выклікалі і рэчыцкага грамадскага актывіста Валерыя Пуціцкага.
24 сакавіка ў Гомелі ва ўпраўленні СК дапыталі таксама сябра ГА «БАЖ», журналістку Ларысу Шчыракову.
У чым віна праваабаронцы?
Леаніда Судаленку 18 студзеня выклікалі ў рэгіянальнае ўпраўленне Следчага камітэта, пасля чаго ўзялі пад варту. З ізалятара часовага ўтрымання праз двое сутак Леаніда перавялі ў СІЗА.
Незадоўга да затрымання на працоўным месцы Судаленкі ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай супрацоўнікі УБАЗіКа ў межах іншай крымінальнай справы аб беспарадках учынілі ператрус. Сілавікі забралі не толькі камп’ютарную тэхніку, але і каля дзвюх соцен тэчак з дакументамі — абскарджваннямі штрафаў і арыштаў удзельнікаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў, а таксама асабістыя банкаўскія карткі праваабаронцы, у тым ліку і валютную.
Пасля таго ператрусу Леанід Судаленка прадбачыў магчымасць свайго затрымання і пакінуў у офісе запіску, у якой выклаў пазіцыю з нагоды аказання рознабаковай дапамогі пацярпелым жыхарам Гомельшчыны. Такая мірная дзейнасць па абароне правоў іншых людзей, зазначыў Судаленка, у поўнай меры ўзгадняецца з Дэкларацыяй ААН аб праве і абавязку асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды.
Праваабаронца не хаваў, што выдаткаваў на дапамогу пацярпелым тысячу еўра са сваёй французкай прэміі “Свабода-Роўнасць-Братэрства”. Грошы ішлі на аплату штрафаў, рахункаў за харчаванне ў ІЧУ, дзяржаўных пошлін за перагляд у вышэйшых судовых інстанцыях адміністрацыйных і крымінальных спраў рэпрасаваных грамадзян.
Гэта дзейнасць, піша ў лісце на волю Судаленка, «не з’яўляецца забароненай па сэнсу прад’яўленага мне артыкула 342 КК, якім вызначана адказнасць за арганізацыю, фінансаванне і навучанне» (маецца на ўвазе асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).
І дадае: знаходзячыся ў СІЗА, «канчаткова пераканаўся ў сваім статусе — палітычны закладнік». Судаленка перакананы, што «пратэсты ў краіне арганізавала ўлада, ёй і трэба шукаць выйсце».
Праваабарончыя арганізацыі прызналі Леаніда Судаленку палітычным вязнем.
На здымку: Андрэй Мядзведзеў. Фота аўтара.