Журналіста Зьмітра Казакевіча аштрафавалі на 1740 рублёў. У судзе ён працытаваў Оруэла
Суд Першамайскага раёна Віцебска пакараў незалежнага журналіста Змітра Казакевіча двума максімальнымі штрафамі паводле ч. 3 арт. 23.5 КаАП — за парушэнне заканадаўства аб СМІ. То бок за супрацу з замежным медыя без акрэдытацыі беларускага міністэрства замежных спраў.
Суддзі Андрэй Шыдлоўскі і Вераніка Барысава прызналі журналіста вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ. У прыватнасці, двух публікацый, якія сёлета ў лютым былі размешчаныя на сайце belsat.eu. У міліцэйскіх пратаколах паведамлялася, што матэрыялы аўтар напісаў, “злоўжываючы правамі і парушаючы абавязкі журналіста”.
Зміцер Казакевіч распавёў, што адзін з артыкулаў — гэта гісторыя пра звальненне выкладчыка медыцынснага ўніверсітэта, які адбыў трое сутак пад арыштам за белыя і чырвоныя фіранкі ў сваёй кватэры. Другі — пра судовы працэс над жыхаром Віцебска, у дачыненні якога распачалі крымінальную справу за супраціў міліцыянтам. Звесткі пра гэтыя артыкулы былі знойдзеныя падчас агляду змесціва ноўтбука журналіста, забранага міліцыянтамі падчас ператрусу.
Зміцер Казакевіч адмовіўся даваць суду тлумачэнні па справах. Кажа, што зрабіў гэта на знак салідарнасці з калегамі:
— Мне нават няёмка сябе бараніць, калі мае каляжанкі Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева сядзяць у турме, калі іншых журналістаў трымаюць за кратамі, калі ў краіне амаль 300 палітзняволеных. Я адмовіўся даваць паказанні на знак салідарнасці і павагі да іх.
Журналіст абмежаваўся кароткім зваротам да суда, дзе падкрэсліў, што не лічыць сябе вінаватым. І працытаваў урывак з рамана-антыўтопіі Джорджа Оруэла “1984” пра тое, што толькі тады жыццё ў краіне можна лічыць нармальным, калі двойчы два — гэта чатыры, і ніхто не імкнецца давесці, што гэта не так.
Гэтую кнігу — пераклад рамана з ангельскай на беларускую Сяргея Шупы — Зміцер падарыў суддзі Андрэю Шыдлоўскаму. Але той адмовіўся ад падарунка, патлумачыўшы, што суддзям гэта забаронена, і што ён ўвогуле не чытае па-беларуску.