Журналіста Яўгена Меркіса выклікаюць у міліцыю «даць тлумачэнні»
Незалежны журналіст з Гомлю паведаміў, што яго выклікаюць у міліцыю.
Там Яўген Меркіс будзе вымушаны даць тлумачэнні наконт стрыму з‑пад гомельскага ізалятару часовага ўтрымання. Стрым, вядоўцам якога быў журналіст, трансляваўся 31 сакавіка на старонцы ў «Фэйсбуку» «Белсату». У той дзень вядомага гомельскага відэаблогера Максіма Філіповіча меліся выпусціць пасля адбыцця содняў, але так і не выпусцілі, бо за кратамі яму далі яшчэ адно пакаранне.
«Падобнымі дзеяннямі ўлады замест выпраўлення ўласных памылак і цяжкай сітуацыі ў нашай краіне толькі накаляюць абстаноўку і прыцягваюць увагу да таго бязладдзя, якое ў нас робіцца», – гаворыць Яўген Меркіс.
Таксама ён нагадаў, што цяпер «на соднях» знаходзяцца грамадскі і прафсаюзны дзяяч Андрэй Стрыжак і той самы відэаблогер Максім Філіповіч.
«Ну а нас – нас не спыніць, не стрымаць. Не пераключайцеся!» – дадае Яўген Меркіс.