Журналіста вінавацяць у працы без акрэдытацыі, тэлефон забралі “на экспертызу”
Незалежнага віцебскага журналіста Змітра Казакевіча вінавацяць у парушэнні заканадаўства аб СМІ паводле артыкула 22.9 КаАП. Доказы вінаватасці міліцыянты спадзяваліся знайсці ў тэлефоне Змітра Казакевіча, але той адмовіўся назваць пін-код.
3 лістапада ў судзе мусіў адбыцца працяг слухання адміністрацыйнай справы журналіста па абвінавачанні ў супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі. Напярэдадні яго выклікалі ў Першамайскі РАУС Віцебска і запатрабавалі ўключыць тэлефон, забраны міліцыянтамі яшчэ падчас апошняга затрымання 25 кастрычніка пасля акцыі мірнага пратэсту ў горадзе. Тады Казакевіча даставілі ў РАУС, склалі на яго адразу два пратаколы — за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі, адабралі мабільны тэлефон “для праверкі ў межах следчых дзеянняў”, а самога журналіста трое сутак да суда трымалі пад вартай.
— Відаць, меркавалі знайсці там доказы правапарушэння. Шукаць пачалі за дзень да суда: выклікалі мяне і папрасілі ўключыць тэлефон. Я ўключыў. “А далей?”, — спыталіся мііцыянты, убачыўшы, што ўваход абаронены пін-кодам. А далей я адмовіўся, — распавёў Зміцер у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”.
Паводле журналіста, міліцыянты заявілі яму, што аддадуць тэлефонны апарат на экспертызу, каб узламаць пін-код і пазнаёміцца са змесцівам карты памяці.
Зміцер Казакевіч не хавае фактаў супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат” у якасці журналіста-фрылансера, але ў міліцыі не хапіла доказаў для таго, каб яго прызналі парушальнікам падчас мінулага судовага працэсу 28 кастрычніка. Тады суддзя Міхаіл Юрчанка адправіў дакументы на дапрацоўку ў міліцыю, бо яны былі складзеныя непісьменна. Працяг працэсу меўся адбыцца 3 лістапада, але цяпер перанесены на нявызначаны тэрмін — пакуль у міліцыі не вырашыцца лёс тэлефона Змітра Казакевіча.