Журналіста Сяргея Сацука перавялі ў магілёўскую калонію і «ўзнагародзілі» статусам «экстрэміста»
Апошнімі днямі сілавыя структуры Беларусі ледзь не штодня абнаўляюць ведамасныя «чорныя спісы», дзясяткамі дадаючы туды рэпрэсаваных актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў. Пасля чарговага «апгрэйду» там аказаўся і заснавальнік папулярнай інтэрнэт-газеты «Ежедневник» Сяргея Сацук.
17 сакавіка Міністэрства ўнутраных спраў адкарэктавала «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Спіс «ворагаў рэжыму» папоўніўся адразу 31 прозвішчам, пад № 2538 (з агульных 2562 асобаў) цяпер значыцца адзін з самых вядомых беларускіх журналістаў-расследвальнікаў Сяргей Сацук.
10 лютага 2023 года Вярхоўны суд адхіліў апеляцыйную скаргу абароны палітвязня на прысуд, такім чынам пацвердзіўшы «апраўданасць» трох крымінальных артыкулаў, на падставе якіх Мінскі гарадскі суд асудзіў журналіста на 8 гадоў узмоцненага рэжыму:
-
ч. 2 арт. 426 — перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў;
-
ч. 2 арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці;
-
ч.2 арт. 430 — атрыманне хабару.
Да нядаўняга часу Сяргей Сацук утрымліваўся ў следчым ізалятары турмы № 4 у чаканні пераводу ў калонію. Сёння праваабаронцам стала вядома, што днямі яго этапавалі ў папраўчую ўстанову №15 Магілёва. Следам МУС Беларусі ўключыў вядомага журналіста ў пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сяргея Сацука затрымалі ў Мінску 8 снежня 2021 года, у той жа дзень рашэннем Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны доступ да сайта інтэрнэт-выдання ej.by («Ежедневник»). Спачатку яго абвінавацілі ў эканамічных «злачынствах” — «перавышэнні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў» (арт. 426 КК) і «атрыманні хабару» (арт. 430 КК), а ўжо за кратамі справу разбавілі палітыкай — «распальванне сацыяльнай варажнечы» (арт. 130 КК).
Праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем, паколькі відавочны элемент помсты: гэта адзін з самых вядомых у Беларусі расследавальнікаў, а яго матэрыялы прымушалі праваахоўнікаў ужо постфактум рэагаваць на факты карупцыі пад патранажам дзяржавы.
Летась 26 кастрычніка суддзя Мінскага гарадскога суда Святлана Бандарэнка на падставе згаданых раней крымінальных артыкулаў пакарала Сяргея Сацука 8 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у эквіваленце 16 тысяч рублёў.
Таксама суд абавязаў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы суму ў памеры 12 тысяч 384 рублёў. Дзеля забеспячэння выканання прысуду арыштавана маёмасць: аўтамабіль, ноўтбукі, планшэты, мабільныя тэлефоны ды іншыя электронныя прылады. На 5 гадоў пасля адбыцця пакарання ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў — гэта, сярод іншага, мае на ўвазе і статус «экстрэміста».
Паводле родных асуджанага, у журналіста сур’ёзныя праблемы з сэрцам, яму прапісаны пажыццёвы прыём адмысловых прэпаратаў, інакш могуць быць непажаданыя наступствы — за кратамі ўжо здарыўся прыступ мігацельнай арытміі.
Аднак працяглы час у лістах на волю палітвязень наракаў, што адміністрацыя магілёўскага ізалятара наўмысна не выдае яму лекі, атрыманыя ад сваякоў, хоць там цудоўна абазнаныя наконт медычных прадпісанняў. Толькі калі факт катаванняў стаў набыткам галоснасці, сітуацыя збольшага нармалізавалася.
Новы адрас для ліставанняў і пераводаў: ПК № 15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Сяргей Віктаравіч Сацук (на лістах пазначаць “карантын”).
Фінансава дапамагчы сям’і палітвязня можна праз збор на Bysol https://bysol.org/be/private/sergeisatsuk/.
Чытайце яшчэ:
Рэдактару «Інфа-Кур’ера» і яго намесніку прызначылі 15 сутак за непарадкаванне
«Без нацыянальнага прымірэння нам не захаваць незалежнасці Беларусі». Адкрыты ліст Іосіфа Сярэдзіча
Журналіста Сяргея Сацука перавялі ў магілёўскую калонію