Журналіста Свабоды Антона Трафімовіча ізноў забралі ў міліцыю, склалі пратакол за непадпарадкаваньне
Журналіста Радыё Свабода сёньня ізноў даставілі ў РУУС Заводзкага раёну ў Менску. На яго склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.
15 ліпеня Антона Трафімовіча брутальна затрымалі ў цэнтры Менску пасьля заканчэньня стрыму ад Цэнтарвыбаркаму, дзе сабраліся прыхільнікі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Невядомыя людзі ў цывільным зламалі яму нос пры затрыманьні.
На наступны дзень міліцыя патлумачыла, што журналіст аказваў супраціўленьне, а таму супраць яго прымянілі фізычную сілу.
«Падлога пада мной была ў крыві». Карэспандэнту Свабоды зламалі нос пры затрыманні
ГУВД Минска: Журналист Трофимович получил травмы «во время неповиновния» сотрудникам милиции
Трафімовіч лічыць, што справа супраць яго цалкам выдуманая. Міліцыя такім чынам спрабуе апраўдаць свой гвалт.
Сёньня раніцай журналіст ехаў здымаць пабоі ў судмэдэксэртызу. На вуліцы Кіжаватава да яго падышлі супрцоўнікі міліцыі, забралі тэлефон і зьвезьлі ў РУУС Заводзкага раёна.
«Мяне там яўна чакалі», — сказаў журналіст.
Ён патлумачыў, што раніцай яму званілі з Заводзкага РУУСу, прасілі, каб пад’ехаў на 10 хвілін. Але пра адміністрацыйны працэс інспэктар ня згадваў.
«Лічу, што мяне хацелі завабіць туды падманам», — сказаў Трафімовіч.
Журналіст Свабоды правёў каля двух гадзінаў у міліцыі, ён адмовіўся даваць паказаньні і не падпісаў пратаколы.
«Сказалі, што павязуць у суд, але адпусьцілі без тлумачэньняў. — сказаў ён. — Я ўпэўнены, гэта проста яшчэ адна спроба застрашыць мяне і іншых журналістаў».
Антон Трафімовіч падаў заяву ў Сьледчы камітэт, просіць распачаць крымінальную справу па артыкуле 198 Крымінальнага кодэксу — перашкода прафэсійнай дзейнасьці журналіста.
«Беларускія ўлады перад выбарамі 9 жніўня спрабуюць спыніць нашу журналісцкую працу і перашкодзіць аўдыторыі атрымліваць доступ да надзейных навінаў», — заявіла выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар пасьля шэрагу затрыманьняў журналістаў Свабоды.