• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста «Белсата» Стаса Івашкевіча аштрафавалі на 20 базавых за рэзанансны сюжэт пра вёску, якая тоне ў гноі

    «Белсатаўца» Станіслава Івашкевіча пакаралі штрафам у 20 базавых велічынь (420 рублёў) за сюжэт пра вёску пад Лідай, якая тоне ў гноі, што трапляе ў наваколле з мясцовага свінакомплексу.

    Сюжэт выйшаў у эфір напрыканцы чэрвеня і неўзабаве Івашкевічу даслалі позву з патрабаваннем зʼявіцца ў міліцыю для складання пратаколу. Журналіста абвінавацілі ў «незаконным распаўсюдзе прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 КоАП) і працы без акрэдытацыі.

    Сёння суддзя Лідскага раённага суду Сяргей Піпко прыняў рашэнне пакараць нашага калегу штрафам у памеры 20 базавых велічынь альбо 420 рублёў.

    «Тое, што пастанова будзе не на маю карысць, не стала сюрпрызам. Але трэба адзначыць, што Лідскі суд вынес мінімальнае магчымае пакаранне – штраф у 20 базавых. На маю думку, гэта можа сведчыць пра іх разуменне важнасці праблемы, паколькі яны самі жывуць у мясцінах, забруджаных тым свінакомплексам, пра які вядзецца ў рэпартажы. У тэлефонных размовах са мной і суддзя, і міліцыянт, які рыхтаваў справу, падкрэслівалі, што ня маюць пытанняў да праўдзівасці і важнасці матэрыялу, а выключна да фармальнага парушэння – працы без акрэдытацыі», – каментуе рашэнне суду Станіслаў Івашкевіч.

    Рэпартаж пра кепскія экалагічныя ўмовы ў вёсцы пад Лідай атрымаў рэзананс. Праўда, замест захадаў, якія спынілі б забруджванне навакольнага асяроддзя, улады вырашылі абвінаваціць журналіста.

    «Калі мы рабілі рэпартаж пра гэты свінакомплекс, мы звярнуліся ў лідскую інспекцыю аховы навакольнага асяроддзя і выехалі з імі на праверку. У нашай рэдакцыі ёсць дакумент з вынікам інспекцыі. Згодна з ім, канцэнтрацыя шкодных рэчываў у рацэ перавышае норму ў сотні разоў. Амонія-іона – у 260, а фасафат іона – у 300 разоў. Аднак судзяць сёння не кіраўніцтва свінакомплекса, а журналіста. А праблема з забруджваннем застаецца нявырашанай», – гаворыць Івашкевіч.

    Што ж тычыцца акрэдытацыі, то, паводле слоў журналіста, раней ён яе меў. Але пасля расследавання аб карупцыі ў Белэнерга дазвол на працу ў Беларусі Івашкевічу не працягнулі.

    «Нашай рэакцыяй на гэты ціск будзе яшчэ большая актывізацыя высілкаў у сваёй працы», – упэўнена кажа ён.

    Нагадаем, за 2017 год журналістаў і аператараў нашага тэлеканалу неаднаразова затрымлівалі, штрафавалі і нават каралі адміністратыўным арыштам. Самая распаўсюджаная прэтэнзія ўладаў да іх – праца без акрэдытацыі і нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

    Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП 2014–2017 гг.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці