Журналіста «Белсата» будуць судзіць за рэпартаж «Вёска ў Лідскім раёне тоне ў свіным гнаі»
Разгляд адміністрацыйнай справы журналіста «Белсата» Станіслава Івашкевіча адбудзецца ў судзе Лідскага раёна 24 жніўня.
Карэспандэнта вінавацяць у «парушэнні заканадаўства аб СМІ» (ч.2 арт. 22.9 КаАП), яму пагражае штраф у памеры да 50 базавых велічынь (1150 рублёў).
У дачыненні да Івашкевіча склалі адміністрацыйны пратакол за сюжэт «Вёска ў Лідскім раёне тоне ў свіным гнаі», які выйшаў у эфір у праграме «Аб’ектыў» 30 чэрвеня.
Раней Івашкевічу прыйшоў пазоў у РАУС Ліды, каб «азнаёміцца з матэрыяламі справы», але да міліцыянтаў журналіст так і не прыйшоў. Копіі адміністратыўнага пратаколу на руках ён дагэтуль не мае.
Станіслаў Івашкевіч чакае, што суд яго аштрафуе.
«Я разглядаю гэты суд у кантэксце агульнага пераследу сваіх калегаў-журналістаў, якім забараняюць займацца сваёй справай», — кажа ён у каментары «Белсату».
Івашкевіч нагадвае, што да нядаўняга часу ён меў акрэдытацыю МЗС, але некалькі месяцаў таму яе скасавалі. Журналіст звязвае гэта з выхадам матэрыялу аб карупцыі ў энергетычнай сферы ў Беларусі.
«У мяне была акрэдытацыя, але яе не прыцягнулі пасля таго, як у МЗС паступіла скарга ад Белэнерга. З гэтага можна зрабіць выснову, што калі журналісцкае расследаванне мае рэзананс, то ўлады, замест таго, каб нешта выпраўляць, пачынаюць узмацняць ціск на журналістаў», — адзначыў ён.