Журналіста Алеся Ляўчука зноў турбуе міліцыя
Разам з сям’ёй незалежны журналіст толькі паспеў вярнуцца дадому з адпачынку, як яго наведаў участковы інспектар Камянецкага РАУС Аляксандр Алпатаў.
Як распавёў Алесь Ляўчук, міліцыянт адмыслова прыехаў з Камянца ў Брэст, каб скласці на журналіста новы пратакол, бо ранейшы ўтрымліваў шмат памылак. Пры гэтым участковы інспектар заявіў, што звесткі пра вяртанне Ляўчука ў Беларусь ён атрымаў з памежнага камітэта.
Што тычыцца сутнасці складзенага ў дачыненні да брэсцкага сябра ГА “БАЖ” адміністрацыйнага пратакола, то справа тычыцца рэпартажу пра рэлігійны канфлікт у аграгарадку Белавежскі, які выйшаў у эфір тэлеканала “Белсат” напачатку чэрвеня.
– Я зноў напісаў, што не згодны з пратаколам, бо КДБ, міліцыя і суд парушаюць Канстытуцыю і закон аб СМІ, а таксама мае правы, – заявіў Алесь Ляўчук. Паводле яго словаў, міліцыянта больш турбавала, каб сутнасць размовы з журналістам не трапіла ў сродкі масавай інфармацыі.
Нагадаем, што паводле часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных парушэннях (а фактычна — за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”) Алеся Ляўчука ўпершыню пакаралі штрафам памерам 40 базавых велічынь (6 млн рублёў) напрыканцы 2014 года. Сёлета ў сакавіку брэсцкі фрылансер без запрашэння ў суд спачатку быў аштрафаваны на 21 базавую велічыню (3 млн 780 тыс. рублёў), а ў ліпені — яшчэ на 50 базавых велічынь (9 млн рублёў)