Журналіст Ганімат Західаў супраць Азербайджана — ЕСПЧ вынес рашэнне па справе
Рашэнне па справе журналіста і рэдактара азербайджанскай незалежнай газеты «Азадлыг» Ганімата Західава Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) вынес 16 траўня гэтага года. Пераслед журналіста з боку рэжыму Аліева быў прызнаны незаконным, паведамляе расійская служба RFI.
Акрамя таго, суд пастанавіў кампенсаваць Ганімату Західаву 1000 еўра выдаткаў на аплату адвакатаў.
«Шчыра кажучы, для мяне гэта нічога не азначае. Па-першае, вельмі позна [яно было прынята]. А, па-другое, рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека ў Азербайджане не выконваюцца», — пракаментаваў RFI рашэнне суда журналіст.
Справа, па якой вялося разбіральніцтва ў Страсбургскім судзе, мела дачыненне да падзей 17-гадовай даўніны. Праблемы ў рэдакцыі газеты «Азадлыг» (у перакладзе з азербайджанскага «Свабода») пачаліся пасля публікацыі ў лютым 2007 года артыкула пра махінацыі ў міністэрстве абароны Азербайджана.
У лістападзе 2007 года Ганімата Західава арыштавалі па надуманых абвінавачаннях і прыгаварылі да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Пасля памілавання прэзідэнтам у 2010‑м пераслед журналіста і яго сям’і працягнуўся.
У 2011 годзе Ганімат Західаў быў вымушаны эміграваць у Францыю, дзе выпускае праграму «Азербайджанскі час», якую транслюе спадарожнікавае тэлебачанне.
«У Азербайджане ўжо няма свабодных медыяў і свабоды слова. І гэта аднавіць магчыма ўжо толькі адным шляхам: калі змена ўлады будзе», — лічыць Ганімат Західаў.
Цяпер у Азербайджане працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў. Толькі за папярэднія шэсць месяцаў былі арыштаваны 10 прадстаўнікоў медыяў.