Журналіст: «Советская Белоруссия» скрала і перапісала мой артыкул. Звяртаюся ў суд
Газета Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі без дазволу перадрукавала артыкул Сяргея Харытонава з Rfrm.io і дадала некалькі сказаў у тэкст. Журналіст перакананы — парушаны аўтарскія правы, і спадзяецца на судовае рашэнне.
У артыкуле «Поместье стоимостью $1,875,000, купленное в США за деньги для развития образования в Беларуси» распавядаецца пра дом, набыццё якога, як піша аўтар, верагодна, аплочвалася за грошы, прызначаныя для развіцця вышэйшай адукацыі ў Беларусі.
Матэрыял з’явіўся на сайце Rfrm.io 4 чэрвеня, а ўжо 6 чэрвеня са зменамі быў надрукаваны ў «Советской Белоруссии».
— На сайце rfrm.io пазначана, што выкарыстоўваць матэрыялы сайта можна толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Дазволу ў нас ніхто не пытаўся. «Советская Белоруссия» надрукавала матэрыял #RFRM, дадала ад сябе дзіўных думак і высноў ды падпісала артыкул маім імем. Атрымліваецца, яны напісалі ад майго імя тое, пра што я не казаў. Я лічу, што гэта даволі дзіўны падыход да журналістыкі ад вядучай і многімі паважанай у Беларусі газеты, — расказаў Сяргей Харытонаў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
— Зараз мы вывучаем магчымасці падаць на «СБ» у суд. На самой справе, гэта не самамэта — кагосьці пакараць. Дарэчы, яшчэ з дзясятак беларускіх, балтыйскіх і расійскіх інтэрнэт-выданняў узялі гэты матэрыял без нашага дазволу. Мы хацелі б дамагчыся, каб беларускі медыйны рынак выконваў элементарныя правілы журналісцкай этыкі і павагі адзін да аднаго. Я зусім не супраць вырашыць гэты спрэчны момант падчас асабістай сустрэчы з галоўным рэдактарам «СБ» і ўжо запрасіў яго даць інтэрв’ю #RFRM, каб абмеркаваць гэтае і іншыя пытанні, якія цікавіць нашых чытачоў.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звярнулася па каментар датычна сітуацыі з перадрукам публікацыі без дазволу да першага намесніка галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии» Міхаіла Лябедзіка, аднак пакуль яго не атрымала.
Фота са згаданага матэрыялу