Журналіст «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык за кратамі ўжо 1000 дзён
21 жніўня спаўняецца роўна 1000 дзён з моманту затрымання журналіста «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка. Увечары 25 лістапада 2021 году Андрэй выйшаў з дому на невялікі велашпацыр, але каля пад’езду яго чакала група сілавікоў, якія завялі Андрэя назад у кватэру і зрабілі там ператрус.
На наступны пасьля затрыманьня дзень Андрэя Кузьнечыка асудзілі ў адміністрацыйнай справе на 10 дзён арышту, якія ён адбываў у ізалятары на Акрэсьціна. Пасьля іх завяршэньня прайшоў яшчэ адзін адміністрацыйны працэс з тым жа вынікам (10 дзён арышту). Андрэй Кузьнечык мусіў вызваліцца з Акрэсьціна 15 сьнежня 2021 году, але гэтага так і не адбылося. Праз тыдзень стала вядома, што Андрэя перавялі у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, дзе яму выставілі абвінавачаньні ў крымінальнай справе аб «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, альбо ўдзеле ў ім».
Разгляд справы Андрэя Кузьнечыка пачаўся 8 чэрвеня 2022 году ў Магілёўскім абласным судзе, увесь працэс заняў усяго адзін дзень. Судзьдзя Ігар Шведаў назваў Андрэя Кузьнечыка вінаватым і асудзіў на 6 гадоў пазбаўленьня волі, якія Андрэй адбывае ў Наваполацкай папраўчай калёніі № 1. Дома журналіста чакаюць жонка Алеся і дзеці — 4‑гадовы Мацьвей і 11-гадовая Яніна.
Праваабаронцая і журналісцкая супольнасьць Беларусі прызналі Андрэя Кузьнечыка палітвязьнем.
Другі асуджаны журналіст Свабоды, Ігар Лосік, знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году, ужо 1518 дзён.